Гаршок з попелам, вышчарбленая лыжка ды парваны хамут. Адметнасці вяселляў у Крэве
Шлюб ва ўсе часы быў адной з важнейшых вехаў у жыцці чалавека. Таму і маладыя, і бацькі, і госці заўжды імкнуліся выканаць усе яго правілы, якія складваліся стагоддзямі. У наш час ад спрадвечных вясельных традыцый мала што засталося. Аднак яшчэ ў другой палове ХІХ стагоддзя ў Крэве гэты абрад меў свае адметнасці. Тагачасны крэўскі святар Дзяменцій Плаўскі занатаваў асаблівасці святкавання ў сваім гісторыка-этнаграфічным нарысе “Мястэчка Крэва”.
Як бралі шлюб
Напярэдадні вяселля нявеста павінна была быць выключна ветлівай да сустрэчных, каб яе ніхто “не ўрок, ці не пашкодзіў, ці не зрабіў чаго”. У царкве перад шлюбам свацця клала перад аналоем кусок хатняга палатна. У час вянчання ўсе старанна сачылі за тым, як гараць свечкі: калі хоць адна з іх гасла, гэта лічылася вельмі дрэннай прыкметай.
Калі выходзілі з храма, дружка зацягвала:
Хвала Богу, што папа (ксяндза) ашукалі,
Не дорага за шлюб далі:
За маладога –
Паўтара залатога,
За маладую –
Капейку залатую.
Як гулялі вяселле ў хатах нявесты і жаніха
Пасля вянчання госці ішлі ці ехалі ў дом бацькоў маладой. За сталом маладым давалася толькі адна лыжка, і яны карысталіся ёй па чарзе.
У хаце нявесты вяселле доўжылася два, тры, а то і чатыры дні. Пасля гэтага маладыя з гасцямі, забраўшы пасаг нявесты, ад’язджалі з песнямі і жартамі ў дом жаніха. Прынята было ехаць, а не ісці, нават калі дом жаніха знаходзіўся зусім недалёка.
Калі ўрачысты картэж набліжаўся да дома, на варотах ставілі гаршкі з попелам. І як толькі вазы пачыналі ўязджаць у падворак, гэтыя гаршкі разбівалі каламі. Ад стукату і ўтворанага пылу коні кідаліся прэч, несліся па вуліцы, што весяліла гасцей. Забава паўтаралася некалькі разоў, пакуль стомленая жывёла не пераставала звяртаць увагу на ўсю гэту мітусню. Дзяменцій Плаўскі выказвае думку, што такія гаршкі, напоўненыя попелам, атаясамліваліся з урнамі для праху, а іх біццё сімвалізавала наступнае: прэч ад нас тло і смутак, мы хочам жыць і радавацца!
Ля ўвахода ў дом жаніха шафер падаваў маладой лапату і памяло – прылады, якімі карысталіся пры выпечцы хлеба. Затым – іншыя рэчы з хатняй гаспадаркі. Пры гэтым маладая павінна была накрываць кожную рэч ці кавалкам палатна, ці хусткай. Пасля гэтага яе вялі ў хлеў паказваць скаціну. Маладая і яе мусіла накрываць. Акрамя ўсяго іншага, нявеста павінна была мець падарункі для бліжэйшых сваякоў жаніха. Багацейшыя дарылі даматканае палатно, паясы, хусткі, грошы, а больш бедныя – крэндзелі, арэхі, дробныя грошы.
Чаму нявесце клалі парваны хамут?
Яшчэ да Плаўскага ў нашай мясцовасці існаваў звычай саджаць нявесту перад шлюбам на перавернутую ўверх дном дзяжу. Дзяўчына добрых паводзін смела і спакойна сядала на яе. Пасля гэтага маладую віншавалі, упрыгожвалі кветкамі, на галаву ўскладалі вянок з руты. Калі ж за нявестай меліся грахі – яна не асмельвалася сядаць на дзяжу. Тады з яе кпілі, жаніх быў незадаволены, і вяселле магло парушыцца. Калі такая нявеста ўсё ж ішла да шлюбу, то пасля яго за сталом на куце клалі парваны хамут, а маладой у час абеду давалі вышчарбленую лыжку.
Падтрымайце Kreva.Travel!