Крэўскі замак меў тры вежы? Сенсацыйнае адкрыццё на раскопках у мястэчку
Здавалася б, ну чаго яшчэ мы не ведаем пра Крэўскі замак? Як высветлілася падчас сёлетняй працы археолагаў – шмат чаго. Трэба было толькі падняць зямлю каля аднаго з муроў і звярнуць увагу на дэталі. Пра адкрыцці гэтага сезона мы распыталі кіраўніка даследванняў Алега Дзярновіча.
Археолагі, якія цяпер працуюць каля паўночна-усходняй сцяны замка, прыйшлі на гэтае месца невыпадкова. Яшчэ ў 2020 годзе тут выявілі рэшткі цаглянай муроўкі. Цэглу шмат стагоддзяў таму выкарыстоўвалі толькі ў самых адказных інжэнерных сітуацыях. Напрыклад, калі трэба было ўмацаваць аконныя праёмы, аркі праходу або куты. Цагляныя знакі падказалі спецыялістам, што там, дзе меўся быць каменны мур, насамрэч магла стаяць нейкая важная пабудова.
І здагадка знайшла пацвярджэнне. Больш за тое: прынесла адкрыццё! Археолагі заклалі разведвальную траншэю – і амаль адразу натыкнуліся на каменны падмурак каля сцяны.
– Якім было наша здзіўленне, што гэты падмурак апынуўся больш шырокім, чым мы планавалі. Пад звычайную мураванку хапіла б і метра. А тут падмурак пад два метры. Гэта правакуе новые версіі! Не будзем пакуль спяшацца з высновамі, але верагодная версія – тут магла знаходзіцца адна з вежаў Крэўскага замка! Невядомая раней. Можа быць, яна была ў такім спрошчаным фармаце пабудавана, на самым куце, і кут гэты быў вельмі даўно разбураны. Гіпатэтычна мы можам дапусціць, што аблога князя Свідрыгайлы мела поспех як раз у гэтым куце: яны прарваліся, і вежа тады магла быць знішчана, а пасля першай паловы XV стагоддзя ўжо больш не аднаўлялася, – кажа Алег Дзярновіч, навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, які кіруе археалагічнымі раскопкамі ў Крэва.
Ва ўнутранай прасторы пабудовы – якая магла быць вежай – знайшлі багата нервюрнай цэглы. Яе выкарыстоўвалі для будаўніцтва рэбраў скляпення. І гэтая нервюрная цэгла падобная да той, што была знойдзена ў Княскай вежы Крэўскага замка. Але быў выяўлены таксама новы, больш архаічны тып нэрвюрнай цэглы.
– На самой справе, гэта вельмі важнае назіранне для нас, даследчыкаў. Я б сказаў – нават адкрыццё, якое прымушае нас пераглядзець архітэктурную гісторыю Крэўскага замка! – заўважае Алег Дзярновіч.
Дагэтуль было вядома толькі пра дзве вежы Крэўскага замка: Княскую і вежу Вітаўта. Яны стаялі ў кутах замка і былі пабудаваныя на мяжы XIV і XV стагоддзяў. Папярэднія, яшчэ павярхоўныя знаходкі ўказваюць на тое, што мы ўяўлялі сабе замак не зусім такім, якім ён быў насамрэч.
Гэтае адкрыццё дадае даследчыкам яшчэ больш пытанняў. Напрыклад: хто будаваў скляпенні? У тыя часы іх мелі толькі вельмі важныя будынкі, ды й тое, у касцёлах яны пачалі з’яўляцца пазней – на мяжы XV – XVI стагоддзяў. Адкуль жа ўзяліся майстры, што пабудавалі скляпенне ў XIV стагоддзі? Да таго ж, на нашых землях мелі славу візантыйскія майстры, а тут – яўна гатычны стыль.
– Хутчэй за ўсё, я так мяркую, гэта былі ганзейскія майстры з Паўночнай Нямеччыны, якія перабраліся ў Рыгу і Каралявец. Яны ўзводзяць для нас такую пабудову, як Крэўскі данжон са скляпеннямі, – дзеліцца здагадкай навукоўца.
Каб сказаць дакладна, ці вежа гэта, хто яе пабудаваў і якую ролю ў замку яна выконвала, археолагам і гісторыкам трэба правесці грунтоўныя раскопкі. Але гэта ўжо ў наступным сезоне.
– Гэта толькі папярэднія даследванні, хоць яны самі па сабе цікавыя. Па вялікім рахунку, трэба ўскрываць усю плошчу гэтай пабудовы. На базе сёлетніх раскопак мы сфармулюем прапанову і будзем шукаць фінансаванне. Але гэтая гісторыя павінна мець развіццё! Калі гэта сапраўды вежа, то гэта перакрывае нашыя ранейшыя ўяўленні пра замак, – інтрыгуе Алег Дзярновіч.
Падтрымайце Kreva.Travel!