Як жыхары Крэва адстойвалі сваю незалежнасць у расійскім Сенаце
5 кастрычніка 1844 года жыхары Крэва прад’явілі расійскаму Сенату пазоў аб вяртанні мястэчку статуса горада. Таксама патрабавалася вярнуць правы і прывілеі мяшчан з прадстаўленнем ім на праве гарадской маёмасці зямель, сенажацей, лесу і іншых угоддзяў, якімі раней крэўская грамада валодала.
Павераны ад імя мясцовых даводзіў Сенату, што мястэчка Крэва са старажытных часоў было горадам, а яго жыхары – мяшчанамі. Гэты статус гарантаваўся прывілеямі польскіх каралёў 1601, 1602 і 1634 гадоў. Крэўскія валодалі падараванымі землямі, мелі свой магістрат і карысталіся магдэбургскім правам. І хоць пазней з-за пажараў і іншых няшчасных здарэнняў горад збяднеў і пазбавіўся прывілеяў, у 1792 годзе граматай караля Станіслава Аўгуста ранейшыя правы ўсё ж нібыта былі вернуты. І нават пасля далучэння краю да Расіі, жыхары Крэва да 1816 года згодна з імяннымі спісамі насельніцтва 1795 і 1811 гадоў лічыліся мяшчанамі. Пераведзеныя пазней у разрад сялян, у 1834 годзе яны хадайнічалі перад губернскай камісіяй па гарадскіх прыбытках аб вяртанні былых правоў. Тая нібыта іх пацвердзіла. Аднак ніякіх зрухаў не адбылося, і ў 1844 годзе жыхары Крэва вымушаны былі звярнуцца ў Сенат.
Разгляд справы цягнуўся цэлых дзесяць год. Згодна з высновамі чыноўнікаў, усе прадстаўленыя павераным доказы хоць і з’яўляліся сапраўднымі, аднак яны мелі сілу толькі да часу, пакуль край не быў далучаны да Расіі, і пакуль не былі адменены мясцовыя законы. Пазоў так і застаўся незадаволеным.
Ці мелі падставу патрабаванні жыхароў Крэва?
Існуе распаўсюджаная версія, што Крэва атрымала магдэбургскае права 7 красавіка 1559 года. Аднак гэта ўсё ж толькі дата першай вядомай нам згадкі пра яго магчымае існаванне.
Даследчык Аляксандр Доўнар называе два дакументы, дзе ёсць намёк на крэўскую магдэбургію. Адзін з іх – пасведчанне канцлера ВКЛ Аляксандра Сапегі крэўскім мяшчанам аб прадстаўленні яму старажытных дакументаў горада Крэва ад 8 мая 1792 года. Ён захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі. Другі – справа аб куплі-продажы маёмасці ад 7 красавіка 1559 года, згадка пра якую сустракаецца ў пасведчанні ў пераліку прадстаўленых канцлеру дакументаў. Якраз у гэтай справе нібыта ёсць спасылка на акт крэўскай магдэбургіі, аднак месца захоўвання яе зараз невядома.
Сам дакумент з указам караля ці вялікага князя аб наданні Крэву магдэбургскага права да гэтага часу не выяўлены. У спісе гарадоў і мястэчкаў Рэчы Паспалітай, якія на працягу 1791 і 1792 гадоў атрымлівалі пацверджанне сваёй магдэбургіі, яно таксама адсутнічае. Літоўскі даследчык Эдмундас Рымша наогул сцвярджае, што Крэва было ў шэрагу тых нешматлікіх гарадоў Літвы, якія стварылі інстытут самакіравання самастойна, не дачакаўшыся прывілея ад вялікага князя ці караля.
Як бы там не было, але ўсімі атрыбутамі, уласцівымі гораду з магдэбургскім правам, Крэва ўсё ж карысталася. У мястэчку меліся свае войт, бурмістр, гмінны, радцы, лаўнікі, пісары. Гэта пацвярджае мандат-пасведчанне крэўскіх мяшчан сваім дэлегатам у Вільню па пытанні вырашэння праблем горада Крэва ад 1 лістапада 1794 года. З іншых крыніц вядома, што Крэва карысталася ўласным гарадскім гербам Ляліва.
Стасункі с суседзямі
У архіве краязнаўцы Пятра Грынкевіча сустрэлася інфармацыя пра складаныя стасункі паміж жыхарамі Крэва і ўладальнікамі навакольных маёнткаў незадоўга да Першай сусветнай вайны.
Паводле гісторыка, у мінулыя часы крэўскія валодалі правамі і званнем гараджан, мелі свае абшчынныя землі, пашу, млыны і іншую маёмасць. Усе ільготы былі запісаны ў спецыяльнай кнізе, якая называлася Прывілеем і захоўвалася ў крэўскім валасным праўленні.
Па звестках даследчыка, у 1913 годзе крэўскія вярнулі сабе званне мяшчан, а таксама ўсе прывілеі і маёмасць, якімі некалі карысталіся іх продкі.
У гэты ж час дробныя памешчыкі, землі якіх межавалі з Крэвам, змовіліся знішчыць Прывілей. Такім шляхам яны мелі намер урэзаць правы крэўскіх мяшчан і прыбраць да сваіх рук абшчынную маёмасць. Адзін з іх, пан Александровіч з Тамасоўкі, звярнуўся ў валасную Управу з просьбай прадставіць яму тую кнігу на нейкі час для азнаямлення. Не падазраючы нічога кепскага, просьбу задаволілі. Толькі вяртаць старажытны дакумент памешчык не збіраўся. Хутка пасля гэтага ён і яго хаўруснікі пачалі прысвойваць абшчынныя землі, падкупляючы валасное кіраўніцтва гарэлкай.
Падтрымайце Kreva.Travel!