Чаму Крэву дастаўся герб Ляліва?
Даследчык даўніны Рамуальд Зянькевіч у 1843 годзе звярнуў увагу на пячатку, якая захоўвалася ў Крэве ў мясцовага ксяндза. На ёй была выява герба Ляліва – шчыт з паўмесяцам і шасціканцовай зоркай, а таксама надпіс на польскай мове Пячатка места Рэчы Паспалітай Крэва. На той час мястэчка ўжо страціла статус і правы горада, аднак пячатка сведчыла, што яно імі калісьці валодала і мела свой гарадскі герб.
Чаму Ляліва?
Лялівай валодала каля паўтысячы шляхецкіх радоў на землях Польшчы, Вялікага Княства Літоўскага і Русі. У часы распаўсюджвання магдэбургскага права выява Лялівы ці поўнасцю, ці ў якасці дэталі трапляла на гербы і пячаткі гарадоў з прыватных гербаў іх уладальнікаў. Гораду Цярнопалю, да прыкладу, яна дасталася ад роду Тарноўскіх, Сяняве – ад Сяняўскіх. Тое ж самае правіла маглі прымяніць і ў адносінах да герба Крэва. З усіх вядомых крэўскіх старостаў у якасці радавога сімвала Лялівай валодаў толькі Пётр Глябовіч. Ён быў тут на чале староства з 1511 па 1522 год. Так што Крэву герб мог дастацца ад яго.
Некаторыя звязваюць гэты геральдычны знак з татарамі, якія здаўна пражывалі ў мястэчку. Сапраўды, зорка і паўмесяц найчасцей сустракаюцца ў мусульманскім свеце. Аднак нельга прымаць гэтую версію як адзіную праўдзівую, паколькі Лялівай карысталіся і хрысціяне.
Даследчык Зарыян Даленга-Хадакоўскі лічыў, што слова гэтае паходзіць з Украіны, дзе такую назву мела зорка Венера. У народных песнях месяц там сімвалізаваў жаніха, а зорка Венера (Ляліва) – нявесту. Выявы гэтых сімвалаў можна было назіраць на вясельных харугвах.
Які статус у герба сёння?
Пасля страты ў канцы XVIII стагоддзя правоў на самакіраванне і іншых гарадскіх выгод Крэва пакрысе пачало забывацца і пра свой гарадскі сімвал. Толькі ў канцы 1980-ых гадоў крэўскі герб набыў другое жыццё. Адбылося гэта дзякуючы Анатолю Цітову, вядомаму спецыялісту па геральдыцы і сфрагістыцы. Інфармацыя пра герб Крэва і рэканструяваная аўтарам выява ўпершыню з’явіліся ў кнізе “Гарадская геральдыка Беларусі” ў 1989 годзе. Праўда, Анатоль Цітоў чамусьці палічыў, што зорка на блакітным шчыце крэўскай Лялівы павінна быць срэбнай, а не залатой, як маладзік.
Тым не менш, гэтая выява крэўскага герба палюбілася жыхарам і пачала выкарыстоўвацца ў якасці сімвала мястэчка на афішах разнастайных культурных мерапрыемстваў, календарах, паштоўках ды іншых сувенірах.
14 мая 2007 года герб Крэва быў унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Нягледзячы на папулярнасць і шырокае выкарыстанне, Ляліва да гэтага часу не з’яўляецца афіцыйным гербам Крэва. На пачатку 2010-ых гадоў сябры дабрачыннага фонду “Крэўскі замак” сабралі ўсе неабходныя для ўзаконьвання дакументы і прадставілі іх на разгляд мясцовых уладаў. Тым ідэя актывістаў прыйшлася даспадобы, аднак у пытанні па самой выяве сімвала меркаванні разышліся. Мясцовае кіраўніцтва лічыла, што герб павінен мець выгляд, прапанаваны Анатолем Цітовым, і да якога ўсе ўжо даўно прывыклі: срэбная зорка і залаты паўмесяц на завостраным знізу блакітным шчыце, які з бакоў мае паўкруглыя выемкі. На думку ж актывістаў фонду герб мусіў мець большае падабенства да таго, што быў адлюстраваны на старажытнай крэўскай гарадской пячатцы. Там шчыт увенчаны каронай, значна ўкарочаны па вышыні, паўкруглы знізу. Бакавыя выемкі ў ім не па цэнтры, а ўверсе. Чатыры промні зоркі з шасці накіраваны ўверх і ўніз, а не ў бакі, як у Цітова. Колер поля шчыта прапаноўвалася пакінуць блакітным, а зорку перафарбаваць пад маладзік – у золата.
Да згоды бакі тады так і не прыйшлі, і справа засталася нявырашанай.
Падтрымайце Kreva.Travel!