Буйнейшы драўляны касцёл у Заходняй Беларусі, які перабудавалі ў бальніцу
У шматвяковую біяграфію крэўскай каталіцкай парафіі драўляны касцёл, узведзены ў перыяд паміж двума сусветнымі войнамі, упісваецца ўсяго толькі невялічкім эпізодам. Яму не наканавана было праіснаваць нават трох дзясяткаў гадоў. Тым не менш, гэтая святыня паспела пакінуць свой яскравы след і ў гісторыі архітэктуры, і ў душах вернікаў.
Скончылася Першая сусветная вайна. Вярнуўшыся з бежанцаў, жыхары Крэва апынуліся ў роспачы: мястэчка было дашчэнту спалена і разбурана. Тым не менш, местачкоўцы не апусцілі рукі і ўзяліся адраджаць зруйнаваную вайной гаспадарку.
З часам паўстала неабходнасць і ў адраджэнні святыняў. Праваслаўныя адрамантавалі значна пашкоджаную ў час вайны царкву Аляксандра Неўскага. Касцёл жа каталікам давялося будаваць нанава. Новы будынак вырашылі ўзвесці на пагорку побач з Рынкавым пляцам – там жа, дзе ён стаяў на працягу многіх соцень гадоў.
Грошы на новы каталіцкі храм збіралі ўсёй грамадой. Ксёндз Чэслаў Кардэль, які кіраваў будаўніцтвам, вёў улік усіх ахвяраванняў і выдаткаў у спецыяльнай кнізе. Зараз яна разам з шэрагам іншых касцельных дакументаў захоўваецца ў школьным музеі.
Пакуль ішло будаўніцтва, богаслужэнні праводзілі ў пастаўленай для гэтых мэт капліцы. Размяшчалася яна на вуліцы Багданаўскай (у той час – Панятоўскага). Да нашых дзён будынак не дайшоў, а пра яго існаванне сведчаць нешматлікія фатаграфіі, маркер на падрабязнай карце 1935 года ды ўспаміны найстарэйшых жыхароў Крэва. Пазней, у савецкія часы, на тым месцы знаходзіўся калгасны элеватар.
Буйнейшы драўляны касцёл у Заходняй Беларусі
Новы крэўскі касцёл будаваўся з дрэва. Архітэктар Стэфан Нарэмбскі, ствараючы яго праект, вырашыў злучыць у ім старыя традыцыі архітэктуры з сучаснымі. Калі касцёл быў узведзены, спецыялісты знаходзілі ў ім рысы барока, рэнесансу і мадэрну. Для простых жа вернікаў гэта быў храм, які, з аднаго боку, сваёй веліччу ўнушаў павагу і пакланенне, з другога – дзякуючы элементам народнага дойлідства, выпраменьваў добразычлівасць і цеплыню.
Наогул, новы крэўскі касцёл быў на той час адной з буйнейшых культавых пабудоў з дрэва ў Заходняй Беларусі. Даўжыня яго складала 28,4м, шырыня – 13,7м, а на месцы, дзе знаходзіўся трансепт – пятнаццаць з паловай метраў. Гэткія значныя памеры тлумачыліся тым, што ўлады хацелі ўшанаваць такім чынам дзве значныя даты, якія мелі да Крэва самае непасрэднае дачыненне: у 1935 годзе адзначаўся 550-гадовы юбілей падпісання Крэўскай уніі, а праз два гады – такі ж юбілей Хрышчэння Літвы.
На асвячэнне касцёла, якое адбылося 7 кастрычніка 1936 года, сабраліся местачкоўцы і шматлікія госці. Асвячэнне новапабудаванай святыні праводзіў віленскі арцыбіскуп. Разам з ёй ён асвяціў і тры прыгожыя званы, адзін з якіх быў адліты на грошы, сабраныя мясцовай грамадой.
Пра ўрачыстасць у Крэве пісалі не толькі рэгіянальныя газеты, але нават і сталічныя, у прыватнасці – “Warszawski dzennik narodowy”.
Як святкавалі юбілей Хрышчэння Літвы
Не засталося ў баку ад увагі журналістаў і святкаванне ў нашым мястэчку 550-годдзя Хрышчэння Літвы, якое адбылося 8 чэрвеня 1937 года. Пісалі не толькі пра самі ўрачыстасці, але і пра гісторыю тутэйшага касцёла. Вось, да прыкладу, якой інфармацыяй падзялілася газета “Kurjer Wileński” (№162, 15.07.1937):
“Парафіяльны касцёл у Крэве прайшоў няпросты шлях. Паўстаў ён у 1387 годзе. Збудаваны каралём Уладыславам Ягайлам, ён быў у ліку васьмі першых касцёлаў на Віленшчыне. У 1630 годзе ён быў яшчэ драўляным. І толькі ў другой палове ХVІІ стагоддзя адзін са старостаў узвёў новы мураваны касцёл на тым самым месцы, дзе стаіць цяперашні. Пасля яго разбурэння ў 1812 годзе французскімі марадзёрамі, тут была пастаўлена імправізаваная капліца. Каля 1850 года тагачасны крэўскі пробашч ксёндз Палубінскі за ўласныя грошы і пры дапамозе біскупа Жылінскага ды віленскага кансістора пабудаваў тут мураваны касцёл у станіславоўскім стылі. Пасля падаўлення паўстання 1863-1864 гадоў расіяне ўзмацнілі пераслед каталіцызму на польскіх землях, і 9 красавіка 1866 года гэты касцёл быў перароблены ў праваслаўную царкву. Ён заставаўся такім аж да сусветнай вайны, падчас якой быў дашчэнту знішчаны нямецкай і расійскай артылерыяй.”
Далей карэспандэнт згадвае, што тутэйшыя каталікі ў 1906 годзе дамагліся аднаўлення крэўскай парафіі, адчыніўшы драўляную капліцу (яна месцілася ў адным са складоў хлебнага магазіна). Тая капліца таксама не перажыла часы Першай сусветнай. “Такі стан рэчаў заставаўся да апошніх гадоў. І толькі цяперашні крэўскі пробашч ксёндз Чэслаў Кардэль, дзякуючы сваёй нястомнай энергіі і высілкам парафіянаў, давёў да канца справу будаўніцтва касцёла, у якім зараз і адбываюцца ўрачыстасці,” – завяршае аўтар гістарычны экскурс.
Падчас святкавання юбілею Хрышчэння Літвы адбылася цырымонія ўнясення ў храм абраза Маці Божай Ласкавай. Яго яшчэ ў XVII стагоддзі ахвяраваў крэўскаму касцёлу адзін са старостаў. Пасля скасавання расійскімі ўладамі тутэйшай парафіі ён захоўваўся ў Ашмянах. І вось у час юбілейных урачыстасцяў абраз быў вернуты на сваё ранейшае месца.
Касцёл пад нямецкай акупацыяй
У гады Другой сусветнай вайны службы ў крэўскіх царкве і касцёле не прыпыняліся. Немцы быццам бы нейтральна ставіліся да рэлігійных пачуццяў мясцовага насельніцтва. Тым не менш, пагардлівасць да іх час ад часу дэманстравалі. Аб гэтым сведчыць эпізод з нямецкімі вайсковымі аўтамабілямі, стаянка якіх знаходзілася недалёка ад касцёла. Аднаго разу, не зважаючы на тое, што ў касцёле ішло набажэнства з нагоды каталіцкіх Калядаў, туды ўварваліся немцы, нахабна перарвалі службу і пагналі людзей штурхаць свае машыны, якія не заводзіліся з-за моцных маразоў.
Савецкі перыяд
Ужо пасля вызвалення Крэва ад захопнікаў, а менавіта 8 кастрычніка 1944 года ў крэўскім касцёле адправіў сваю першую імшу ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі, вядомы беларускі патрыёт. На памяць пра гэта вернікі атрымалі прымацыйныя абразкі на беларускай мове.
У пасляваенны час, нягледзячы на дэклараваную свабоду веравызнання, савецкія ўлады яшчэ горш за немцаў у гады акупацыі ставіліся да рэлігійных пачуццяў грамадзян. У Заходняй Беларусі адбывалася тое, што было на ўсходні бок мяжы ў міжваенны перыяд: зачыняліся храмы, падвяргаліся рэпрэсіям святары, у дні рэлігійных святаў людзей зганялі на працу. Крэўскай царкве нейкім цудам удалося ўтрымацца ў такіх умовах, а вось касцёл тут быў зачынены.
З публікацыі ў адным з майскіх нумароў раённай газеты “Перамога” за 1960 год даведваемся, што ўлады планавалі стварыць у будынку зачыненага касцёла музей. Рэалізацыя гэтага намеру дазволіла б захаваць для нашчадкаў хаця б знешні воблік самога будынка. Аднак ужо праз месяц тая ж газета паведаміла, што прынята рашэнне перадаць касцёл пад бальніцу. І вось знікаюць з яго маляўнічыя вежы, з’яўляецца другі паверх, прастора ўнутры разбіваецца на шматлікія бальнічныя палаты – і адметны архітэктурны помнік пераўтвараецца ў звычайную будыніну. У такім выглядзе застыў ён на некалькі дзесяцігоддзяў.
У сярэдзіне 1990-ых за будынкам бальніцы пачалі ўзводзіць новы мураваны касцёл. Пасля таго, як саму лячэбную ўстанову перавялі ў іншае месца, прынялі рашэнне той драўляны гмах разабраць, каб адкрыць такім чынам найлепшы від на новапабудаваны храм.
Падтрымайце Kreva.Travel!