Эл Келі. Комік з Крэва, які смяшыў да слёз прэзідэнтаў Амерыкі
25 лістапада 1904 года ў Нью-Йорк на караблі з Еўропы разам з бацькамі прыплыў Абрам Каліш – габрэй з Крэва, які ў свеце вядомы як Эл Келі. У сярэдзіне мінулага стагоддзя ў шоу-бізнесе быў папулярны жанр дабл-ток – форма мовы, пры якой артысты дзеля забавы разам з агульнаўжывальнымі словамі выкарыстоўвалі прыдуманыя і страчаныя сэнсу фразы. У здольнасці несці тарабаршчыну ўраджэнцу нашага мястэчка не было роўных.
Пра сувязь амерыканскага коміка і Крэва даведаўся краязнавец Аляксандр Камінскі падчас сваёй даследніцкай працы. Падрабязнасці з жыцця яўрэя адшукаліся ў біяграфічнай кнізе “Двайное жыццё Эла Келі”, а таксама ў амерыканскай прэсе той пары.
Нарадзіўся мёртвым
У кнізе Абрам Каліш распавядае, што з’явіўся на свет без аніякіх прыкметаў жыцця. Яму спрабавалі рабіць штучнае дыханне, аблівалі вадой – нічога не дапамагала. Тады акушэрка, якая прымала роды, сабрала кучу старых ануч і падпаліла іх. Чорны дым уздымаўся да столі, яна час ад часу тушыла полымя і падносіла вуголле да носа хлопчыка. Сям’я глядзела на яе як на вар’ятку, але ўсе чакалі, што будзе далей. Абрам жартуе, што калі б ён быў у той момант жывы і ўсё бачыў, то напалохаўся б да смерці. Праз некалькі хвілін ён закашляў, чыхнуў, паварушыў нагой і пальцам.
Праз восем год гэтая нага ўпершыню ступіла на амерыканскі кантынент.
Маці ведала сакрэт прыгатавання смачных дранікаў
У Амерыцы сям’я з Крэва пасяліліся ў адным з раёнаў Манхэтана. Па новым адрасе эмігранты былі зарэгістраваныя пад сваім беларускім прозвішчам. Аднак, па словах Абрама, там немагчыма было вырасці без мянушкі. Вельмі хутка ў кампаніі сяброў яго пачалі зваць Элам Келі. Пазней гэтае імя стала яго сцэнічным псеўданімам.
У іх доме ў ЗША заўжды было шматлюдна. На вечаровыя сямейныя канцэрты збіралася багата сваякоў. Бацька Макс выступаў з жартамі, маці Мары з дзецьмі спявала, а Абрам у дадатак яшчэ і граў на губным гармоніку. Маці гатавала на ўсіх дранікі са смятанай. Па словах Абрама, у гэтым яна была сапраўдным профі і ведала сакрэтны інгрэдыент, які надаваў усім сілу і ўмацоўваў дух у няпростыя часы.
Бацька працаваў галоўным дызайнерам мужчынскіх кашуляў на фабрыцы ў Нью-Йорку. Тут яшчэ падлеткам сваю першую працу атрымаў і Абрам. Яго абавязкам было раскручваць на стале вялізныя рулоны тканіны.
Горная дарога на сцэну
Эл Келі быў сябрам элітнага нью-йоркскага The Friars Club. Ён аб’ядноўвае выбітных акцёраў, комікаў ды іншых зорак шоу-бізнесу. Разам з Келі ў шэрагах клуба можна адшукаць імёны яшчэ дзвюх ураджэнцаў Беларусі – сусветнавядомага журналіста Лары Кінга і кампазітара Ірвінга Берліна.
Сёння ў спісе такія персоны, як Элізабет Тэйлар, Робін Уіяльмс, Том Круз, Вупі Голдберг, Квенцін Таранціна, Брус Уіліс, Дональд Трамп.
Сваю кар’еру Абрам Каліш пачынаў як артыст вадэвіля. Ён выступаў у тэатрах, клубах, а таксама ў гатэлях так званага “Баршчовага пояса” – курортнага рэгіёну ў гарах, дзе звычайна адпачывалі амерыканскія яўрэі-эмігранты. Аднойчы Келі з паплечнікамі ноччу ехаў на выступ у адзін з такіх гатэляў. Дарога круцілася серпантынам то ўверх, то ўніз, раз пораз міналі скрыжаванні. Неўзабаве артысты зразумелі, што згубіліся. Дарожныя знакі калі і былі, дык іх хавала цемра. У нейкі момант яны пачулі гул паліцэйскай сірэны. Хлапцы павінны былі спыніцца, але кіроўца зблытаў педаль тормазу, націснуў на “газ” – і машына паімчала яшчэ хутчэй. “Мы ляцелі нібы бандыты ў вышуку, якія толькі што абрабавалі банк”, – апісвае свае ўражанні той ночы Эл Келі. Сірэна завыла гучней, іх абагналі і прымусілі спыніцца на ўзбочыне. Абрам Каліш паспрабаў растлумачыць паліцэйскім, што яны спрабуюць знайсці дарогу да гатэлю, але ад хвалявання язык заплятаўся, і словы гучалі неразборліва. Гэта збянтэжыла паліцэйскага і падалося смешным сябрам Абрама. Фактычна, на той горнай дарозе адбыўся дэбют Эла Келі ў ролі дабл-токера. Неўзабаве ён паспрабаваў прамаўляць тарабаршчыну са сцэны і зразумеў – гэта яго пакліканне.
Выступаў на “разагрэве” ў Кенэдзі
У Амерыцы крэўскі яўрэй быў частым госцем тэлевізійных шоу, здымаўся ў кіно. На выступы Келі прыходзіла ўся колішняя эліта: бізнесмены, навукоўцы, вайсковыя генералы. Над жартамі коміка з Крэва смяяліся прэзідэнты ЗША Франклін Рузвельт, Гары Трумэн, Дуайт Эйзенхаўэр, Джон Кенэдзі. Падчас выбарчай кампаніі апошняга Абрам Каліш сваёй тарабаршчынай “разаграваў” публіку перад агітацыйнымі выступамі палітыка.
Адзін з такіх выхадаў на сцэну стаў самай доўгай прамовай у жыцці Келі. Кандыдат у прэзідэнты спазняўся на свой чарговы мітынг у адным з раёнаў Нью-Йорка, і коміку давялося забаўляць прысутных больш за гадзіну замест традыцыйных дваццаці хвілін. Эл Келі прызнаецца, што ён пачаў ужываць словы, якіх нават не было ў яго слоўніку, і наўрад ці пратрымаўся яшчэ б хвіліну. На шчасце, будучы прэзідэнт нарэшце з’явіўся ў залі, прайшоў праз натоўп прыхільнікаў, узняўся на сцэну, дзе моцна паціснуў руку коміку і шчыра падзякаваў за тое, што той мужна трымаў абарону.
Пра гэты выпадак пазней згадвала газета The New York Times, на старонках якой імя Келі ў тыя часы гучала так жа часта, як і са сцэны. “Адзін з памочнікаў будучага прэзідэнта апісаў містэру Келі рэакцыю натоўпу на яго як на выбітнага аратара. Ён чуў, як адзін з прысутных сказаў: “Гэты хлопец быў бы неверагодным, калі б яму вылечылі зубы”.
Памёр пад апладысменты публікі
У Келі была даўняя праблема з сэрцам, таму ён заўжды трымаў пры сабе таблеткі нітрагліцэрыну на выпадак прыступу. Аднойчы комік быў са сваім сябрам Мілтанам Берлем, калі адчуўшы слабасць, страціў прытомнасць. Берль, які ведаў пра стан яго здароўя, не разгубіўся, дапамог сябру апрытомнець і адразу ж запытаў: “Эл, дзе твае таблеткі?”. У Келі, язык якога яшчэ заплятаўся пасля прыступу, адказ атрымаўся неразборлівым. Берль, прызвычаены да жартаў сябра ў стылі дабл-ток, рэзка адрэагаваў на гэта: “Дзеля Хрыста, Эл, не цяпер!”.
У ноч з 6 на 7 верасня 1966 года Абрам Каліш выступаў на імпрэзе ў гонар коміка Джо Льюіса ў згаданым The Friars Club. Пасля бліскучай прамовы пад выбух апладысментаў Келі вярнуўся на сваё месца, і яго сэрца спынілася.
Падтрымайце Kreva.Travel!