Падробка, зробленая ў Польшчы. Як сфальсіфікавалі помнік юбілею Крэўскай уніі
У самым цэнтры Кракава стаіць помнік, прысвечаны 500-годдзю Крэўскай уніі. Па афіцыйнай версіі на ім адлюстраваны кароль Польшчы Уладзіслаў II Ягайла і яго жонка Ядзвіга. Аднак мала хто здагадваецца, што на гэтых фігурах скульптар зляпіў зусім іншых людзей.
У 1866 годзе польскі скульптар і рэстаўратар Томаш Оскар Сасноўскі стварыў помнік у гонар 900-годдзя хрышчэння Польшчы. Скульптура адлюстроўвала князя Мешка І і яго жонку Дубраўку – тых, з каго пачалася хрысціянізацыя ў краіне. Толькі помнік гэты мусіў паўстаць не ў Кракаве, а ў Ватыкане. Чакалася, што Папа Рымскі размесціць яго ў сваіх садах. Аднак скульптура з нейкіх прычынаў так і не даехала да яго, а проста заставалася ў Рыме, дзе ў тыя гады працаваў аўтар.
І вось у 1885 годзе, калі надыйшоў 500-гадовы юбілей Крэўскай уніі, узнікла неабходнасць у помніку для гэтай падзеі. Тады высветлілася, што Сасноўскі перавёз сваю працу ў Кракаў – у надзеі, што там для яе знойдуць месца. І не памыліўся! Гарадскія ўлады, не жадаючы выдаткоўваць сродкі на новы помнік, проста паставілі ўжо створаную скульпутуру, хоць і прысвечаную іншым людзям.
Фігуры на помніку не зусім адпавядаюць уяўленням аб Ягайле і Ядзвізе ні сваімі рысамі, ні адзеннем. Больш за тое, скульптура была ўсталяваная на год пазней за юбілейны, а на пастаменце, які выканаў польскі архтэктар Караль Кнаўс, выбіта памылковая дата падпісання уніі – 1386 замест 1385. Таму можна сказаць, што помнік прысвечаны насамрэч 501-й гадавіне заключэння саюзу паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Каралеўствам Польшчай.
Падтрымайце Kreva.Travel!