Крэўскія фантазіі інжынера-архітэктара Камараўскаса
Сярод багатай спадчыны літоўскага мастака Ёзаса Камараўскаса ёсць некалькі прац, прысвечаных Крэўскаму замку. Захоўваюцца яны ў Літоўскім мастацкім музеі.
З’яўляючыся архітэктарам па адукацыі, большасць сваіх мастацкіх прац з архітэктурнымі аб’ектамі Камараўскас выконвае з вялікай дакладнасцю, правільна перадае формы і прапорцыі, старанна прамалёўвае дэталі. Але здаралася, асабліва калі помнік быў добра патрапаны часам, мастаку з дапамогай уяўлення прыходзілася аднаўляць яго магчымыя першапачатковыя формы. І нярэдка бывае цяжка вызначыць, якія з фантазій мастака знаходзяцца ў ладзе з рэальнасцю, а якія пакінулі яе межы.
Што не так з Крэўскім замкам
Не пазбаўлены мастацкай выдумкі і малюнкі Камараўскаса з крэўскай серыі. На адным з лістоў прадстаўлены два віды Княжацкай вежы ў руінах, на астатніх – разнастайныя варыянты мастацкай рэканструкцыі замка. Кідаюцца ў вочы некаторыя фактычныя памылкі (няправільныя прапорцыі, адвольная колькасць вокнаў у Княскай вежы і г.д.), але ў цэлым працы пакідаюць глыбокае ўражанне.
Разглядаючы па чарзе усе гэтыя малюнкі, нібы губляешся ў часе. Возьмем тыя ж рэканструкцыі. Замак на іх прадстаўлены з розных бакоў, паказаны розныя магчымыя варыянты забудовы замкавага двара і завяршэння галоўнай вежы. Але тут цяжка сказаць, прадстаўляе мастак гледачу сваё бачанне Крэўскага замка мінулых часоў, калі ён быў толькі пабудаваны, альбо гэта яго мажлівы выгляд у будучыні, пасля аднаўлення.
А цяпер кінем вокам на ліст з Княскай вежай. На першы погляд – гэта дзве замалёўкі з натуры. Але прыгледзеўшыся, заўважаеш, што і тут усё адлюстравана з пэўным зрухам у часе. Верхні малюнак адсылае гледача ў недалёкае мінулае. На ім прадстаўлена вежа, якая ўжо зведала горыч разбурэнняў, але стан яе яшчэ не такі гаротны, якім ён быў на час малявання.
Малюнак знізу – таксама нібы не з канца ХІХ стагоддзя, калі рабіліся замалёўкі. Дзіўная рэч, але гэта больш падобна на той стан, у якім вежа апынецца пасля знішчальных баёў Першай сусветнай вайны, да якой яшчэ чвэрць стагоддзя. Містыка, ды і толькі!
Як склаўся лёс мастака
Жыццё мастака – гэта таксама ў нейкім сэнсе калейдаскоп бадзянняў у часе і прасторы. Працаваў ён быццам бы на будучыню – быў інжынерам-архітэктарам. Захапляўся ж даўніной і яе помнікамі – у яго творчай скарбонцы налічваецца каля 4000 прац жывапісу і графікі, на якіх адлюстравана багатая архітэктурная спадчына краю, у якім ён правёў большую частку жыцця. Займаўся Камараўскас і рэстаўрацыяй старадаўніх абразоў.
Павандраваць у прасторы мастаку давялося таксама нямала. Нарадзіўся ў 1874 годзе ў Шырвінтскай воласці каля Вільні ў сялянскай сям’і. Гімназічныя гады правёў у Нежыне на Чарнігаўшчыне. Затым вучыўся ў Віленскай школе малявання ў Івана Трутнева. Працягнуў адукацыю ў Санкт-Пецярбургу ў Цэнтральнай школе тэхнічнага малявання і ў Акадэміі мастацтваў. У гэтым жа горадзе працаваў нейкі час інжынерам-архітэктарам. З 1922 года ён зноў у Вільні, дзе пражыў да самай смерці ў 1946 годзе.
Свае працы мастак найчасцей падпісваў па-літоўску (Juozas або Juozapas Kamarauskas), аднак трапляюцца подпісы па-руску (Іосифъ Комаровскій), па-польску (Józef Komorowski) і нават па-беларуску (Язэп Камароўскі).
Падтрымайце Kreva.Travel!