На дзень роднай мовы: прэм’ера “інтэрв’ю з Богам” Уладзіміра Някляева

21 лютага 2024
Уладзімір Някляеў
Уладзімір Някляеў падчас каляднага выступу ў царкве ў Капенгагене ў снежні 2023 года. Фота: Сяргей Гапон

Уладзімір Някляеў напісаў новую паэму. Працаваў паэт над ёй у польскім Уроцлаве, але дзея паэмы адбываецца, як амаль ва ўсіх творах Някляева, у ягоным (нашым) родным Крэве. І прысвечаная яна ягонаму стрыечнаму брату Івану Магеру. 

Паэма, пра якую сам аўтар кажа як пра “інтэрв’ю з Богам”, стваралася напрыканцы 2023 і пачатку 2024 года – акурат падчас святкаванняў каталіцкага і праваслаўнага Раства. І называецца “Каляды”. Мы публікуем яе ў Міжнародны дзень роднай мовы – і гэта першая публікацыя  паэмы.

КАЛЯДЫ
Івану Магеру

Над намі макі, каб жывым
Відаць было, дзе мы ляжым.
Джон Маккрэй, «У палях Фландрыі».

1
У ноч калядную я не прыспаў вачэй.
Каляды маладзік кавалі ўсё танчэй,
Ноч знемагала — і займаўся золак
На змену ёй, каб патушыць хутчэй
Нясцерпнае святло каляных зорак.

Нясцерпнае святло каляных зорак
На шкле ваконным макамі цвіло,
А за вакном, адкуль святло плыло,
Да шыбін прыпадаў марозны морак
І ледзяныя губы грэў аб шкло.

Ён ледзяныя губы грэў аб шкло
І дыхаў так, што выстывала хата,
І так глядзеў, нібы Калядаў свята
З бядой, з жалобнай весткаю прыйшло…
У морака ў вачах стаяла страта.

У морака ў вачах стаяла страта,
Ён мёрзлай парай хукаў у кулак,
Малюючы на шыбе белы мак,
Як таямнічы, як магічны знак,
І мне ўсміхаўся морак вінавата,
Бо я той знак не разумеў ніяк.

Так, я той знак не разумеў ніяк,
Таму чакаў падказу ці парады,
Варажбіту каляднаму не рады,
Бо нават пернік макавы не ў смак,
Калі варожыць морак на Каляды.

Калі варожыць морак на Каляды
Са стратаю прарочаю ў вачах,
У хаце страх клубіцца па кутах,
І шчэрацца з кутоў звяры і гады,
І ў іх вачах таксама страты страх.

Ва ўсіх, ва ўсім клубіцца страты страх,
Мы ім глядзім адзін адному ў вочы –
І прагнучы спасцігнуць знак прарочы,
Я ўсёй крывёй адчуў паганскі пах
Спрадвечнай варажбы каляднай ночы.

2
Спрадвечнай варажбою на Каляды
Мне сняцца сны дзіцячае пары,
Калі ўсю ноч з Ярылавай гары
Каціліся па снезе зарапады
Слядамі, што пакінулі звяры.

Слядамі, што пакінулі звяры,
Крадземся мы, прыйшоўшы за звярамі
У гэты свет, каб ладзіць тут піры,
Звяроў назабіваўшы, і ўгары
Дым ад кастроў — і зорны дым над намі.

Дым ад кастроў і зорны дым над намі
Зліваюцца ў адно, і ў тым адным
Нас, летуценных, нас, сатканых снамі,
Не аддзяліць ад тых, хто ёсць мы самі,
І не адрозніць, як ад дыма дым.

Нас не адрозніць, як ад дыма дым,
Жанчын, мужчын, старога з маладым,
Калі сарваць апраткі, здзерці маскі,
Саскрэбсці з твараў скамянелы грым…
Ды гэткі жах не для каляднай казкі.

Мы апранемся для каляднай казкі
У скуры з поўсцю, пер’ем і луской,
І з’явімся на свеце з Божай ласкі,
Вярнуўшыся да існасці сваёй,
Хто воўкам, хто лісіцай, хто змяёй.

Хто, воўкам, хто лісіцай, хто змяёй
Абернемся, наладзім пір звярыны,
Паляжам на кілімы, на пярыны,
І тых, хто над, і тых, хто пад зямлёй,
Не абмінем, далучым да сябрыны.

Не абмінем, далучым да сябрыны
Жукоў смярдзючых, гнойных чарвякоў,
Каб грызлі косці і смакталі кроў,
Салодкай чалавечай свежаніны
Пасмакавалі на піры звяроў.

3
Пасмакавалі на піры звяроў
Мы ўсё, што бегла, плавала, лятала,
Пілі і жэрлі — і было нам мала,
І чвякаў, як адзін, мільярд ратоў,
І мерцвякоў зямля не накрывала.

І мерцвякоў зямля не накрывала
З васьмі мільярдаў тых, хто нам у рот
Глядзеў з галечы, з немачы, з нягод,
Каго жыццё аберуч ледзь трымала,
Нібы апухлы з голаду жывот.

Нібы апухлы з голаду жывот,
Зямля круглее зорак пасярод
У дыме крэматорыяў, і горкі
Плыве той дым з Дахау ў Амерсфорт –
І захінае неба, засціць зоркі.

Ён захінае неба, засціць зоркі
Над морам Рыб, над пасбішчам Быкоў,
Дзе сонцы згаслыя, як выбітыя коркі
Усейваюць касмічныя пагоркі,
Дзе цемрадзь Свету з чатырох бакоў.

У цемры Свету з чатырох бакоў
Віруе смерць, знішчаецца любоў,
А свет глядзіць у цемру летуценна:
Яна, якой бы цёмнай ні была,
Да першага праменьчыка святла
Каляднай зоркі… Вечнае нязменна.

4
У зменах часу вечнае нязменна:
Куцця! Каляды! Поўны цудаў дом,
Ялінка, нацярушанае сена,
Накрытае бялюткім абрусом
З аладкамі, мядовым абаранкам
З таўчоным макам!.. Божа, што за цуд!..
Як снег рыпіць! Які марозны гуд
Над храмам, скуль вяртаецца світанкам
Пасля ўсяночнай паспаліты люд,
А ўздоўж нябесных і зямных дарог
Ляцяць анёлы… Нарадзіўся Бог!

5
Ляцяць анёлы… Нарадзіўся Бог
Людзей, зайцоў, ваўкоў, лісіц, вавёрак,
І спеў званоў лунае сярод зорак,
Што на Зайчыны падаюць пагорак
І коцяцца з яго ў Ваўчыны лог…
– З Калядамі! – працёк праз вокны Морак
І лёг на столь, і на ўсе сцены лёг.

Ён лёг на столь і на ўсе сцены лёг,
Праз вокны цёк і плыў цераз парог,
Ён быў, як дым, а голас быў каменны,
І дымам тым ці голасам глухім
Падняўся дах, рассунуліся сцены
Да небасхілу з зоркамі на ім.

6
На небасхіле з зоркамі на ім
Людскія цені крочылі… Хто ў чым,
У жоўтых скурах, чорных скурах, белых,
Мільёнамі па сцежках зледзянелых
Яны брылі, паўзлі з апошніх сіл
І падалі за край, за небасхіл.

7
За ценем цень за край, за небасхіл
Плылі між дзір касмічных і свяціл,
І кожны з іх маліўся, плакаў, енчыў…

– Рой чалавечы… Ува ўсёй пустэчы
Сусвету – ён адзін… І больш такога
Бог не ствараў, бо ён – памылка Бога,
Якой не дараваў сабе Гасподзь, 
Бо правіць чалавекам стала плоць,
Часовае змясцілішча для духа, –
Казаў мне Дым, якога я не слухаў,
Бо стуль, дзе небасхіл, дзе край зямлі,
Дзе людзі ў цемру, у нябыт плылі,
Насустрач ім ляцеў з нябёсаў зорных
Рой не людзей… У белых, жоўтых, чорных
Бліскучых скурах эліпсы, шары
Каціліся з нябеснае гары,
І клаліся на крэўскія загоны
Квадраты, ромбы, прызмы, гексагоны,
Дэльтоіды… Кубоў, авалаў рой
Кружыўся над Ярылавай гарой,
Над Крэвам і над светам над усім…

8
– Люблю бываць у Крэве, – мовіў Дым. – 
Не раз у ім бываў я маладым
У тым шчаслівым часе, калі тут
Жылі багі паганскія… На скрут
Пайшоў той час… Ні Кона, ні Сварога,
Вялеса і Ярылы, Перуна…
Сыйшла ў нябыт сівая даўніна,
Няма на свеце бога, апроч Бога
Адзінага, святога, ад якога
Жыццё і смерць, наканаваны лёс…

– Шары, якія кінуў Ён з нябёс,
Квадраты і кубы з міжзорнай прорвы,
Што – гэта?!.

– Змена сутнасці і формы
Жыцця. Цывілізацыя фігур
Геаметрычных. Без ніякіх бздур,
Без вашай пыхі, гонару, апломбаў.
Шары. Квадраты. Гексагоны. Ромбы.
З далёкіх светаў. З нежывых планет,
Дзе створаны быў штучны інтэлект,
Які й панішчыў там усё людское
Праз тое, што, адпрэчыўшы святое,
Што даў ім Божа, праглі людзі самі
Багамі стаць! А для чаго багамі?
Каб багацець! Каб жыць тлусцей, лацвей!
І вынайшлі такое, што мацней
За дух і плоць! Што толькі Чысты Розум!
І думалі, што будзе ён служыць,
Карміць, паіць… Адумаліся – позна!
Мацнейшы – не слуга. Тым больш, каб жыць,
Яму не трэба есці, піць… Не трэба
Ні хаты, ні зямлі, а толькі неба,
Дзе толькі зоркі, і дзе ён – як бог!..

– Чаму ж людзей ад згубы не збярог
Сапраўдны Бог? Не ўбачыў Ён падвох?
Грэх самагубства?

– Што без волі Бога
Бывае ў Божым свеце? Анічога
Не можа быць!.. Нагледзеўся Гасподзь,
Як людзі йшлі вякамі плоць на плоць
І дух на дух! Як кроў лілі ракой!
І як двурушнічалі! Як адной рукой
Давалі, а другою забіралі!
Як дараваць ім Бога закліналі –
І грэбвалі ягоным: «Палюбі!»
Чужое не вазьмі! І не забі,
І не змані!.. Скрозь і заўсёды кралі!
Манілі! Забівалі!.. Бачыць Бог,
Што Ён трываў іх столькі, колькі мог,
Пакуль нарэшце ўцяміў, што памылка!
Што свет людскі падобны да абмылка,
Які лепш выкінуць, чым паміж рук лавіць…

Тады Ён і падумаў: “Як мне быць?
Я іх стварыў – і што рабіць мне з імі?..”
І сяк, і так Ён з караю мудрыў – 
І ўвёў іх у спакусу стаць такімі
Магутнымі, як той, хто іх стварыў.
І гэтая спакуса іх згубіла…

9
“Хіба і нас рашыў Ён спакусіць?..
Не можа быць!.. – у скроні думка біла. – 
Гасподзь не можа гэтак свет змяніць,
Каб замест нас квадраты ды авалы,
Дэльтоіды!.. Ён Бог, а не мяняла!..”

І ў цішы, што бывае прад навалай,
Пачуўся смех: “У кожнага з людзей
Квадрат плячэй або авал грудзей.
У нечым падабенства застаецца…”

Я ўпершыню пачуў, як змрок смяецца.

10
Пачуўшы ўпершыню, як змрок смяецца,
Я смех Сусвету ўчуў… Нідзе нам не падзецца
Ад жартаў цемры!.. Спраўдзяцца яны
Для роднай і не роднай стараны,
І ўсё ж у час, калі нас Бог пакіне,
Лепш дома быць, хоць дом – як на чужыне,
Бо ключ ад твайго дома не ў цябе,
І ў ім, хто хоча, скача, посуд б’е
І рве ў шматкі сямейныя альбомы!..
Але – дом твой! Уся радня ў вакне!
Вунь брат… сястра… І я спытаў, як дома:
– Чаму Гасподзь у нашай старане
Пачаў свой Страшны Суд?..
– А чаму не?
У вас не забіваюць? Не крадуць?
Не парушаюць запаведзі Бога? –
Цёк ува мне атрутна, быццам ртуць,
Цямрэчы голас. – Нават найсвятога:
Айчыны не шануюць! Напаказ
Павага і любоў! Вы дзеці здрады!..

Такога не стрываць было…
– Няпраўда!
Айчына – Маці Божая для нас! –
Ускрыкнуў я, адчуўшы, як баляць
У горле словы.

– Маці?.. Может, мать? – 
Пытаўся Морак з’едліва – і цёк
За Магераў пагорак, у той бок,
Дзе за пагоркам – Воўчая лагчына,
Дзе на краёчку цемрадзі жанчына
Стаяла… З белым макам у руках.
А каля ног яе клубіўся прах
Сварога, Кона, Перуна, Ярылы…

– Вось лёс ваш… – Змрок казаў. – Адны магілы.
Нават багі памерлі. Прах ды пыл.

– Яны ўваскрэснуць!
– Як? Не ўваскрасаюць
Забытыя! Каго не памінаюць!
А вы святых не помніце магіл!..

– Дапамажыце… Жыць не маю сіл… –
Сказала родным голасам жанчына
З абрысамі знаёмымі. – Адна
Я засталася ў свеце. 

“Хто яна?..” –
Я ўспамінаў.

І Змрок сказаў:
– Айчына.
Не пазнаеш?.. 
Ёсць кроў зямлі ў матуль.
І па крыві ёсць полькі, італьянкі,
Японкі і францужанкі, гішпанкі,
А гэтая не ведае, адкуль
І хто яна?.. Забыты калыханкі,
Забыты словы мовы векавой,
Той крэўнай, спеўнай мовы, на якой
Яна спявала калыханкі дзецям
І на якой вучыла іх спяваць… 

– Я замінаю ўсім на гэтым свеце…
На свеце тым не буду замінаць, – 
Прамовіла Айчына. І, як вецер,
Ад замка голас быў:
“Как знать, как знать, как знать…
Здесь Русь стоит. И будет Русь стоять
Равно на этом свете и на том.
Где мы, там Русь. И хоть потоп потом”.

Знаёмы голас. Ён крычаў, як птах,
У сутарэннях замка па начах.
Князь Курбскі. Прывід князя, што з Масквы
Уцёк на паратунак галавы
Ад рускага цара… Сыйшла цароў пара,
Ды ўсё адно ён за свайго цара –
Хай нават за Жахлівага Івана…

– Прымі мяне, Ярылава гара! –
Укленчыла Айчына… Як з туману,
Як з лесу, калі цемра ўкрые лес,
Паўсталі на гары Ярыла, Кон, Вялес –
Паганскія багі! Усёй гурбою!
І ў кожнага ў руках быў белы мак,
І белым стала неба над гарою, 
І ўспомніў я, што гэта даўні знак
Нябыту. Цемры. Вечнага спакою.

– Вы чулі?.. Я не цямлю ўжо сама,
Ці ёсць я тут?.. Ці тут мяне няма?
Тутэйшая… Што гэта за імя?
Ці мая назва?.. Ці мая мянушка?..
Ці гаспадыня я? Ці ў нечым доме служка?.. –
Пыталася Айчына – і багі
Укленчвалі пра ёю… Як снягі,
Былі яны ўсё белыя, сівыя,
А прывід князя крыкнў: “Здесь Россия!
Здесь был и будет русский дом!..”

Агнём
Мне паласнула сэрца! Горкі ком
У горле стаў… Той самы, што па страце…
Па смерці маці… Тут… У роднай хаце,
Дзе ні падмурку з вечных валуноў,
Ні сцен, ні даху… Дзе спакон вякоў
Усё, на чым стаіць жыццё – любоў,
Дзе ўсё цяпло жыцця – яе праменні,
Дзе ад стварэння свету, з даўніны
Яна – надзеі нашы і памкненні,
Яе праменні – нашых сцен бярвенні
І нашага падмурку валуны.

– Ты помніш, як каціліся яны
Ва ўсе бакі, за сонца і за поўню? –
Ярылава гара спытала. – Помніш
Ты слёзы першыя?.. Свой першы смех?..
Як высах першы дождж, растаяў першы снег,
Як ты праз дождж той, праз той снег прабег,
І як сказаў: “Не стане мамы, таты,
Але не я ў тым буду вінаваты,
Паляжа не на мне смяротны грэх”.

– Так, помню…
– Што ж… Ты хораша тады
Сказаў. І грэх цяперашняй бяды
Не на табе. Яго табе дарую,
Як сам сабе яго даруеш ты,
Ці не даруеш ты сабе самому…

– Пустое, – Змрок сказаў. – Апалыя лісты.
Пажоўклыя сямейныя альбомы.

11
Пажоўклыя сямейныя альбомы
Гартаю я. Тут чалавечы рой.
Забойцы з Мюнхена. Бандыты з Аклахомы.
Гандляр з Ганконгу. З Лондана герой
Вайны Другой сусветнай. Не апошняй…
З Расіі злодзеі і куртызанкі з Польшы,
Распуснікі з Галандыі і Ганы,
З Нью-Ёрка і Стамбула наркаманы,
П’янтосы з Вены, махляры з Афін, 
Стваральнікі самазабойчай зброі,
Натхняльнікі сусветнага разбою –
І кожны чыйсьці бацька, нечы сын,
І нечая дачка, чыясьці маці…

А гэта я. Мне два гады. Я ў хаце,
Прывязаны за ножку пад сталом
Вяроўкай… Я адзін. Пусты ўвесь дом
Ад раніцы. Бо маці ў полі жне,
І бацька ў полі, толькі на вайне,
Бароніць лес наш, птушак і звяроў,
Маіх, што пад сталом са мной, багоў…
Вялес, Ярыла тут… І, выразаны з дрэва,
З паўмесяцам і зоркай, гербам Крэва,
Вярхоўны Бог майго сусвету Кон…
Сусвет мой пад сталом. Ён тут здавён,
З пары, калі быў вырваны святлом
З цямрэчы я… Цяпер за тым сталом,
Што да святла стаіць адным канцом,
Другім канцом хаваецца ў цямрэчу,
Сумоўлюся з сабой я – і пярэчу
Сабе самому… Больш няма каму…
Хіба што Богу… Я кажу яму,
Што калі б стаў я богам, сам тады
Я б знішчыў свет, бо гэта свет бяды,
І Богам ён быў створаны дарма,
А Бог мне кажа, што Яго няма,
І што стварыць нічога Ён не мог,
Таму не можа й знішчыць анічога…

Яго няма. І ўсё адно Ён – Бог.
Няма на свеце Бога, апроч Бога.

12
Няма на свеце Бога, апроч Бога.
Ані свайго няма, ані чужога.
Ніякага! І ўсё адно Ён – Бог.
А значыць, усё тое, што Ён дзее,
Ён дзее справядліва. Ліхадзеі
Мы на зямлі. І заслужылі мы,
Каб Ён пазбыўся нашае гурмы.

Не тое, што ствараў Ён, чалавек.
І як пачаў Ён чалавечы век,
Так можа скончыць. Выпадковы госць
У Божым свеце кожны, хто ў ім ёсць,
З кім Божа і гасцінным можа быць, 
І выйсці госця можа папрасіць,
Бо анічога ён гасцям не вінны,
І не маліў бы са сваёй віной
Я ні пра што Яго, каб не жанчына,
Што ўкленчыла ў малітве прад гарой,
Каб гэта не была мая Айчына,
І каб на дзень народзінаў да Сына
Бог не прыйшоў… І ўстаў я з-за стала
Каляднага: 

– Гасподзь! Паміж дабра і зла
Ты пасяліў нас! Між святлом і цемрай…
На лобе Твайго Сына нашы церні. 
І рукі нашы – у Яго крыві.
Я не прашу: даруй! Але яві…
Не, не любоў, а толькі мудрасць Бога:
Калі нідзе не стане анічога,
Апроч адной бясконцай пустаты,
Калі не будзе нас – кім будзеш Ты?
Не літасцівым станеш і не грозным…
Перад табой ніколі Штучны Розум
Не ўкленчыць, каб прасіць Цябе, маліць,
Каб жаліцца – і каб Цябе любіць,
Ці ненавідзень… Хай ты нас прымроіў
Не тымі, хто мы ёсць, ды ў чалавечым роі
Ты ўсё ж пчаляр. На пасецы сваёй
Ты Бог! А кім без пасекі Ты станеш?..

– Ты што вярзеш! – усклікнуў Змрок. – Ты цяміш,
Што мелеш?!. – усклубіўся ў Змроку страх. –
З цярпення Бога вывесці не раю!..

Ён Змрок. Але таксама – пыл і прах. 

– Не дай згібець, прапасці, знікнуць краю
Бацькоў маіх! Чужой не запалі
Над намі зоркі! Не згані з зямлі,
Палітай нашым потам і крывёю, –
Прасіў, маліўся я, і ўсёй зямлёю,
Лагчынай Воўчаю, Ярылавай гарою
Дыхнула Крэва… Моўчкі слухаў Бог.

“Царя проси. Он так, как Бог, не строг, –
Гукнуўся прывід. – Дело тут такое:
Отдай царю, что скажет. Остальное
Твоё… Коль не буянить дашь зарок…” –
І зноў пачуў я, як смяецца Змрок:
Як нехта рэзаў сук пілой тупою,
Ці хтосьці скуру ссохлую ўспароў…

Ён Змрокам быў, ён быў царом цароў,
Але не Богам і не Божым Сынам,
Які прамовіў: “Ойча мой! Нявінна
Ні ў чым жанчына гэта. Забяры
Яе адсюль, не дай счакаць пары,
Калі здабычай стане, паланянкай…”

І моўчкі рушыў Божа да гары,
Што неба падпірала над Крэўлянкай,
Адвечнаю ракой крыві і слёз,
Абняў жанчыну, што прад ёй стаяла,
Падняў з каленяў… На вяршыню ўзнёс…
І недзе між аблок яе не стала…

І, як яна, Вялес… Ярыла… Кон –
Нібы паветрам сталіся ў паветры…

“Відзежы, – думаў я. – Трызненне. Сон.
Айчына і багі… як прах… як пыл на ветры –
На скон… на скон… на скон… на скон… на скон…”

“Праклён!..” – як громам, скаланула нетры,
Агонь пацёк з Ярылавай гары,
І чорныя ўсклубіліся вятры
Самім сабе насустрач, наўздагон 
Самім сабе – па ўсім па белым свеце,
І чуўся чорны крык скрозь чорны вецер:
“Праклён! Праклён! Праклён! Праклён! Праклён!
Не родныя былі ў Айчыны дзеці!
Не Божыя! Таму і прадалі!..” – 
Крычала Цемра. І вятры мялі.

13
Крычала Цемра. І мялі вятры.
– Гэй, птушкі! Рыбы! Гады! Гэй, звяры! 
Дзе жыць нам без Айчыны? – я пытаў.
Маўчалі ўсе. І толькі Змрок паўстаў
Над нематою, і азваўся Змрок:
– Жывіце там, дзе не патрэбны зрок.
У цемрадзі. Сляпому я – Айчына!

Ён так глядзеў пустэльнымі вачыма,
Як зеўрыў на мяне Ваўчыны лог…
– Жыццё пражыў ты коратка, нішчымна,
А я адолеў вечнасці парог! –
Узняўся ганарліва Змрок – і лёг
На лог і на гару, на цэлы свет,
Дзе я шукаў між зорак і планет,
Сярод якіх Зямля – іголка ў стозе,
Лятучая пылінка пры дарозе,
Айчыны след… Прад ёй ці ў даўніну,
Ці ў будучыню палягла дарога?

– Як без Айчыны нашу старану
Нам называць?.. – пытаўся я ў нікога,
Бо ўжо баяўся запытаць у Бога,
У Змрока, у вятроў, што ўсё мялі…
І Голас быў… З нябёс і з-пад зямлі: 
“Вы за Айчыну кроў не пралілі!..
Праліце за яе хаця б адну
Крывінку. І Айчыну вам вярну”.

Ён клікаў на Айчынную вайну!
І каб крывёй скупілі мы віну,
Я пагукаў братоў маіх, сясцёр…

Яны прыйшлі і развялі касцёр, 
Але не для вайны, а для цяпла,
Бо холад быў і сцюжа лютавала..

Айчыны не было… Радні не стала…

І вены ўскрыў я… Кроў цякла, цякла
Па ўсёй зямлі да самага крайка,
І поўнілася чырванню рака
Крэўлянка, што праз Крэва працякала
І ў неба за крайком зямлі плыла,
Але Айчыну неба не вяртала:
Або крыві маёй было замала –
Ці самагубнай кроў мая была.

14
Ці самагубнай кроў мая была,
Або крыві маёй было замала –
Рака жыцця мялела, астывала
Між вечных берагоў дабра і зла,
І я, хоць пульсавала кроў, жыла,
Ужо не адчуваў цяпла жывога,
А толькі боль парэзу нажавога
І страх сыходу… І майго чала
Крануўся нехта: “Прыйдзе дапамога…
Ты патрывай…” 
І я трываў, як мог…

Хто гэта быў? Айчына? Маці? Бог?
І калі Бог, дык абяцанні Бога
Ці спраўдзілася ўжо, ці не яшчэ?..
Няведама… Рака яшчэ цячэ….

15
Яшчэ цячэ рака ў Ваўчыны лог.
Жыццё і смерць стаяць на раздарожжы.
Наўрад ці нас звядзе са свету Бог,
Але саміх сябе мы звесці можам.
Ці звесці Бога. Што страшней яшчэ…
Але пакуль Ён тут. Святло і цемру тчэ,
І нашы лёсы… Вунь Ягоны след
Каля гумна. Дзе яслі. Дзе ў парозе
Калыска, у якой сабраў Ён свет,
Растрэсены, як сена на дарозе.

Паклаў Ён свет пад белым абрусом
Каляднага стала… Святочны дом,
За абразом аплаткі, зёлак вехаць,
За вокнамі марозны рып саней,
Цямнее дзень, а зорка ўсё ясней,
І ўсё відней, куды ісці і ехаць,
Калі спакусы нам не засцяць зрок,
Ці праз гардэчу не мутнее розум,
І мы ідзем не на святло – на змрок…

Як хрумстка пахне снегам і марозам!
Бог нарадзіўся! Звон над храмам! Гуд!
І крэўным словам славіць крэўскі люд
Яго з’яўленне! І чакае цуду,
Бо там, дзе Бог, там мусіць быць і цуд,
І я малюся: 
– Божа! Калі тут
Не стане маёй мовы, майго люду,
Няхай не я ў тым вінаваты буду,
Няхай за гвалт у роднай старане
Смяротны грэх паляжа не на мне,
Хоць ён і цісне сэрца мне з-пад спуду,
І я віны пазбыцца не магу
Прад маці, прад Айчынаю ў даўгу,
Сплаціць які ніхто, апроч мяне, не можа,
Ды ўжо атрамант сцёк з майго пяра,
І калі скажаш Ты, што мне пара,
Гукну гару, пагрукаю ў падножжа:
Прымі мяне, Ярылава гара!
І супакой у Крэве мяне, Божа!

Каляды каталіцкія 2023 – Каляды праваслаўныя 2024,
Польшча, Уроцлаў

Падтрымайце Kreva.Travel!