“Прытулак смутных птахаў і непатрэбных гадаў”. Што пісаў пра Крэўскі замак турыст у 19 стагоддзі
У 1817 годзе нехта пад ініцыяламі W.F.K. у “Tygodnik Wileński” падзяліўся з чытачамі сваімі ўражаннямі аб наведванні Крэўскага замка, а таксама зрабіў кароткі экскурс у яго гісторыю. Гэта першая вядомая вандроўная нататка з Крэва.
У публікацыі аўтар пераказвае агульнавядомыя падзеі з гісторыі Крэва, пра якія ён вычытаў у хроніцы Стрыйкоўскага. Тут і супрацьстаянне Ягайлы з Кейстутам, і забойства апошняга ў Крэўскім замку, і ўцёкі адтуль яго сына Вітаўта.
Ва ўласцівым для эпохі Рамантызму ўзнёслым стылі W.F.K. перадае свае асабістыя думкі і пачуцці, якія авалодалі ім пры наведванні старажытнага помніка. “За мілі чатыры ад павятовага горада Ашмяны (1 літоўская міля ў ХVІІІ-ХІХ ст. адпавядала 7, 289 расійскім вёрстам (7,777 км – рэд.), у даліне паміж гор узносяцца руіны старога Крэўскага замка. Колішняе месца гонару, славалюбства, забойстваў, людскіх мук, а цяпер – прытулак смутных птахаў і непатрэбных гадаў. Мне падабаецца назіраць за падобнымі рэчамі. Уяўленне запаўняецца самой старажытнасцю. У пануючай над мясцовасцю змрочнай цішыні, пад тужлівы і перарывісты птушыны енк ды свіст вятроў, якія прадзіраюцца скрозь руіны, што параслі мохам і пустазеллем, чалавека выносіць са стану рэчаіснасці, кідае ў бездань даўніны. І здаецца, што паўстаюць цені волатаў, якія або ўладараць лёсам падуладных ім людзей, або стогнуць у ланцугах ад свайго глупства, зайздрасці, ганарлівасці. Або канаюць ад рукі забойцы. Завяршаючы гэтае сумнае адступленне, я плачу… О, людзі! У што ператвараецца ваша веліч у незваротным цячэнні часу? Vanitas vanitatis et omnia vanitas (Пустая марнасць, усё марнасць – рэд.)”.
У якім стане быў замак падчас візіту турыста
Знайшлося ў публікацыі крыху месца і для апісання знешняга выгляду некалі грозных муроў. “Я знайшоў з паўночнага боку маленькае акенца, забранае жалезнымі кратамі. Яно прапускала зусім мала святла ў цёмнае падзямелле, дзе, верагодна, пазбавілі жыцця Кейстута, і з якога гераічным шляхам быў вызвалены Вітаўт. Паўночна-ўсходняя частка вежы разбурана, што дазваляе бачыць вітую вузкую лесвіцу, якая вядзе да найвышэйшага паверха, крыху атынкаванага і ўпрыгожанага. Верагодней за ўсё, гэта быў пакой князя Крэўскага і Віцебскага Альгерда. З паўднёвага боку да вежы далучаецца падоўжаны квадрат высока ўзнесеных сцен. Адзнакі звонку тых муроў паказваюць, як высока ўздымалася вада, што атачала іх. Акенца ў ніжняй частцы паўночнай сцяны вежы знаходзілася над самай вадой…”
А ці ёсць графічныя выявы помніка тых часоў?
У Літоўскім дзяржаўным гістарычным архіве знаходзім “Справу аб складанні планаў і фасадаў старажытных будынкаў па Віленскай губерні і г. Вільні” ад 1827 года.
З’явіўся гэты дакумент дзякуючы двум цыркулярам Міністэрства ўнутраных спраў Расійскай імперыі, якія абавязвалі губернатараў падаваць у міністэрства звесткі пра наяўнасць і стан старажытных помнікаў на падначаленых ім тэрыторыях. Забаранялася разбураць знакавыя будынкі, а адказнасць за іх ахову ўскладвалася на начальнікаў гарадоў і мясцовую паліцыю. Таксама ўхвалялася прадстаўленне планаў і фасадаў гэтых будынкаў. Неабходна было прадставіць і каштарыс рамонтных работ на выпадак, калі мясцовыя ўлады вырашаць прывесці ў парадак які-небудзь помнік.
Для Крэўскага замка былі падрыхтаваны яго паўнавартасная выява, план і кароткае тэкставае суправаджэнне. Верагодна, улады мелі намер правесці пэўныя аднаўленчыя работы.
Для адлюстравання знешняга выгляду помніка інжынер Георгій Вялікародаў выбраў даволі нязвыклы ракурс. Малюнак зроблены з паўднёва-ўсходняга боку. Дзякуючы гэтаму, мы бачым адтуліну ў паўднёвай сцяне, якую многія лічаць другім (“ніжнім”) уваходам у замак. Аднак магчымая брама знаходзілася не ля самой зямлі, а крыху вышэй, што дае падставу меркаваць аб тым, што ўваход ажыццяўляўся з моста. Менавіта такім чынам можна было трапіць у замак праз галоўную (“верхнюю”) браму. На малюнку адлюстраваны таксама сажалка і млын. Добра праглядваецца і Княжацкая вежа, хоць знаходзіцца яна на заднім плане.
Вялікую каштоўнасць для вывучэння замка мае і старанна выкананы яго план. Тут добра захаваны ўсе прапорцыі, адзначаны брамы і праёмы, правільна ўказаны кірункі свету. Бачна, што ў той час сажалка існавала не толькі па-за замкам, але і ўнутры яго – у нізіне ля ўсходняй і паўднёвай сцен. Была яна праведзена з ракі пры дапамозе падземнага вадапровада і займала тады амаль палову дзядзінца.
Схематычнаму малюнку замка больш за 430 год
Між тым, за найстарэйшую выяву замка ў Крэве можна прыняць схематычнае абазначэнне помніка на карце Мацея Струбыча 1589 года. Мастак адлюстраваў яго даволі праўдзіва – замкавая сцяна і дзве вежы. Але калі браць пад увагу недакладнасці ў іншых пазначаных на карце помнікаў, то напрошваецца выснова, што дакументальная прамалёўка Крэўскага замка – усяго толькі ўдалае супадзенне.
Падтрымайце Kreva.Travel!