Дзе пад Крэвам шукаць золата Напалеона
Славуты Напалеонаўскі тракт, па якім французскі імператар у 1812 годзе ішоў са сваім войскам заваёўваць чарговую частку зямной прасторы, а затым бясслаўна па ім жа вяртаўся, крыху агінае нашае мястэчка на карысць Смаргоняў і Залесся. Наўрад ці бачыў Крэва сам Напалеон, а вось яго падначаленыя тут і ў бліжэйшых ваколіцах усё ж пабывалі. Магчыма, дзесьці паблізу закапанае і золата Напалеона.
Французы, заняўшы Маскву, старанна падчысцілі скарбніцы тамтэйшых двароў і святыняў. Нават простыя салдаты не маглі ўстаяць, каб не прыхапіць з сабой што-небудзь “на памяць”. А што ўжо казаць пра афіцэраў! Праўда, не кожны давёз да дому свае набыткі: пры імклівым адступленні ва ўмовах суровай зімы, пастаяннага пераследу праціўнікам і ад іншых цяжкасцей многім прыходзілася пазбаўляцца нарабаванага або прыхоўваць яго на сваім шляху. Ходзяць чуткі, што самому Напалеону давялося ўтапіць цэлую карэту з дабром.
Хаваючы па шляху крадзенае, марадзёры спадзяваліся у больш спрыяльныя часы вярнуцца і ўсё забраць. Можа каму і ўдавалася пазней зрабіць гэта, аднак для большасці спрыяльны момант так і не надыходзіў. Адны забіралі свае таямніцы ў магілу, іншыя забываліся месца сховаў. Астатнія проста не знаходзілі магчымасці ажыццявіць свае планы.
Які след пасля сябе пакінулі французы ў Крэве
Краязнавец Чэслаў Янкоўскі праз сто год пасля тых падзей у сваіх нататках пра ашмянскі адрэзак тракту сцвярджаў, што імператар “не мог пабачыць прывідную Крэўскую вежу, дзе ў хрыплым стогне Кейстута сканала старая Літва”. Аднак частка яго войска вырашыла ісці ад Маладзечна да Ашмянаў не праз Смаргонь, а напрасткі – праз Крэва. Вуліца, па якой найбольш верагодна салдаты зайшлі ў мястэчка, у міжваенны час насіла імя Напалеона. Сёння гэта частка Зарэчнай, што ідзе ля царквы у бок Лебедзева.
Як было занатавана ў канцы ХІХ стагоддзя ад мясцовых старажылаў, французы, кватаруючы ў мястэчку, нахабна і зняважліва размясцілі ў крэўскім касцёле сваіх коней. Больш за тое, адыходзячы, яны падпалілі гэты будынак. У запісах мясцовага краязнаўцы Пятра Грынкевіча наогул знаходзім звестку ад старых людзей, што французамі тады быццам бы было спалена амаль усё мястэчка.
У лесе каля вёскі Камяніца ёсць месца, дзе, як лічыцца, засталіся магілы французаў. Там жа мясцовымі жыхарамі былі знойдзены напалеонаўскія манеты.
Бочку з золатам закапалі ля адзінокага дуба
Іван Трацяк з вёскі Чухны, маладосць якога якога прыйшлася на пасляваенны час, распавядаў наступную гісторыю. Неяк адразу пасля Другой сусветнай вайны сюды прыехалі незнаёмыя людзі, якія шукалі мясцовасць пад назвай Мінгіновічы. Цікава, але ні на старых картах, ні ў іншых дакументах такі тапонім не сустракаецца. Можа гэта ўсяго толькі другая назва якога паселішча, або нідзе не зафіксаванае найменне нейкага ўрочышча? Тым не менш, мясцовыя ведалі тую лакацыю і ўзяліся правесці прыезджых. Па дарозе незнаёмцы расказалі сваім праваднікам пра мэты свайго візіту. Высветлілася, што яны мелі з сабой стары дакумент, у якім указвалася, дзе варта шукаць закапаную ў час адступлення Напалеона бочку з золатам. У інструкцыі гаварылася, што трэба было ў 12 гадзін пэўнага дня стаць ля адзінокага дуба ў названым месцы, адмераць чатыры метры ў бок, куды падае цень ад дрэва, і там капаць. Праўда, ніякага дуба там ужо не аказалася, не было нават і пня ад яго. Даведацца ад іншых пра тое дрэва таксама не ўдалося, і незнаёмцы паехалі ні з чым.
Скарб не адшукалі і з металадэтэктарам
Ужо ў наш час гісторыя са скарбам французаў мела свой працяг. На гэты раз шукаць яго прыехалі людзі з металадэтэктарам. Іван Трацяк узяўся быць іх правадніком. Новыя шукальнікі пераказалі тую ж самую гісторыю, што і людзі, якія прыязджалі сюды пасля вайны, назвалі тыя ж арыенціры і дадзеныя для пошукаў. Але цяпер ім не вельмі патрэбна было ведаць, дзе рос той дуб, ад якога прадпісвалася весці пошук. Маючы спецыльныя тэхнічныя сродкі, і без гэтага арыенціра можна было за кароткі час абследаваць усю навакольную тэрыторыю.
Дабраўшыся да патрэбнага месца, распачалі пошук. Праз нейкі час прылада пачала даваць знакі, што яна натыкнулася на метал у зямлі. Пачалі капаць. Капалі-капалі, а ў выніку нічога так і не знайшлі. Прыклалі апарат да ямы яшчэ раз – цяпер ён нічога не паказваў. І калі ў наступны раз металашукальнік ізноў засігналіў пра знаходку – гісторыя паўтарылася. І гэтак з дзясятак разоў: апаратура вызначала закапаны метал, а пасля, калі пачыналі капаць, – нібы губляла сваю знаходку. І на гэты раз шукальнікі засталіся ні з чым.
Падтрымайце Kreva.Travel!