Кіраўнікі якіх дзяржаў наведвалі Крэва

7 верасня 2022

Спакон вякоў мястэчка Крэва знаходзіцца на скрыжаванні геапалітычных шляхоў. Даволі часта гэтымі дарогамі ездзяць кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў.

Краязнавец Аляксандр Камінскі прасачыў, хто з палітыкаў высокага рангу калі-небудзь бываў на крэўскіх пагорках і па якой нагодзе. Улічваць будзем і тых, хто займаў кіруючую пасаду не ў час візіту сюды, а раней ці пазней.

Прэм’ер-міністр Літвы

кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў Андрус Кубілюс
Літоўскага прэм’ера ў Крэве сустракалі раённыя ўлады і мясцовыя жыхары. Фота: Сяргей Гапон

Апошнім з высокіх дзяржаўных дзеячаў, якія прыязджалі ў Крэва, быў колішні прэм’ер-міністр Літвы Андрус Кубілюс. У 2010 годзе, яшчэ займаючы гэтую пасаду, палітык правёў свой летні адпачынак у амаль сямісоткіламетровым велапаходзе па беларускіх мясцінах Вялікага княства Літоўскага. Вядома ж, Крэва не магло застацца ўбаку ад маршрута літоўскага прэм’ера.

Палітык са сваёй камандай наведаў старажытны замак, касцёл, а таксама школьны музей.

Будучы старшыня Вярхоўнага Савета БССР

За савецкім часам, а менавіта 24 мая 1941 года, у Крэве пабываў Цімафей Гарбуноў, будучы старшыня Вярхоўнага Савета БССР. Тады савецкі функцыянер суправаджаў у Вільню беларускую афіцыйную дэлегацыю работнікаў культуры, у складзе якой былі Янка Купала і Якуб Колас. Усе разам зрабілі прыпынак ля муроў Крэўскага замка, пра што ў сваіх запісах згадавае сам Гарбуноў.

Прэзідэнт Польшчы

21 чэрвеня 1930 года, аб’язджаючы абшары Віленскага ваяводства, Крэва наведаў тагачасны польскі прэзідэнт Ігнацій Масціцкі. Мэтай яго візіту сюды хутчэй за ўсё было жаданне на свае вочы пабачыць славуты Крэўскі замак, а адным заходам – праінспектаваць стан кансервацыйных прац, што вяліся тады на гэтым аб’екце. Прэзідэнта ў час паездкі суправаджалі віленскі ваявода Рачкевіч, міністр працы і апекі Прыстар, іншыя высокія чыноўнікі і военачальнікі.

кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў Ігнацій Масціцкі

На дарогах Віленшчыны Масціцкага (злева) віталі песнямі, кветкамі і незвычайнымі падарункамі. Фота: Narodowe Archiwum Cyfrowe 

Старажылы Крэва згадвалі, як старанна рыхтавалася мястэчка да прыезду высокага госця: паўсюль навялі парадак, дамы і платы пафарбавалі, дарогу, па якой збіраўся ехаць прэзідэнт, пасыпалі падфарбаваным пілавіннем. І калі Масціцкі ў суправаджэнні світы павольна рухаўся па Крэве на сваім шыкоўным аўтамабілі, натоўп вітаў яго падрыхтаванымі загадзя лозунгамі, абсыпаў кветкамі. Такі ж урачысты прыём чакаў кіраўніка Польшчы і на замкавым дзядзінцы. Там яго віталі крэўская рэлігійная актывістка і настаўніца Ірэна Бандаровіч разам са школьным хорам. Вучняў, якія сустракалі прэзідэнта, той пачаставаў цукеркамі.

Нягледзячы на тое, што вандроўка Масціцкага па ваяводстве доўжылася цэлыя два тыдні, час быў распісаны літаральна па хвілінах. Згодна з раскладам, на Крэва прэзідэнту было адведзена крыху менш за гадзіну.

Наведаўшы мястэчка, прэзідэнт накіраваўся на начлег у маёнтак Аляксандра Жылінскага ў Дакурнішках. Па дарозе картэж прыпыніўся каля фігуры Маці Божай Лурдскай, якая была ўстаноўлена каля Куцавічаў спецыяльна да прыезду Масціцкага.

Германскі імператар

кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў кайзер Вільгельм ІІ
Кайзер Вільгельм ІІ на пазіцыях пад Крэвам. Фота з калекцыі Сяргея Гапона

29-30 ліпеня 1917 года германскі імператар Вільгельм ІІ прыехаў на пазіцыі сваіх войскаў пад Смаргонню і Крэвам. Менавіта там толькі што закончыліся гарачыя баі, падчас якіх расійскае камандаванне планавала прарваць лінію фронту. Для рускіх гэтая аперацыя закончылася няўдачай. І хоць сапраўднай прычынай іх паражэння былі дэмаралізацыя, антываенныя і рэвалюцыйныя настроі ў шэрагах самога расійскага войска, нямецкая прапаганда падавала, што такі зыход Крэўская аперацыя мела толькі дзякуючы гераізму кайзераўскіх воінаў і мудрасці іх военачальнікаў. Каб замацаваць гэтую думку і ўганараваць тых, хто адзначыўся пры ўтрыманні пазіцый, і прыехаў на месца баёў сам кайзер.

Вільгельм ІІ прыбыў сюды ў суправаджэнні світы з вярхоўнага ваеннага начальства і яшчэ адной важнай персоны – саксонскага кронпрынца Георга. Важныя госці сышлі з цягніка ў Солах. Там іх чакалі ва ўрачыстым пастраенні салдаты і афіцэры германскай арміі. Пасля гэтага ў Асіпанах пад Соламі адбыўся парад у гонар імператара і яго прыбліжаных. Кайзер выступіў з прамовай і ўручыў узнагароды тым, хто вызначыўся падчас баёў 19-23 ліпеня. У другой палове дня госці пераехалі пад Крэва, на месца дыслакацыі 16-й ландвернай дывізіі. На шырокай пляцоўцы паміж вёскамі Скірдзімы і Чаркасы таксама прайшоў урачысты парад з прамовай Вільгельма ІІ і ўручэннем з яго рук жалезных крыжоў некаторым афіцэрам і салдатам.

Рускі ваенны міністр

кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў Аляксандр Керанскі
Алясандр Керанскі ў 38-м армейскім корпусе. Здымак з карпуснога
фотаальбома

Незадоўга да нямецкага кайзера, а менавіта – перад самым пачаткам Крэўскай аперацыі, у нашых ваколіцах пабываў іншы дзяржаўны дзеяч высокага рангу. Гэта быў тагачасны ваенны міністр Расіі Аляксандр Керанскі, які неўзабаве пасля паездкі на фронт стаў старшынёй расійскага Часовага ўраду. Разам з галоўнакамандуючым Заходнім фронтам генералам Дзянікіным ён наведаў 38-ы армейскі корпус генерала Доўбар-Мусніцкага, якому наканавана было падчас наступлення прарываць менавіта крэўскі ўчастак – ад Чухнаў да паўднёвага ўскрайку багушоўскага лесу. Пра гэты візіт сведчаць і сам Доўбар-Мусніцкі ў сваіх успамінах, і здымкі з фотаальбома падначаленага яму корпуса.

Аляксандр Керанскі быў добрым прамоўцам, аднак і яго пафасныя выступленні перад стомленымі вайной ваякамі поспеху не мелі. Заклікаў было недастаткова, даводзілася проста ўгаворваць салдатаў ісці ў атаку. Керанскага так і клікалі – галоўнаўгаворваючым, па аналогіі са словам галоўнакамандуючы. Аднак угаворваць ісці на смяртэльны бой было складана. Як пісаў Доўбар-Мусніцкі, Керанскага ледзьве не пабілі ў суседнім корпусе, які ён наведваў дагэтуль. У корпусе ж Доўбар-Мусніцкага з дысцыплінай было намнога лепш, і ваеннага міністра выслухалі без непрыемных інцыдэнтаў.

Цяжка сказаць, ці была ў гэтым хоць нейкая заслуга Керанскага, але 38-ы армейскі корпус вылучыўся падчас бою з лепшага боку, нягледзячы на няўдалы ў цэлым вынік аперацыі.

Шведскі кароль

У некаторых крыніцах ХІХ стагоддзя паведамляецца, што Крэўскі замак быў моцна пашкоджаны падчас вайны са шведамі. Праўда, гэтыя звесткі абапіраюцца ўсяго толькі на людскі погалас, а дакументальных сведчанняў пра нейкія бітвы ў тагачасным Крэве дагэтуль не знойдзена. З хронік часоў Карла ХІІ даведваемся толькі тое, што праз Крэва аднаго разу прайшоў шлях гэтага шведскага караля. Манарх пабываў тут 12 лютага 1708 года, калі ехаў у Смаргонь, дзе на нейкі час ім была заснавана штаб-кватэра. Які след Карл ХІІ пакінуў у Крэве, як успрыняў мястэчка і яго жыхароў – пра гэта хронікі не паведамляюць.

Вялікія князі літоўскія

Без гэтых асобаў старажытная гісторыя Крэва не была б такой адметнай і яскравай. Найперш варта згадаць Альгерда – слаўнага ваяра і заснавальніка каменнага замка ў нашым мястэчку. Менавіта з ім звязана першая вядомая пісьмовая згадка пра Крэва: старажытныя летапісы падаюць, што яно трапіла ў распараджэнне гэтага князя ў 1338 годзе.

Наступны ў нашым спісе – Альгердаў брат Кейстут, які ў барацьбе за ўладанне велікакняжацкай каронай знайшоў у Крэўскім замку сваю пагібель. І ўсё ж да гэтага ён паспеў стаць вялікім князем.

Ягайла Вітаўт Кейстут
Ягайла загадвае схапіць свайго дзядзьку Кейстута і яго сына Вітаўта. Карціна Войцеха Герсона, 1873 год

Далей – Ягайла, сын Альгерда і ўладальнік Крэва, палітычны сапернік і, магчыма, арганізатар забойства Кейстута. Ён пабываў не толькі вялікім князем літоўскім, але і польскім каралём, вядомым пад імем Уладыслаў ІІ.

Адзначыўся ў Крэве і Вітаўт, сын Кейстута і стрыечны брат Ягайлы. Крэўскі замак мог стаць месцам і яго смерці, аднак яе ўдалося пазбегнуць, дзякуючы знаходлівасці Вітаўтавай жонкі. Пазней колішні крэўскі вязень нават зойме велікакняжацкі трон.

Не будзем забываць і пра Свідрыгайлу, брата Ягайлы, які пабываў у Крэве ў 1433 годзе ў якасці захопніка. Прабыўшы  з 1430 да 1432 года вялікім князем літоўскім, Свідрыгайла не мог змірыцца з тым, што ўлада ў дзяржаве перайшла ў рукі Жыгімонта Кейстутавіча. Калі звергнуты вялікі князь змагаўся за яе вяртанне, сярод іншых мясцін, якія ён браў са сваім войскам, апынулася і наша мястэчка. Пра падзеі тых часоў пісаў старажытны летапіс: “И приде до Креиву, и стояша два дни, взяша Креиво мурованны и сожже, а людеи много посекоша и в полон поведоша”.

Наведаў Крэва таксама вялікі князь літоўскі і кароль польскі Жыгімонт І Стары. Пра гэта сведчаць дакументы Літоўскай метрыкі. Мэта візіту, які адбыўся 21 жніўня 1507 года, невядомая, аднак менавіта з нашага мястэчка ў гэты дзень кароль паслаў два лісты: адзін – баярам тарапецкім, другі – баярыну полацкаму Мітку Пятровічу.

4 снежня 1597 года тут пабываў і канцлер Вялікага Княства Літоўскага Леў Сапега. Пра гэта таксама сведчыць адзін з яго лістоў, адпраўлены адсюль Крыштафу Радзівілу.

Праўда, і кароль, і канцлер у сваіх пасланнях пісалі аб справах, з нашым мястэчкам ніяк не звязаных.

Падтрымайце Kreva.Travel!