Эвалюцыя крэўскіх бліндажоў: ад агнявых пунктаў да кінатэатра

30 студзеня 2023
бліндажы
Многія блідажы у ваколіцах Крэва пераўтварыліся ў звалкі смецця, а падыходы да іх пазарасталі. Фота: Сяргей Гапон

У Крэве і ваколіцах з часоў Першай сусветнай вайны захавалася мноства нямецкіх збудаванняў з бетону. Умацаванні рускіх былі з дрэва, таму да нашага часу яны не дайшлі. Спачатку і ў немцаў яны былі драўлянымі. Але калі стала зразумелым, што лінія фронту спынілася ў нашых краях надоўга, тыя пачалі ўзводзіць больш дасканалыя і трывалыя аб’екты. Асабліва іх колькасць і якасць пачалі расці, калі да немцаў данесліся чуткі аб запланаванай рускімі на лета 1917 года наступальнай аперацыі.

Здзіўляе архітэктурная разнастайнасць гэтых збудаванняў. Трапляюцца і аднатыпныя, але большасць з іх мае свой адметны вонкавы і ўнутраны выгляд. У асноўным яны размяшчаюцца групамі, але бываюць і такія, што стаяць адасоблена. Адны поўнасцю схаваныя ў зямлі, іншыя ж у той ці іншай ступені выступаюць над яе паверхняй. Некаторыя, нават невялікія па памерах, маюць па два ці больш выхадаў – відаць, на выпадак завалу аднаго з іх у выніку артылерыйскіх абстрэлаў. Ёсць і іншыя праёмы ў сценах. Адны служаць для вядзення стральбы, іншыя – для асвятлення памяшкання.

Столь і сцены многіх бліндажоў узмоцнены сагнутымі дугой гафрыраванымі жалезнымі лістамі. Пры будаўніцтве гэтых аб’ектаў яны служылі апалубкай для заліўкі бетону, а пасля надавалі трываласці пабудове і абаранялі байцоў ад бетонных аскепкаў са сцен, якія маглі ўтварацца пры выбухах.

Што было ў бліндажах

Спектр прызначэння бліндажоў быў вельмі шырокі: сховішчы, назіральныя пункты, агнявыя кропкі, камандныя і медычныя пункты, склады боепрыпасаў і г.д.

Ва ўрочышчы Катлоўка, што крыху на поўнач ад цэнтра Крэва за вуліцай Савецкай, бліндажоў некалькі. Найбольшую цікавасць выклікае самы аграмадны сярод іх, памерамі 5х9,5 метраў. Яго адметнай асаблівасцю з’яўляецца прамавугольная адтуліна 120х100 см у тоўстай паўцыркулярнай столі. У месцах злучэння сцен з долам з абодвух бакоў маюцца прамавугольныя выступы, якія можна прыняць за сядзенні. Уваходам у пабудову служыць арка, справа ад яе размяшчаецца невялікая прыбудова, амаль квадратная ў плане, з двума вокнамі.

бліндаж у Катлоўцы
Фота: Уладзімір Багданаў

Да нядаўняга часу перад гэтым бліндажом можна было назіраць даволі вялікую роўную пляцоўку, якая ў народзе называлася Аэрадромам (таксама можна пачуць варыянт Лядром). Па гэтай прычыне многія з мясцовых звязвалі з тапонімам і верагоднае прызначэнне збудавання: меркавалася, што гэта быў або ангар для самалёта, або майстэрня па абслугоўванню падобных апаратаў. Даследчык Аляксей Друпаў лічыць, што апісанае збудаванне выкарыстоўвалася ў якасці пражэктарнага бункера. Гэтую версію пацвярджае таксама адмысловы маркер “пражэктар” на схеме баявых дзеянняў тых часоў, які прыпадае якраз на месца размяшчэння бліндажа. Больш таго, у калекцыі Уладзіміра Багданава знайшліся здымкі, на якіх бачны не толькі бліндаж, але і сам пражэктар.

бліндаж у Катлоўцы
Пражэктарны бункер у гады Першай сусветнай вайны. Здымак з калекцыі Уладзіміра Багданава

Ва ўрочышчы Бабін Лог захавалася бетоннае збудаванне, конусападобная столь якога ад увахода апускаецца да зямлі. Лічыцца, што гэта спуск у колішні падземны ход. Сапраўды, гэтая версія мае права на існаванне. Калі ісці адсюль па паверхні зямлі ўздоўж першай лініі нямецкай абароны ў бок Смаргоні, то праз пэўную адлегласць адзін ад другога будуць трапляцца аднатыпныя абкладзеныя бетонам прамавугольныя яміны, якія нагадваюць калодзежы. Магчыма, – гэта якраз дэталі той сістэмы хадоў пад зямлёй, якія служылі запаснымі выхадамі з падзямелляў на выпадак, калі ход засыпала, а таксама для лепшай вентыляцыі пад зямлёй. Больш таго, пра наяўнасць лёхаў гавораць і правалы ў зямлі, якія часам утвараюцца на лініі паміж згаданымі калодзежамі. Людзі старэйшага пакалення расказвалі, што пасля вайны бывалі ў тых падзямеллях.

першая сусветная вайна
Нямецкія вайскоўцы святкуюць Раство ў бліндажы, 1916 год. Фота з калекцыі Уладзіміра Багданава

Ва ўрочышчы Бучына адзін з іх аснашчаны “вадаправодам”, які дзейнічаў да нядаўняга часу. Бліндаж пабудавалі на месцы, дзе з-пад зямлі біла крынічка. Немцы не сталі яе засыпаць, а стварылі ўнутры сваёй пабудовы невялічкі калодзеж. Карысталіся самі, а пасля вайны тая крынічка ратавала ад летняй спякоты пастухоў, грыбнікоў і ягаднікаў.

Бліндажная графіка

Цікавым элементам многіх бліндажоў з’яўляюцца надпісы на фасадах ці на сценах унутры.

Групу бетонных збудаванняў з надпісамі можна назіраць пры дарозе на Чухны з боку крэўскай Багданаўскай вуліцы. На адным з іх выбіта прыгожым шрыфтам Schußsicher (сховішча ад абстрэлу). У астатніх надпісах знаходзім інфармацыю пра вайсковае падраздзяленне, якому належалі бліндажы.

Ці не найбліжэйшым да Крэва бліндажамі з надпісамі будуць тыя, што знаходзяцца ў Бабіным Лозе і Катлоўцы. Некаторыя з іх змяшчаюць інфармацыю не толькі аб падраздзяленні ці разліку, якому яны належалі, але і аб даце пабудовы.

На адным з бліндажоў пад Алешышкамі, якія ў нас называюцца Чырвонымі, сярод іншых вылучаецца той, які мае над уваходам невялікі барэльеф у выглядзе шчыта з надпісам Henky’s Stollen.

бліндажы
Барэльеф на адным з бліндажоў пад Алешышкамі. Фота: Сяргей Гапон

Крыж на шчыце дае падставы меркаваць, што тут знаходзілася вайсковая лячэбная ўстанова. Хутчэй за ўсё, так яно і было, бо ў гісторыі 379-га стралковага палка, які тут стаяў, маецца згадка пра яе. Больш таго, прозвішча палкавога ваеннага ўрача сапраўды было Henky, як на тым барэльефе. 

Цікавасць выклікаюць таксама і графіці часоў міжваення на аб’ектах Першай сусветнай вайны. Польскі ўрад перадаў нямецкія ўмацаванні ў распараджэнне свайго ваеннага міністэрства. Ваеннымі і былі зроблены надпісы, што прысутнічаюць на сценах некаторых бліндажоў: Вайсковая ўласнасць. Разбіраць забаронена!

бліндажы
Нямецкія фартыфікацыйныя збудаванні пасля Першай сусветнай вайны перайшлі ва ўласнаць польскага ваеннага міністэрства. Фота: Сяргей Гапон

Умацаванні меркавалася выкарыстоўваць ў час магчымых баявых дзеянняў у будучым. Так яно і атрымалася: у гады Другой сусветнай вайны нямецкія бліндажы вельмі згадзіліся падпольным фарміраванням польскай Арміі Краёвай у барацьбе з тымі ж немцамі.

У канцы акупацыі, прадчуваючы баі за вызваленне мястэчка, некаторыя з яго жыхароў размясціліся ў бліндажах, каб за тоўшчай іх сцен перачакаць страляніну і выбухі. 

Як выкарыстоўваюцца бліндажы ў мірны час

Пасля Другой сусветнай вайны многія гаспадары выкарыстоўвалі бліндажы, асабліва блізкія да дому, для сваіх гаспадарчых патрэб – рабілі ў іх скляпы, хлеўчукі, склады і нават міні-бровары. Знаходзілі прымяненне і знятаму са столі і сцен гафрыраванаму жалезу. Адны здавалі яго на металалом, іншыя прыстасоўвалі для гаспадаркі.

бліндажы
Дэталі нямецкіх бліндажоў у наш час служаць паўнавартаснымі гаспадарчымі пабудовамі. Фота: Сяргей Гапон

Выкарыстоўваліся колішнія вайсковыя аб’екты таксама мясцовай дзятвой дзеля забаў. Прычым, не толькі пры гульнях у вайну. Да прыкладу, дзесьці ў пачатку 1960-ых адзін з бліндажоў у Бабіным Лозе дзеці выкарыстоўвалі ў якасці кінатэатра. Адзін з падлеткаў арганізаваў там сваю “справу” – круціў для меншых дыяфільмы, карыстаючыся самаробным фільмаскопам. Збіраючы з гледачоў па некалькі капеек за сеанс, грошай хапала на кіно ў “дарослым” клубе не толькі для “кіншчыка”, але і для яго сяброў-равеснікаў.

Яшчэ адзін бліндаж у тым жа Бабіным Лозе выкарыстоўваўся дзятвой у якасці лазні. І карысталіся ёй не толькі самі дзеці, але і дарослыя. І таксама за невялікую плату.

Была там і “школа”, дзе самі яшчэ не зусім пісьменныя “настаўніцы” гулялі ў класы з тымі, хто не мог дачакацца школьнага ўзросту. Праўда, прыбытку з гэтага, у параўнанні з уладальнікамі кінатэатра і лазні, яны не мелі – “адукацыя” была бясплатнай.

Прасторны бліндаж ва ўрочышчы Катлоўка заўжды быў любімым месцам адпачынку крэўскай моладзі: тут можна было схавацца ад дажджу, а вялікая квадратная адтуліна ў столі дазваляла распальваць вогнішча ўнутры бетоннай пабудовы. У ноч з 6 на 7 ліпеня 2010 года падчас святкавання Купалля ад выбуху снарада тут загінуў 17-гадовы хлопец.

Арт-інсталяцыя на ўзбярэжжы Паўночнага мора
Брытанскі скульптар Біл Вудроў у 1995 годзе пераўтварыў у сілуэты мулаў восем бліндажоў, якія захаваліся на дацкім узбярэжжы Паўночнага мора з часоў Другой сусветнай вайны. Гэтыя жывёлы бясплодныя, і так сімвалічна аўтар паспрабаваў сказаць, што жахі вайны не павінны паўтарацца. Фота: Сяргей Гапон

У нашы дні крэўскія бліндажы рэдка выкарыстоўваюцца нават для экскурсій. Многія з гэтых пабудоў пераўтвораны ў звалкі смецця. Пад’езды і падыходы да большасці з іх пазарасталі.

Падтрымайце Kreva.Travel!