Бабуля Хрыстафора Калумба родам з-пад Крэва?
Спрэчкі аб паходжанні першаадкрывальніка Амерыкі доўжацца дзесяцігоддзямі. Партугальскі гісторык упэўнены, што карані Калумба варта шукаць у нашым краі.
Класічная біяграфія славутага падарожніка сцвярджае, што ён нарадзіўся ў небагатай італьянскай сям’і з Генуі. Зрэшты, так распавядаў пра сябе сам Калумб. Існуюць тэорыі, якія кажуць пра яго іспанскія і партугальскія сувязі, а некаторыя даследчыкі прызнаюць у ім нават паляка.
Унук Ягайлы і Соф’і Гальшанскай
Даследчык з Партугаліі Мануэль Роза прысвяціў больш за дваццаць год вывучэнню радаводу Хрыстафора Калумба. Ён перакананы, што афіцыйныя дакументы былі сфальсіфікаваныя яшчэ некалькі стагоддзяў таму, і першаадкрывальнік Новага Свету – ніхто іншы як сын польскага караля Уладзіслава ІІІ Варненчыка. Бацькі апошняга – добра вядомыя ў Крэве людзі: Ягайла, які падпісваў Крэўскую унію ў замку, і яго чацвёртая жонка Соф’я Гальшанская, што паходзіць з суседняга мястэчка.
Па агульнапрынятай версіі Уладзіслаў ІІІ загінуў у разгромнай для свайго войска бітве з туркамі пад Варнай у 1444 годзе, не пакінуўшы пасля сябе нашчадкаў. Аднак, яго цела нібыта так і не адшукалі на полі бою. А ў Партугаліі з пакалення ў пакаленне перадаюць легенду, згодна якой кароль выжыў і таемна знайшоў прытулак на востраве Мадэйра. Там ён узяў імя Генрых Германскі і ажаніўся са знатнай паненкай. Аднойчы група польскіх манахаў-францысканцаў наведвала востраў і пазнала у Генрыху Германскім свайго караля. Пра сустрэчу дазнаўся партугальскі кароль Афонсу V, які быў шаферам на вяселлі паляка. Ён запрасіў Генрыха на размову ў сваю рэзідэнцыю на мацерыковай Партугаліі. На зваротным шляху на востраў Генрых загінуў у моры. Тым самым спраўдзілася прароцтва, па якому “князь пазбегне вайны, але памрэ бясслаўнай смерцю”.
У Партугаліі ва Уладзіслава-Генрыха нарадзіўся сын Сігізмунд, які па версіі Розы і быў Хрыстафорам. У сваіх кнігах “Калумб. Нерасказаная гісторыя” і “Калумб. Раскрытая таямніца” ён адсочвае шлях такога пераўвасаблення.
Уся надзея на тэхналогіі
Вясной 2021 года лабараторыі з Амерыкі і Еўропы распачалі незалежныя даследаванні фрагментаў Калумба, яго сына і брата. Нягледзечы на тое, што рэшткі мараплавальніка былі ідэнтыфікаваныя яшчэ ў самым пачатку 2000-ых, іх аналіз стаў магчымы толькі зараз, дзякуючы развіццю тэхналогій.
Генетычныя параўнанні з ідэнтыфікаванымі асобамі дапамогуць вызначыць, ці існуюць між імі сямейныя сувязі. Але нават без прамых індывідуальных супадзенняў таксама стануць магчымымі пэўныя высновы аб прыблізным геаграфічным рэгіёне. Вучоныя мяркуюць, што у бліжэйшыя дзесяць-пятнаццаць гадоў гэтая справа будзе мець вялікі прагрэс. Чакаецца, што вынікі даследавання ДНК паставяць кропку ў пытанні, з якога роду насамрэч паходзіць славуты падарожнік.
Праўда, гісторык Роза ў сваіх апошніх працах піша, што навукоўцы губляюць час, бо для даследавання ўзяліся не за тых. На яго думку, варта параўноўваць клеткі Ягайлы і сына Калумба. На запыт Мануэля атрымаць доступ да каралеўскай магілы ў Кракаве нашчадкі роду Ягелонаў адказалі адмовай.
Падтрымайце Kreva.Travel!