Турцыя, Касцюшкі, Пескавая. Малавядомыя назвы вуліц Крэва
Нягледзячы на войны, што не раз спусташалі Крэва, агульны план мястэчка стагоддзямі заставаўся ў цэлым нязменным. Мяняліся толькі назвы вуліц. Агулам за ўсе часы іх назбіралася каля двух дзясяткаў.
Першыя вуліцы пачалі тут пракладаць, калі цэнтр Крэва перамясціўся ад гарадзішча да замка, і вакол яго пачало зараджацца мястэчка. Як правіла, людзі сяліліся паабапал шляхоў, якія вялі ў іншыя мясцовасці. Створаныя такім чынам вуліцы атрымалі адпаведныя назвы: Смаргонская, Барунская, Багданаўская. Тая, што пралягла каля рэчкі, атрымала імя Зарэчнай. Вуліцу, што праходзіла каля самога замка, назвалі Замкавай. Іншая, якая вяла да залежаў гліны і жоўтага пяску, вельмі патрэбных для развіцця ганчарнага промыслу і будаўніцтва, атрымала імя Пескавой. Вуліца, дзе кампактна пражывала даволі вялікая абшчына татараў, мела назву Татарскай. Была ў Крэве і вуліца пад назвай Пруская. Плошча ў цэнтры мястэчка, дзе ладзіліся славутыя крэўскія кірмашы называлася Рынкавым пляцам альбо Рынкам. Некаторыя са старажылаў абазначаюць яго словам Места.
Усе пералічаныя назвы знаходзім у апісанні Крэва, зробленым яшчэ ў 1789 годзе.
Як называліся крэўскія вуліцы ў польскія часы
Пад сваімі першапачатковымі імёнамі вуліцы ў мястэчку праіснавалі да 20-х гадоў ХХ стагоддзя. Пасля Рыжскага міру нашы землі апынуліся ў складзе Польшчы. Палітыка паланізацыі, якую актыўна ладзіла новая ўлада, закранула і крэўскія вуліцы. Многія з іх атрымалі новыя імёны. Вуліца Барунская стала называцца Ашмянскай – у гонар павятовага цэнтра. Прускай было дадзена імя Касцюшкі. Смаргонскую назвалі імем тагачаснага лідара Польшчы Пілсудскага. Вуліца Багданаўская набыла імя Панятоўскага, а маленькая Пескавая стала называцца гучным імем Напалеона. Колішні Рынкавы пляц атрымаў назву 3-га Мая – такім чынам ушанавалі польскую Канстытуцыю 1791 года. Вуліцам Замкавай і Зарэчнай пашанцавала – яны захавалі свае назвы.
Савецкі перыяд
Надышоў верасень 1939 года. Заходняя Беларусь апынулася ў складзе СССР. На змену адной ідэалогіі прыйшла іншая. Вядома, у савецкай дзяржаве “панска-польскія” назвы вуліц не маглі існаваць. Здавалася б, ёсць шанец вярнуць ім першапачатковыя імёны. Часткова так і было зроблена: на карце Крэва ізноў з’явіліся Смаргонская і Багданаўская. Праўда, невялікі адрэзак апошняй нейкі час значыўся як вуліца Школьная. Колішняя Барунская, як і “за Польшчай”, працягвала называцца Ашмянскай. А вось ранейшая Татарская цяпер атрымала імя Дзяржынскага, а Касцюшкі, пабыўшы непрацяглы час Панарскай, стала Савецкай.
Пескавая некаторы час пасля вайны называлася Маладзечанскай, а пазней зусім згубіла сваю назву і пачала лічыцца часткай Зарэчнай. Падобны лёс напаткаў і Замкавую, якая таксама пазбавілася самастойнасці і ўвайшла ў склад вуліцы Дзяржынскага. Плошча 3-га Мая стала безназоўнай.
3 савецкімі назвамі працягваюць жыць крэўскія вуліцы і ў незалежнай Беларусі. За апошнія 10-15 год у мястэчку з’явілася некалькі ўчасткаў з новымі дамамі. Большасць з іх прыпісалі да тых вуліц, што ўжо існавалі. І толькі адзін шэраг будынкаў здабыў самастойную і немудрагелістую назву Новая. Праўда, гэтая вуліца налічвае ўсяго пяць дамоў і разбудоўвацца далей быццам бы не збіраецца.
“Народныя” назвы
Вуліца Зарэчная з’яўляецца адзінай вуліцай у Крэве, якая ніколі не мяняла сваёй назвы. Часам у вуснах тутэйшых старажылаў яна гучыць як Зарэцкая. Вядома, што раней такі варыянт ужываўся больш актыўна. У пасляваенны час яго выкарыстоўвалі нават на афіцыйных рускамоўных адрасных шыльдах і ў некаторых дакументах.
Вуліцы Багданаўскай у ранейшыя часы добра пасавала б клішэ “адміністрацыйны і дзелавы цэнтр”. Тут некалі знаходзіліся будынкі мясцовай адміністрацыі, многія гаспадарчыя, адукацыйныя, рэлігійныя, медычныя і гандлёвыя ўстановы. Яшчэ адной адметнасцю гэтай вуліцы з’яўляецца тое, што ў недалёкім мінулым да яе была далучана цэлая вёска – Камяніца. Той участак знаходзіцца за трасай Мінск-Вільня. Для яго абазначэння крэўскімі ўжываецца не толькі назва колішняй вёскі, але і жартаўлівая тапаграфічная мянушка Турцыя.
Крэўскую вуліцу Савецкую мала хто так называе. Яшчэ ў 1970-ыя гады многія старажылы ўжывалі яе першапачатковую назву – Пруская. Сёння для большасці мясцовых гэта Радзівонка (або Радзівонаўка). Кажуць, такую назву мела вёска, якая пазней злілася з Крэвам. У пачатку ХХ стагоддзя Савецкая вуліца нібы была Мікалаеўскай. Аднак дакументальнага пацвярджэння гэтаму пакуль не знойдзена.
Падтрымайце Kreva.Travel!