Цясляр Мікола Гіз: “Я тут яшчэ камяні пацягаю дый вежу пабудую! І памаляваць паспею”

8 кастрычніка 2023
Мікола Гіз
Мікола Гіз. Фота: Марыя Бартош

Цясляр Мікола Гіз, што працуе зараз на адбудове Крэўскага замка, апынуўся выдатным мастаком, які марыць скласці са сваіх замалёвак каляндар пра Крэва.

Па праўдзе кажучы, Мікола Гіз з Міра – не шараговы рабочы, які ў вольны час займаецца творчасцю. Ён прафесійны мастак з дыпломам Інстытута культуры, толькі ў разьбе па дрэве, а не ў графіцы. Больш за 20 гадоў спадар Мікола перадаваў сваё майстэрства студэнтам, а цяпер яго веды прыдаліся ў “Белрэстаўрацыі”. На рэканструкцыі Крэўскага замка таксама патрэбныя людзі, што ўмеюць абыходзіцца з дрэвам. І хоць кахання з першага позірку ў майстра з мястэчкам і не здарылася, цяпер ён зачараваны атмасферай Крэва і поўны творчых планаў.

– Першы раз я ў Крэва патрапіў дзесьці ў 2015 годзе. Мы прыязджалі на сядзібу Агінскага ў Залессе, і на зваротным шляху вырашылі заехаць сюды, паглядзець. Тады мне, канешне, тут не спадабалася. Сцены, руіны, разваліны – ніякага ўражання яны на мяне не зрабілі. А калі ўжо прыехаў летась і глянуў, як тут аднавілі палову гэтых сцен – быў уражаны гэтай моцай. Вышыня да метраў 10 даходзіць, таўшчыня пад 3 метры, і ўсё цэльны камень з цэглай. Вось гэта да! – пераказвае ўражанні Мікола Гіз.

Мікола Гіз
Майстар за працай у замку. Фота: Марыя Бартош

Майстар паспеў ужо заваяваць сэрцы мясцовых жыхароў. Тым, што шчыра зацікавіўся гісторыяй мястэчка, у якое яго прывяла праца. 

– Я прыехаў сюды і думаю: калі ёсць замак – ёсць жа нейкія і легенды. Пайшоў у кіёск, дзе сувеніры прадаюць. Кажу: дайце мне кніжку якую, я хачу зрабіць замалёўкі пра Крэўскі замак, пра вашыя легенды. А жанчына глядзіць на мяне і не можа зразумець, чаго гэта рабочы зацікавіўся гісторыяй замка! Але ў выніку пад слова гонару дала на два дні сваю кнігу, на выходныя. Я пасядзеў над ёй дома, нататкі зрабіў – і аддаў, – сарамліва пасміхаецца мастак.

Да сваіх малюнкаў, зробленых год назад, спадар Мікола ставіцца строга. І тут трэба намаляваць па-іншаму, і гэта трэба перарабіць… Ён старанна прарысоўвае дэталі, і над адной карцінай можа прасядзець нават 10 гадзін. Але ідэй і натхнення ў яго столькі, што іх хопіць нават на цэлую серыю малюнкаў! Толькі што творчаму чалавеку не хапае мэнэджара ў кампанію. І тое дзякуй, што Інстаграм мастака дапамагае весці дачка.

Мікола Гіз
Увечары ў руках замест цяслярскіх інструментаў і дрэва – аловак і папера. Фота: Марыя Бартош
Мікола Гіз
Фота: Марыя Бартош

– Я нават думаў зрабіць каляндар па легендах Крэўскага замка. Надрукаваць яго не праблема, а куды яго потым дзець? Калі надрукуюць не адзін, а сто або нават тысячу… – Мікола Гіз думае маштабна.

“У Крэва мяне 15 гадоў чакаў рыцар, зроблены маімі рукамі!”

Сваю зачараванасць Крэвам ён нават сам не можа патлумачыць. І гэта пры тым, што Мікола патрабавальны не толькі да сваіх малюнкаў, але і да таго, што бачыць перад сабой. Чалавек усё ж пры Мірскім замку жыве! 

– Тут адчуваецца асаблівая атмасфера. Здаецца нічога няма, сцяна – і ўсё, але зачаравальная аўра ёсць. Не магу ні сказаць, ні апісаць, але адчуваю. У Міры ўсё па-іншаму. Там дварэц для весялосці, а тут усё ж Крэўская ўнія, забойствы, Першая сусветная прайшла, і бамбілі, і атрад Бачкаровай змагаўся – усё сабрана, – разважае мастак.

І яшчэ ўзгадвае дзіўную гісторыю пра тое, як лёс яго быццам бы наўмысна звязаў з Крэвам. Калі Мікола Гіз працаваў майстрам у вучылішчы, яны з дзецьмі рабілі драўляныя скульптуры. Жывёл, персанажаў з беларускай класікі, рыцараў…

– А год таму мы адзначалі ў жніўні дзень будаўніка, і паехалі ў Крэва на стаянку каля возера. І якое было маё здзіўленне, калі на стаянцы я ўбачыў рыцара з замкам, якога рэзаў з дзецьмі пятнаццаць гадоў таму на замову дарожнай арганізацыі! За доўгія гады стаяння пад дажджом і снегам ён пачарнеў і падгніў, пачаў рассыпацца. Але так выглядае, што ўсе гэтыя пятнаццаць гадоў ён чакаў мяне ў Крэве, каб сказаць мне, што працы рук маіх не зніклі дарма. Дрэва стлела, а ў камяні маімі рукамі таксама адраджаецца замак у Крэве. Вось так жывеш – і не ведаеш, як дзень сённяшні адгукнецца ў будучыні, – прыгадвае спадар Мікола.

Драўляная скульптура рыцара
Той самы рыцар ля возера. Фота: Марыя Бартош

Майстар марыць яшчэ папрацаваць на Крэўскім замку ды пазбіраць уражанні. Але і пра адпачынак марыць таксама – у працоўны час жа няма калі маляваць! 

– Думаю, я тут яшчэ камяні пацягаю дый вежу пабудую! Ну і памаляваць паспею. Ёсць задумкі, а планы трэба ажыццявіць. Я ў вольны ад працы час сабе штосьці чыркаю, а як прыеду дадому, то ўжо сяду і памаленьку намалюю, – абяцае Мікола Гіз.

Падтрымайце Kreva.Travel!