Сем крэўскіх цэркваў, ад якіх засталіся толькі імёны
За ўсю сваю гісторыю мястэчка Крэва мела найменей восем цэркваў. Да нашых дзён захавалася толькі адна з іх. Краязнавец Аляксандр Камінскі “прагуляўся” па старых планах і вызначыў месцы ды імёны зніклых святыняў.
Па стану на канец XIX стагоддзя акрамя дзеючага ў наш час храма Аляксандра Неўскага, у Крэве былі яшчэ тры праваслаўныя царквы: Мікалаеўская, Успенская і Свята-Троіцкая.
Пералічаныя цэрквы лёгка знайсці на тагачасных планах мястэчка. Прысутнічаюць яны і на панарамным малюнку Крэва мастака Баляслава Тамашэвіча з кнігі Чэслава Янкоўскага “Ашмянскі павет”. Усе святыні, акрамя Мікалаеўскай, згадваюцца і ў тэкставым апісанні мястэчка, зробленым Янкоўскім: “…Пасярэдзіне – белы гмах новай царквы, узведзенай на месцы неіснуючага зараз касцёла… На левым ускрайку панарамы – шэрая пасляўніяцкая цэркаўка на могільнікавай платформе сярод зеляніны разложыстых дрэў… На другім плане пейзажу, наўпрост перад вачыма – белая вежачка трэцяй крэўскай царквы.”
Мікалаеўская царква, у якой з’явіўся абраз Божай Маці
З Мікалаеўскай царквой, што месцілася на пагорку побач з царквой Аляксандра Неўскага, звязана адна з першых вядомых пісьмовых згадак пра крэўскія праваслаўныя (а на той час – уніяцкія) святыні. Знаходзім яе ў грамаце караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта ІІІ крэўскім мяшчанам. У гэтым лісце, датаваным 30 ліпеня 1609 года, кароль дае адказ на скаргі жыхароў Крэва, што крэўскі староста Ян Валмінскі парушае законы і іх правы. Скардзіліся яны і на тое, што староста вольна абыходзіцца з зямельнай маёмасцю царквы святога Мікалая.
Крыху ранейшую дату, звязаную з царквой у Крэве, знаходзім у кнізе Сяргея Салаўёва “Гісторыя Расіі са старажытнейшых часоў”. Хоць назва яе там і не падаецца, але найхутчэй, што таксама маецца на ўвазе Мікалаеўская. Гаворка ў тэксце ідзе аб тым, што прыхільнік царкоўнай уніі Іпацій Пацей знайшоў у 1605 годзе ў крэўскай царкве старажытныя граматы, якія нібыта даказвалі ранейшае існаванне уніі на Русі. Знойдзеныя паперы былі датаваны ажно 1476 годам. Факт захоўвання такіх старых дакументаў у царкоўным архіве наводзіць на думку і аб больш значным веку самой царквы. Аднак, гэта толькі меркаванне. Тым больш, што сапраўднасць тых дакументаў была аспрэчана праціўнікамі уніі.
Цікавую інфармацыю, якая таксама мае дачыненне да крэўскай Мікалаеўскай царквы, знаходзім у 2-м томе кнігі “Апісанне архіва заходнерускіх уніяцкіх мітрапалітаў”, выдадзеным у 1907 годзе. На жаль, там падаюцца не самі дакументы, а толькі інвентарныя звесткі і кароткае апісанне. Са справы №2374 за 25 верасня 1781 года даведваемся аб выпадку з’яўлення ў гэтай царкве абраза Божай Маці. 14 лістоў справы – гэта прадпісанне правесці абследаванне з’явы, акты самога абследавання і далейшага лёсу абраза. У наш час дакументы канцылярыі мітрапалітаў захоўваюцца ў Расійскім дзяржаўным гістарычным архіве ў Санкт-Пецярбургу. Больш дэталёвае вывучэнне справы з’яўлення абраза магчыма, але можа быць праблематычным, бо, як пазначана ў вышэй згаданай кнізе, некаторыя дакументы былі моцна пашкоджаны мышамі.
Фігура-марыянетка Хрыста з Успенскай царквы
Успенская царква знаходзілася недзе ў раёне сучасных каталіцкіх могілкаў, а найхутчэй – на самім могілкавым пагорку. Пра гэта сведчаць мясцовыя старажылы ды нешматлікія пісьмовыя крыніцы і планы Крэва. Калі ў 1866 годзе асвячалі Свята-Троіцкую царкву, туды быў зладжаны хросны ход. Як апісваецца ў “Літоўскіх епархіяльных ведамасцях”, ісці прыйшлося вярсты дзве, перабіраючыся з пагорка на пагорак. Па словах аўтара допісу, Успенская царква мела варты жалю выгляд: дах быў пакрыты саломай, сцены пакошаныя.
Як сведчыць вядомы збіральнік даўніны Юзаф Ядкоўскі, гэты будынак хоць і “быў у занядбанні і меў дзіравы дах”, але яшчэ існаваў у 1913 годзе. Даследчык выявіў у ім незвычайную скульптуру Хрыста грубай разьбярскай работы са слядамі паліхроміі і вышынёй каля паўтара метра. Абедзве рукі фігуры падпарадкоўваліся даволі прымітыўнаму жалезнаму механізму, сканструяванаму такім чынам, што калі пацягнуць ззаду за шнур, яны падымаліся ўверх ці апускаліся. Такім чынам, у патрэбныя моманты Хрыстос нібы “бласлаўляў” вернікаў. Першапачаткова фігура размяшчалася на арачнай бэльцы царквы, была прыкрыта шырмай і адчынялася толькі ў часы ўрачыстасцей.
Крэўскі святар на службе ў Рускага геаграфічнага таварыства
Апошнім святаром крэўскай Успенскай царквы быў Леў Гарасімавіч Зянковіч. Пачынаючы з 1813 года, ён праслужыў у Крэве паўстагоддзя. Святарская дзейнасць Зянковіча прыпала на няпросты перыяд пераводу вернікаў-уніятаў у праваслаўе. На 1856 год Зянковіч далучыў да праваслаўя 204 асобы, хрысціў 10 яўрэяў і 3 мусульман. Пры ім будавалася новая крэўская царква – Аляксандра-Неўская. За руплівасць у царкоўных і грамадскіх справах святар нярэдка атрымліваў падзякі і ўзнагароды. У прыватнасці, быў адзначаны Рускім геаграфічным таварыствам за пададзеныя кліматычныя звесткі.
Свята-Троіцкая царква, якую расстралялі русскія
Свята-Троіцкая царква месцілася на пагорку, дзе сёння стаіць дзеючы касцёл Перамянення Пана. Век яе быў нядоўгім: пераробленая ў 1866 годзе з адабранага царскімі ўладамі ў католікаў касцёла, праз два дзесяцігоддзі яна зведала вялікі пажар, пасля якога засталіся толькі сцены. Пазней была адбудаваная і праіснавала да часоў Першай сусветнай вайны, падчас якой была дашчэнту знішчана артылерыйскімі абстрэламі з боку рускіх войскаў – акурат у царкве знаходзіліся пазіцыі немцаў.
Яшчэ чатыры старажытныя цэрквы
Мясцовы святар Дамецій Плаўскі ў сваім гісторыка-этнаграфічным нарысе “Мястэчка Крэва” зрабіў высновы, што акрамя тагачасных чатырох святыняў у больш далёкія часы тут існавалі яшчэ чатыры.
Назвы старажытных цэркваў згадваюцца ў матэрыялах генеральнай візітацыі грэка-каталіцкай царквы за 1784 год. У артыкуле пра паўторнае асвячэнне крэўскай Свята-Троіцкай царквы пасля пажару ў “Літоўскіх епархіяльных ведамасцях” за 1889 год падаюцца яшчэ і назвы пагоркаў, дзе стаялі некаторыя святыні.
У пералік трапілі колішнія цэрквы Багародзіцы, велікамучаніка Георгія, Уваскрэсення Панскага, Спаса-Праабражэнская, а таксама згадваецца ўрочышча Царкавішча “са старажытнымі магільнымі каменнымі крыжамі”, дзе таксама некалі мог стаяць храм (магчыма, нават і згаданая Спаса-Праабражэнская царква). Знаходзілася тое месца “за дзве вярсты, дзе некалі заканчваўся горад, а цяпер – сярод дрымучага лесу”. Пагоркі маюць блізкія да цэркваў назвы – Уваскрэсення, Прачыстай і Юрава гара.
Па крыптаніму “С. Д. П.” і некаторых іншых прыкметах можна меркаваць, што ў ролі карэспандэнта быў святар Дамецій Плаўскі.
Дзе стаялі
Вызначэнне месцазнаходжання пагорка Уваскрэсення і аднайменных могілкаў лёгка праводзім пры дапамозе плана мястэчка Крэва 1869 года, які захоўваецца ў школьным музеі. Згодна надпісу на ім, яны размяшчаліся на пагорку за Багданаўскай вуліцай на супрацьлеглым ад замка баку.
Юрава гара – самы знакаміты крэўскі пагорак. На яго вяршыню можна патрапіць, прайшоўшыся метраў трыста ад замка ўглыб вуліцы Дзяржынскага. Названая ў згаданых вышэй публікацыях царква Георгія (або Юрыя-пакутніка) магла стаяць на гары ці побач. Тое месца, як піша карэспандэнт, было пазначана крыжам, які бачыўся здалёк.
Вызначыць месцазнаходжанне пагорка Прачыстай, на якім былі “бачны вялікія каменныя пліты з высечанымі на іх крыжамі”, аказалася цяжэй. У публікацыі пазначана, што размешчаны ён на процілеглым ад пагорка Уваскрэсення баку. Для крэўскага ландшафту наводка даволі расплывістая: куды ні кінь вокам – перад табой заўсёды будзе не адзін, а некалькі пагоркаў. Але найверагодней, што ў дадзеным выпадку маецца на ўвазе невялікае ўзвышша з рэшткамі надмагілляў, што захаваліся за колішняй Татарскай вуліцай (цяпер – Дзяржынскага), непадалёк ад месца, дзе яна злучаецца з Багданаўскай. На старых планах мястэчка гэтыя могілкі таксама пазначаны. Менавіта тут магла некалі знаходзіцца царква Багародзіцы, бо словы “Прачыстай” або “Прачысценская”, ад якіх пайшла назва пагорка – гэта ўніверсальная назва ўсіх цэркваў у гонар Божай Маці.
Звесткі пра Спаса-Праабражэнскую царкву ў розных крыніцах найбольш блытаныя, і нават прыблізнае яе месцазнаходжанне дагэтуль не паддаецца высвятленню. У публікацыі 1866 года ў “Літоўскіх епархіяльных ведамасцях” сказана, што яе рэшткі знаходзяцца недзе “на ўзлессі”, а ў артыкуле за 1889 год выказваецца версія, што гэтая царква стаяла на тым месцы, дзе пазней быў ўзведзены касцёл, які ў сваю чаргу ў 1866 годзе быў перароблены ў Свята-Троіцкую царкву. Гэтае сцвярджэнне аргументуецца ўсяго толькі тым, што касцёл той быў павернуты алтарнай часткай на ўсход, што не характэрна для каталіцкіх храмаў. Таму аўтар публікацыі робіць выснову, што рэстаўраваныя некалі католікамі пад свой храм разваліны былі нічым іншым, як рэшткамі старажытнай праваслаўнай Спаса-Праабражэнскай царквы, якая нібыта згадвалася ў Смаленскім летапісе за 1495 год. Магчыма , гэтыя высновы былі надуманымі і мелі мэтай апраўдаць пераробку крэўскага касцёла ў царкву.
Варта заўважыць, што і ў згаданых газетных публікацыях, і ў больш ранніх матэрыялах візітацыі падкрэсліваецца, што звесткі пра колішнія крэўскія цэрквы заснаваны толькі на паведамленнях мясцовых старажылаў і на аналізе тапонімаў.
Падтрымайце Kreva.Travel!