Таямніцы і рэліквіі сучаснага касцёла Перамянення Пана
У самым цэнтры Крэва на высокім пагорку стаіць велічны двухвежавы каталіцкі храм з рысамі віленскага барока. Многія з тых, хто прыязджае сюды ўпершыню, прымаюць яго за архітэктурны помнік, якому не адна сотня гадоў. Аднак сёлета будынак адзначае свой яшчэ толькі дваццаціпяцігадовы юбілей.
Узводзіць новы каменны касцёл пачалі ў 1990-ых гадах – праз тры дзесяцігоддзі пасля таго, як быў зачынены стары драўляны каталіцкі храм, які савецкая ўлада перарабіла ў бальніцу.
Будаўніцтва ўзяў пад сваю апеку ксёндз Генрык Багушэўскі, які ў той час стаяў на чале парафіі ў суседніх Барунах. Было прапанавана некалькі варыянтаў архітэктурна-мастацкага вырашэння будучага храма. Спачатку абралі той, дзе касцёл быў прадстаўлены ў выглядзе навамоднага мадэрнісцкага будынка. Аднак айцец Генрык адстаяў праект, які з’яўляўся найбольш прымальным для нашай мясцовасці з гістарычна-культурнага пункту гледжання – імітаванне стылю віленскага барока.
Ксёндз ахвяраваў на будаўніцтва ўласны аўтамабіль
Пакуль вялася будоўля, набажэнствы ладзіліся ў капліцы, пад якую прыстасавалі колішні сельскі клуб, які да гэтага паспеў пабываць і калгаснай сталоўкай. Часам праводзіліся малебны і пад адкрытым небам – побач са сценамі будучага касцёла.
Не зважаючы на матэрыяльныя цяжкасці, што спадарожнічалі беларусам на працягу дзевяностых, касцёл быў пабудаваны за даволі кароткі час. Каталікі Крэва і ваколіц з апошняга ахвяравалі на адраджэнне святыні. Сам ксёндз Генрык Багушэўскі, каб папоўніць касцельны бюджэт, прадаў свой асабісты аўтамабіль. Вялікую дапамогу ў зборы сродкаў аказалі аднаверцы з іншых куткоў Беларусі і з Польшчы. Не засталіся ўбаку і землякі-праваслаўныя: хто праз царкву, а хто самастойна ўносілі свае ахвяраванні. Моцная падтрымка ішла і ад тагачаснага раённага кіраўніцтва.
Будаўніцтва і забеспячэнне касцёла ўсім неабходным было завершана ў 1997 годзе. Храм атрымаў тытул Перамянення Пана. Аднайменнае свята, якое адзначаецца 6 жніўня, з’яўляецца тут парафіяльным.
Першыя гады святыняй кіравалі ксяндзы з суседняга барунскага касцёла. У 2007 годзе на чале крэўскай парафіі стаў айцец Юрый Церабей, які зараз стала жыве ў мястэчку.
Пры ім будынак касцёла перакрылі новым дахам і перафарбавалі з белага ў жоўты колер. У 2012 годзе да 625-годдзя крэўскай парафіі на месцы колішняга драўлянага касцёла вернікі ўсталявалі памятны камень.
На вежах новага касцёла – крыжы са старога
Як сімвал пераемнасці пакаленняў, на стромкія вежы новаўзведзенага храма былі ўсталяваны металічныя крыжы са старога касцёла. Па словах айца Генрыка, іх разам з некаторымі іншымі касцельнымі рэчамі перадаў вернікам-каталікам колішні загадчык нарыхтоўчага магазіна яўрэй Давід Рабіновіч. У савецкія часы нехта з мясцовых здаў тыя рэчы на металалом, аднак нарыхтоўшчык вырашыў не адпраўляць іх на пераплаўку, а прыхаваць да лепшых часоў.
Пасля закрыцця ранейшага касцёла самі вернікі захоўвалі многія сакральныя рэчы па хатах у чаканні, што яны ўсё ж некалі зоймуць сваё месца ў адроджанай святыні. Са сховаў былі вернуты абраз Маці Божай, фігура Пана Езуса, каменны сасуд для святой вады і іншыя прадметы з касцельнага начыння. Нядаўна гэты спіс папоўніла каменная пліта з рэліквіямі, якая захоўвалася ў Вярэбушках.
На жаль, не ўдалося вярнуць званы са старога касцёла, якія былі адлітыя ў польскім горадзе Вэнграве ў майстэрні “Якуб Крушэўскі і сын”. У народзе хадзілі чуткі, што яшчэ за савецкім часам адзін з мясцовых жыхароў даведаўся аб месцы, дзе яны былі закапаныя, дастаў іх адтуль і, паддаўшыся спакусе, здаў на металалом. У выніку здзелкі ён нібыта стаў уладальнікам легкавога аўтамабіля.
Падтрымайце Kreva.Travel!