Што пісаў пра Крэва расстраляны паэт Мойшэ Кульбак
З 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў Менску былі расстраляныя больш за сто чалавек самых розных прафесій, сярод якіх шмат прадстаўнікоў творчай эліты. Ляжыць у Курапацкім лесе і народжаны ў Смаргоні геніяльны паэт Мойшэ Кульбак.
Пра літаратара і яго сувязь з Крэвам піша Вольга Бабкова, беларуская гісторык і літаратарка, якой палюбіліся нашыя мясціны.
Ці бывае так, каб мейсца, у якім няма тваёй блізкай радні і нават далёкіх каранёў, прыхінулася шчыльна, ды не збіраецца адпускаць. Бывае. Так здарылася са мной. Чым далей рушыць час, тым больш адкрыццяў дорыць крэўская зямля. Некаторыя з іх спазнаюцца спакваля, а некаторыя складана абмінуць нават на звычайнай дарозе. Усё, што трапляе на вока – пагоркі, травы, валуны, буслянкі, ветракі, крыжы, утульныя прысады каля школы, а таксама ветлівыя дзеці на прыступках крамы “Рагнеда” – поўняць жывой энергіей. Яна тут адмысловая, крэўская. І таленты людзей, якія нарадзіліся ды гадаваліся тут і ў блізкім наваколлі, – глыбокія, гаючыя, містычныя. Хочацца згадаць імёны ўлюбёных літаратараў, дар якіх разглядаю ўпісаным у гэтыя ландшафты: Мойшэ Кульбак і Таццяна Скарынкіна са Смаргоні, Уладзімір Някляеў з Крэва, Таццяна Сапач з Маркава.
Хто такі Мойшэ Кульбак
Кульбак пісаў на ідыш, вучыўся ў Свянцянах, Валожыне, Міры. Настаўнічаў у Коўна і Смаргоні. Жыў у Еўропе. Любіў Беларусь. У Вільні, дзе пражыў пяць гадоў, лічыўся самым улюбёным габрэйскім паэтам. Менавіта там у 1927 годзе Мойшэ Кульбак атрымаў пасаду старшыні сусветнага ідышскага ПЭН-клуба. Надзвычай высокая пасада ў літаратурным свеце. Да таго часу ім былі ўжо напісаныя раманы “Месія з роду Эфраіма” і “Панядзелак”.
У 1928-ым Кульбак назаўсёды пераехаў у беларуска-габрэйскі савецкі Менск. Тут дзейнічалі габрэйскія школы і рэдакцыі газет, працавалі некалькі тэатраў, дзе са сцэны гучаў ідыш, які быў адной з дзяржаўных моў у БССР. Але цень бальшавіцкага тэрору ўжо пачаў насоўвацца на ўсе праявы культурніцкага жыцця – і беларускага, і габрэйскага. Жорскія абцугі сціскаліся на горле ўсяго вартага і жывога. У 1934-ым у НКВД на Кульбака была складзена папера: “Прибыл нелегально из Польши, где состоял заместителем председателя национал-фашистской еврейской организации” – “вораг народа”.
У 1937 годзе, апошнім годзе жыцця Кульбака, у менскім габрэйскім тэатры была пастаўлена яго п’еса “Разбойнік Бойтра”. У недалёкай ад Крэва Вільні на вуліцы Кармелітаў 5, дзе ў 1926-1928 гадах жыў Мойшэ Кульбак, вісіць памятная дошка ў гонар нашага земляка.
Крэўскі князь у паэме “Райсн”
Па смаргонска-крэўскім наваколлі, па гэтым “краі свету”, самотна (дасюль, бо як інакш?) блукаюць 36 кульбакаўскіх ламэдвоўнікаў з бярозавымі кіямі ў руках. Тыя самыя схаваныя праведнікі, дзякуючы існаванню якіх, паводле габрэйскай містычнай традыцыі, Бог уратуе свет, нават калі ўсё астатняе чалавецтва патоне ў грахах.
Біблейная эпічнасць і простыя зямныя матывы – усё ёсць у творчасці Кульбака. І, вядома, згадка пра Крэва. У адным з раздзелаў паэмы “Райсн” літаратар пераказвае гісторыю, якая здарылася ў Крэўскім замку з князем і яго дочкамі.
Даследчык і перакладчык літаратурнай спадчыны Кульбака Сяргей Шупа мяркуе, што гісторыя прыдуманая, і няма канкрэтных крыніц, з якіх аўтар бы ўзяў гэты сюжэт.
– Стварыць паэтычны свет краіны Райсн (назва тэрыторыі пражывання яўрэяў на нашых землях – рэд.) Кульбак задумаў на чужыне, калі ён на некалькі гадоў пакінуў родны край. У Берліне, у 1921 годзе, у яго раптам абудзілася вострая настальгія, якая дала яму натхненне напісаць самыя свае райснскія (ці беларускія) творы, – распавядае суразмоўца.
Вершаваную інтэрпрэтацыю паэмы падрыхтаваў Андрэй Хадановіч.
Гэй, гэй,
Грай, Антоша-салавей,
Нам гучней,
Не шкадуй сваёй бандуры,
Шуры-буры-муры-туры,
Весялей,
Гэй, гэй!
Князь у Крэве быў сівенькі,
Быццам лунь,
Быццам лунь,
Дзьвюх дачок расьціў у замку,
Дзьвюх красунь,
Дзьвюх красунь.
Ды служыў на стайні чмут,
Ветрагон Зьмітрок Бядуля
Па мянушцы Шалапут.
Гэй, гэй,
Грай, Антоша-салавей,
Нам гучней,
Не шкадуй сваёй бандуры,
Шуры-буры-муры-туры,
Весялей,
Гэй, гэй!
Тут вясна прыйшла ў адведкі,
Родзіць кветкі і лісткі,
Завяліся ў птушкі дзеткі
І ў сабачкі шчанюкі,
У хляве — цяля вясновае,
Ёсьць і ў замку нешта новае:
Тая ж доля — дзякуй ёй!
Хутка прынясе ў падоле
Князю кожная дачка —
Байстручка…
Аёй-аёй…
Гэй, гэй,
Грай, Антоша-салавей,
Нам гучней,
Не шкадуй сваёй бандуры,
Шуры-буры-муры-туры,
Весялей,
Гэй, гэй!
Князь камандуе: “Па конях!”,
Цягне з похваў меч стары,
І ў Вялейцы ды Смургонях,
Дзятлаве і Мазыры —
Вершнікі яго, карэты,
Пасланцы ды эстафэты
Абшукалі кожны кут,
Толькі цуд —
Зьнік няўлоўны Шалапут!..
Гэй, гэй,
Грай, Антоша-салавей,
Нам гучней,
Не шкадуй сваёй бандуры,
Шуры-буры-муры-туры,
Весялей,
Гэй, гэй!
У лясох пад Крывічамі
Затаіўся Шалапут,
А сівенькі князь начамі —
Там і тут,
Там і тут.
Конь і вершнік, нібы здані,
Мчаць у рыцарскай красе,
І ад рэха паляваньня
Ўсіх трасе,
Ўсіх трасе…
Гэй, гэй,
Грай, Антоша-салавей,
Нам гучней,
Не шкадуй сваёй бандуры,
Шуры-буры-муры-туры,
Весялей,
Гэй, гэй!
Ужо ў наш час гурт Litvakus напісаў музыку да арыгінальнага фрагменту твора.
Падтрымайце Kreva.Travel!