Беларусы ажывілі гістарычны комікс – у ім Ягайла чытае рэп
Ажывіць гісторыю пра падпісанне Крэўскай уніі творчы калектыў “Дыяфільм live” натхніў комікс «Вядзьмедзева вунія», які пабачыў свет у 2020 годзе. Гістарычны анекдот на гэтую тэму ў вершаванай форме выклаў Уладзімір Някляеў, а ілюстравала яго Кацярына Марціновіч. Цяпер малюнкі пераклалі на стужку, а вершы агучылі і паклалі на біт.
«Дыяфільм live» аб’ядноўвае актораў, музыкантаў, якія інтэрпрэтуюць казкі і цікавыя гісторыі, агучваюць іх і граюць адначасова з паказам дыяфільма.
«Гэта гісторыя добра кладзецца на хіп-хоп»
– Гэты дыяфільм пра падпісанне Крэўскай уніі мы планавалі паказаць на фестывалі ля сцен Крэўскага замка (фэст-майстэрня Kreva Create планаваўся ў жніўні 2020 года – рэд.). Але праз акалічнасці ўсё адклалася на нявызначаны час, – распавядае Наталля Леванава, рэжысёрка і артыстка беларускай творчай студыі «Дыяфільм live».
– Такога мы яшчэ не чулі: Ягайла, рэальная гістарычная асоба, у вашым дыяфільме чытае рэп!
– Хіп-хоп, калі ён узнік недзе ў Амерыцы, асацыяваўся з вулічнымі разборкамі. Гэта жанр, які перадае напружаную атмасферу, падымае вострасацыяльныя тэмы. Падпісанне Крэўскай уніі ў 1385 годзе таксама было напружанай сітуацыяй. Хтосьці кагосьці запрасіў, у замку закрыў, задушыў… Гэта былі смутныя, жорсткія часы. З гэтым і звязаны наш выбар музыкі. Нам падаецца, яна вельмі падыходзіць, – тлумачыць рэжысёрка.
Дарэчы, Наталля прызнаецца, што творчая каманда «Дыяфільм live» насамрэч шмат эксперыментавала з музыкальным суправаджэннем. Планавалі выкарыстоўваць дуду, бубен, народны вакал – хацелі дадаць як мага больш аўтэнтыкі. Але не склалася: фестываль адмяніўся, частка музыкаў з’ехала за мяжу.
– Спачатку хіп-хоп ішоў разам з этна-музыкай. Цяпер мы пакінулі толькі біт. Нам падалося, што ў тым выглядзе, як мы планавалі, дыяфільм больш не гучыць. Народныя інструменты і асабліва дуда – яны для вуліцы. На дудзе немагчыма граць ціха. Яна дае гучны звук, які далёка ляціць. У запісы або ў невялікім памяшканні гледачу яе цяжка ўспрымаць. Да таго ж, музыкам цяжка працаваць на адлегласці. Праца анлайн унесла свае папраўкі, – кажа Наталля.
Як размяркоўвалі ролі
– У гэтым коміксе ўсе героі – мужчыны. Брутальныя былі часы… Але за некаторых персанажаў чытае наша Алена Гіранок. Мы шмат думалі: ці не трэба ўзяць яшчэ аднаго актора. Але вырашылі, што не будзем, – дадае рэжысёрка.
Алена агучыла Скіргайлу і выдатна з гэтым справілася – скарысталася сваім акторскім вопытам. Яна грала жонку паэта ў фільме «Купала», а таксама некалькі гадоў агучвала Бусліка ў «Калыханцы».
За Ягайлу прамаўляе Аляксандр Яфрэмаў.
– Саша таксама прафесійны актор, ён шмат граў у тэатры і кіно. І роля Ягайлы стала для яго адной з самых складаных! Тут трэба было не пераўвасобіцца ў персанажа, як у драматычным тэатры, але блізка да рэальнасці перадаць сітуацыю, у якой ён апынуўся. І не заўсёды было зразумела, чаму Ягайла рэагуе менавіта так, чаму так адказвае. Комікс – гэта не дакладны пераклад гісторыі, тут ёсць і мастацкая выдумка. І актору трэба было самому выляпіць вобраз Ягайлы, – распавядае Наталля Леванава.
Першы публічны паказ зладзілі ў Варшаве
Праз усе абставіны праца над дыяфільмам пра Крэва расцягнулася амаль на два гады. Урэшце рэшт артысты сустрэліся ў адной кропцы планеты і дарабілі праект. Яго працоўную версію прэзентавалі гэтым летам у Варшаве ў межах арт-рэзідэнцыі «Дом творцаў» (відэа з імпрэзы глядзіце тут, а больш фотаздымкаў – тут). Пасля паказа гледачы маглі даць артыстам зваротную сувязь.
– Некаторыя сказалі, што ім хочацца больш прачытаць пра Крэўскую ўнію, паглыбіцца ў гісторыю. Канешне, нам яшчэ ёсць, што дапрацаваць, але мы хацелі, каб дыяфільм дайшоў да аўдыторыі – і мы гэта зрабілі. Цяпер будзем думаць, у якім выглядзе даць яму жыццё: можа, зрабіць аўдыёзапіс і накласці на карцінкі… Спадзяюся, дыяфільм будзе запатрабаваным! – выказвае спадзеў Наталля.
Таксама творчая група гатова да гастроляў і чакае прапановаў на камерныя паказы для беларусаў і замежнікаў, на фестывалі і паўсюль, дзе ёсць людзі, якім было б цікава паглядзець на ажыўшыя падзеі 1385 года і Ягайлу, які чытае рэп.
Замаўляйце друкаваны комікс “Вядзьмедзева вунія” па электроннай пошце [email protected]. Дастаўка магчымая па ўсім свеце.
Падтрымайце Kreva.Travel!