Ад лазні да аэрадрома. Што пабудавалі з Крэўскага замка

25 мая 2022
што пабудавалі з Крэўскага замка
Малавядомы факт – галоўную плошчу горада Маладзечна пабудавалі з камянёў Крэўскага замка. Фота: Раман Хацяловіч, 1959 год

Калі ў 2018 годзе спецыялісты пачыналі рэстаўрацыю Крэўскага замка, яны сабралі ўсе камяні, што былі на яго тэрыторыі. Аднак гэтага будматэрыялу не хапіла нават на адну сцяну. А гэта значыць, што за сем стагоддзяў далёка не ўсе старажытныя камяні засталіся на пляцоўцы.

Разбіраў замкавую вежу – цагліна разбіла лоб

Ад часу сваёй пабудовы, а гэта 13-14 стагоддзі, і аж да 18 стагоддзя замак быў у добрым стане. Служыў і жытлом для князёў, і абаронай. А з 19 стагоддзя яго стан пачаў пагаршацца. Магчыма, не без дапамогі людзей.

– У 19 стагоддзі былі такія выпадкі, калі замак разбіралі. Пра адзін з іх, які закончыўся трагічна, ёсць згадка ў тагачасным штогадовым даведніку “Памятная книжка Виленской губернии”, – кажа краязнавец Аляксандр Камінскі. – Пра здарэнне таксама пісаў у сваім нарысе “Крэва” Чэслаў Янкоўскі. Тут знайшлося месца і для звестак пра тагачаснае мястэчка, і для расповеду пра яго гістарычны шлях, і для арыгінальных старажытных дакументаў, якія пададзены ў дадатку. Апісваючы замак, Янкоўскі са шкадаваннем канстатуе, што цэглу з яго разбіраюць на свае патрэбы мясцовыя жыхары. Тут жа расказвае пра рэальны выпадак, пасля якога такая практыка на нейкі час прыпынілася. А здарылася вось што. Аднаго разу мясцовы чыноўнік, падаючы дурны прыклад іншым, узяўся разбіраць замкавую вежу. Нечакана ў разгар працы адна цагліна вырвалася з аконнай рамы і разбіла чалавеку лоб, ад чаго той адразу ж памёр. Пасля гэтага мясцовыя сяляне яшчэ доўгі час абыходзілі замак бокам.

Ці праўда, што кагальная лазня ў Крэве з замкавых камянёў?

што пабудавалі з Крэўскага замка
Камяні, з якіх пабудавалі лазню, падобныя да замкавых. Фота: Сяргей Гапон

Якраз у сярэдзіне згаданага 19 стагоддзя ў Крэве пабудавалі сінагагальны двор. Ад яго і да сёння часткова ацалелі некаторыя будынкі. Напрыклад, сінагога і міква або, па іншых крыніцах, кагальная лазня. Яны размешчаныя зусім побач з замкам.

Пра тое, што лазня магла быць пабудаваная з замкавых камянёў, паведамілі ў Смаргонскім гісторыка-краязнаўчым музеі. Не выключае такую версію і навуковец, шматгадовы кіраўнік археалагічных раскопак у Крэве Алег Дзярновіч:

– Версія, што старая яўрэйская лазня пабудаваная з камянёў замка, выглядае верагоднай, хоць дакументальна гэта наўрад ці можна пацвердзіць. На карысць версіі выступае падабенства камянёў на замку і лазні, а таксама непасрэдная блізкасць будынкаў.

што пабудавалі з Крэўскага замка
Замак у 19 стагоддзі. З архіву бібліятэкі Вільнюскага універсітэта

На выявах замка 19 стагоддзя мы ўжо не бачым паўночна-ўсходні кут, які лявей ад брамы. Значыць, камяні сапраўды на нешта ўзялі, заўважае Алег. І дадае, што чуў ад мясцовых, нібы некалькі пабудоў у прыватных падворках у Крэве ў бок трасы таксама ўзводзіліся з замкавых камянёў.

“Будматэрыялы заўсёды былі каштоўнымі, а ўсведамленне спадчыны прыйшло нядаўна”

У сярэдзіне мінулага стагоддзя большасць жыхароў Крэва да свайго замка ставілася вельмі ашчадна, расказаў ураджэнец мястэчка Іван Магер:

– Нам, дзецям, дзед Ясь наказваў, каб з замка не бралі ні камяня, ні цэглы. Няможна!

Але, відаць, не ўсе так шанавалі гістарычную спадчыну, як Магеры. Бо ў газеце “Звязда” за 1 ліпеня 1969 года ў артыкуле журналіста Шацілы чытаем: “Руіны вясковага замка не даглядаюцца, і мясцовыя жыхары выкарыстоўваюць цэглу са сцен замка для сваіх патрэб”.

– За савецкім часам практыка расцягвання камянёў сапраўды была, – кажа Алег Дзярновіч. – Будаўнічы матэрыял ва ўсе часы быў каштоўны. Мне дакладна вядома, што для новых будынкаў выкарыстоўвалі камяні, напрыклад, з замкаў у Медніках і Геранёнах. Не трэба забываць, што ўсведамленне спадчыны ў грамадстве прыйшло параўнальна нядаўна – толькі ў 19 стагоддзі, дзякуючы рамантычнай традыцыі англічан. Тады з’явілася спалучэнне “Сівая Літва”, і людзі пачалі ўсведамляць важнасць гістарычнай памяці.

Таксама Алег адзначыў, што хутчэй за ўсё для новых будынкаў замак не разбіралі спецыяльна. Выкарыстоўвалі камяні, узятыя з завалаў. Усё ж разабраць замак – гэта і фізічныя рэсурсы, і грошы.

Па словах суразмоўцаў, за польскім часам камяні дакладна ніхто не забіраў ад старажытных замкавых сцен. У Польшчы такая самадзейнасць каралася законам.

Смаргонь? Маладзечна? Дзе яшчэ шукаць крэўскія камяні

У 2017 годзе журналіст Ігар Карней падчас наведвання Крэва меў гутарку пра замак з мясцовым жыхаром Іосіфам Стасіловічам, якому на той момант было 87 гадоў. Ён расказваў, што памятае, як перад Другой сусветнай пачалі разбіраць замак на гаспадарчыя патрэбы. Але рады старажытным сценам асабліва не далі. Па словах Іосіфа, змаглі нагрузіць вазоў трыццаць, якія павезлі, верагодна, на будаўніцтва аэрадрома ў Смаргоні і на аднаўленне некаторых будынкаў райцэнтра, якія стаялі разбураныя яшчэ ад часу Першай вайны. Пасля пачалася Другая сусветная, і ідэю закінулі.

Новае пра лёс крэўскіх камянёў паведаміў “Рэгіянальнай газеце” ў 2016 годзе ўраджэнец вёскі Рэдзькавічы з Вілейскага раёна Міхаіл Філістовіч. На старонках выдання ў сваіх успамінах ён згадвае Маладзечна ў 1954-1960 гады – час, калі абкамам партыі ў абласным тады яшчэ горадзе кіраваў Сяргей Прытыцкі. Менавіта Сяргей Восіпавіч пакінуў на памяць пра сябе новы гарадскі цэнтр – сённяшнюю Цэнтральную плошчу, што ў тыя часы звалася плошчай Леніна.

што пабудавалі з Крэўскага замка
Святкаванне гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі ў 1962 годзе на плошчы Леніна ў Маладзечне. Пад коламі матацыклаў – крэўскія камяні. Фота: Раман Хацяловіч

“Дамінантай яе стаў велічны, у класічным стылі будынак абкама партыі, перад ім помнік Уладзіміру Ільічу работы Заіра Азгура. Па баках: будынкі абласнога савета прафсаюзаў і аблспажыўсаюза. Давялося ўдзельнічаць у суботніку па нарыхтоўцы камення для брукавання плошчы. А дабывалі яго са сцен былога Крэўскага замка, – піша Філістовіч. – Хто тады думаў аб захаванні спадчыны? Так што жыхары горада, яго госці, удзельнікі фестываляў, што ходзяць па асфальту плошчы, і не ўяўляюць, што пад ім ой як многа зведаўшыя гістарычныя камяні!”

Пра крэўскія камяні на маладзечанскай плошчы жыхару горада Валерыю Трацяку калісьці расказваў Міхаіл Новікаў, які ў тыя часы працаваў дыспетчарам у будтрэсце. Па словах Валерыя, малаверагодна, што старажытны брук усё яшчэ ляжыць на плошчы. Перад “Дажынкамі” ў 2011 годзе пакрыццё плошчы цалкам памянялі: здымалі ўсё аж да грунта. “Я спытаў у рабочага, куды вывозяць камяні, ён адказаў, што на друз. Можа па ўскрайку на плошчы яны і засталіся, але з цэнтральнай часткі іх дакладна вывезлі. Узяў на памяць два невялікія і занёс у СШ №3, у якой я вёў гурток турыстычны. Але і там таксама рабілі рамонт – і камяні выкінулі,” – падсумоўвае Трацяк.

Падтрымайце Kreva.Travel!