Падземны ход ад Крэўскага замка: што кажуць легенды і навукоўцы
Легенда пра падземны ход ад Крэўскага замка жыве некалькі стагоддзяў. Яго працягласць ад замка да гарадзішча – гэта самае мінімальнае, што можа прапанаваць вам апавядальнік. Яшчэ можна пачуць, што тая падземная дарога вядзе ад Крэва ажно да Вільні! Больш разважлівы расказчык скароціць гэты шлях да Меднікаў або да Гальшанаў.
Адным з першых увагу на паданне пра падземны ход ад Крэўскага замка да гарадзішча звярнуў Рамуальд Зянькевіч. У пачатку 1840-ых гадоў даследчык наведваў Крэва. Тады мясцовыя жыхары расказвалі аб тым, што шырыня тунэля дазваляла адначасова ісці па яму бок у бок шасцёрцы коней. Сам Зянькевіч ніякіх прыкмет такога збудавання не выявіў. Аднак стала вядома, што яшчэ ў 20-30-ыя гады ХІХ стагоддзя местачковая дзетвара наведвала нейкае вялікае падзямелле пад замкам. Ісці далёка па падземным калідоры дзеці не адважыліся, бо баяліся цемры і холаду, што нёсся адтуль.
Акрамя Зянькевіча, да пытання пра магчымасць існавання нейкіх падземных збудаванняў пад замкам звярталіся іншыя даследчыкі ХІХ стагоддзя.
Адам Кіркор, напрыклад, сумняваўся, што тунэль мог злучаць замак менавіта з гарадзішчам. Ён лічыў, што гэтыя аб’екты функцыянавалі ў розныя часы, і сувязі паміж імі быць не магло. Тым не менш, ён зусім не адмаўляў існавання якіх-небудзь падземных збудаванняў пад гарадзішчам. На карысць гэтага меркавання нейкім чынам гаворыць і легенда пра царкву, якая стаяла на вяршыні гарадзішча, а потым правалілася пад зямлю, і звесткі пра глыбокую адтуліну, якую можна было бачыць там жа яшчэ ў ХІХ стагоддзі. Аднак паданняў пра зніклыя пад зямлёй пабудовы ўдосталь па ўсёй Беларусі, і нельга выключаць, што жыхары Крэва проста запазычылі гэтую гісторыю ад іншых. Ды і адтуліне той многія адводзяць ролю закінутага калодзежа, якім карысталіся на гарадзішчы ў старажытныя часы.
У існаванні грандыёзных падземных камунікацый сумняваўся і Антон Карэва, які даследаваў замак і гарадзішча ў другой палове XIX стагоддзя. Па-першае, ён не верыў у магчымасць такіх складаных будаўнічых работ ва ўмовах тых далёкіх часоў. Па-другое, пры аглядзе замка мясцовыя жыхары казалі яму пра падобныя хады, але ніхто з іх ніколі не мог паказаць месца, дзе яны знаходзіліся.
I ўсё ж даследчык не выключаў, што паданні, якія пераходзілі ад пакалення да пакалення, маглі мець пад сабой нейкую падставу. Сапраўды, падземныя хады існавалі ў некаторых замках, але памеры іх былі нязначнымі, і служылі яны для ажыццяўлення ў час небяспекі скрытага выхаду толькі некалькім асобам. Магчыма яшчэ, як лічыць Карэва, за падземныя хады прымалі патаемныя праходы ў сценах замка да месцаў зняволення.
У скарбонку фактаў на карысць існавання падземнага ходу некалькі звестак дадаў вядомы археолаг Фёдар Пакроўскі. У сваёй працы “Археалагічная карта Віленскай губерні” ён расказвае пра два выпадкі з Крэва.
Аднойчы жыхар Крэва Абрам Рубінштэйн капаў у паўсотні метраў ад замка піўны склеп і наткнуўся на падземнае збудаванне з цэглы. Калі ён прабіў у скляпенні адтуліну, з яе на працягу некалькіх гадзін з шумам вырывалася спёртае ўдушлівае паветра.
Іншым разам на падобнае цаглянае скляпенне натыкнуліся пры капанні склепа пад домам Нахмана Эпштэйна, ужо ў ста метрах у тым жа напрамку ад замка. Ненаўмысныя археолагі ў абодвух выпадках не адважыліся на далейшыя даследаванні, палічыўшы, што будзе лепшым, калі яны закапаюць знойдзенае і забудуцца аб сваім адкрыцці.
У наш час таксама былі выпадкі, калі мясцовыя жыхары натраплялі на рэшткі падземных збудаванняў недалёка ад замка. Яшчэ ў савецкія часы, калі на Багданаўскай рыхтавалі пляцоўку пад калгаснае зернесховішча, трактарыст Іван Трацяк з Чухнаў раскапаў экскаватарам штосьці падобнае.
У канцы 1990-ых недалёка ад таго месца капалі яму пад слуп для плота і таксама напароліся ў зямлі на цагляную муроўку.
Меркаванне Дзярновіча
Даследчык і навуковы кіраўнік аднаўленчых прац на Крэўскім замку Алег Дзярновіч скептычна ставіцца да існавання падземных хадоў у Крэве.
– Геалагічна-ландшафтныя характарыстыкі навакольнага асяроддзя не дазваляюць казаць пра існаванне ўстойлівай сістэмы падземных хадоў у старажытнасці. Сам замак быў пабудаваны ў балаціне, зыходзячы з абаронча-фартыфікацыйнай канцэпцыі таго часу, – заўважае гісторык. – Ход на Вільню тэхнічна немагчымы, але фальклорна рэальны. Пэўныя падставы для стварэння легендаў пра падземныя хады могуць існаваць – у ніжняй частцы заходняй і ўсходняй сценаў Крэўскага замка маюцца архітэктурныя дэталі, якія дазваляюць казаць пра запасныя выхады з замку. Праўдападобна, галоўнай іх функцыяй была водарэгуляцыя, дрэнаж. Але гэтыя дрэнажныя аркі цалкам маглі выкарыстоўваца і ў ролі запасных хадоў.
На думку Дзярновіча, малаверагоднай з’яўляецца і версія пра ход ад замка да гарадзішча.
– Два помнікі былі злучаны паміж сабой у ментальным сэнсе: даўнія жыхары Крэва маглі памятаць, што першапачаткова цэнтр паселішча знаходзіўся менавіта ў гарадзішчы, а пасля пабудовы замка менавіта ён стаў прыцягальным ядром.
Падтрымайце Kreva.Travel!