Як жыхары Крэва змагаліся з эпідэміямі
Пра народныя сродкі барацьбы з эпідэміямі і недакладнасці ў асвятленні гэтай тэмы некаторымі даследчыкамі распавядае краязнаўца Аляксандр Камінскі.
Неаднойчы даводзілася чытаць і чуць пра магічны абрад абворвання селішча, які быццам бы праводзіўся крэўскімі жыхарамі, калі ўзнікала пагроза пранікнення ў мястэчка халеры ці якой іншай напасці. Зводзіўся ён да наступнага.
Абрад праводзіўся жаночай паловай паселішча пры пагрозе прыходу ў яго якой-небудзь заразы. Для яго правядзення выбіралі трох нявінніц, дзяўчат прыстойных паводзін. Ім загадвалі поўнасцю распрануцца і ў такім выглядзе ўпрэгчыся ў саху. Затым дзяўчаты павінны былі пракласці вакол паселішча баразну, якая лічылася выратавальнай. “Тройку” суправаджаў натоўп старых жанчын, якія лямантавалі, білі па патэльнях, косах і вёдрах, каб створаным шумам адагнаць ад працэсіі нячыстую сілу. Калі на іх шляху трапляўся мужчына, то даведзеныя да шаленства жанчыны маглі яго пабіць.
Неяк раз я запярэчыў аднаму экскурсаводу, які заўзята распавядаў у Крэве сваім слухачам пра гэты нібыта тутэйшы абрад, што ён да нашага мястэчка дачынення не мае. Па-першае, паселішча нашае хоць і невялікае, але кампактным яго не назавеш. Таму абараць яго сіламі трох маладых дзяўчат было б вельмі праблематычна. Тым больш мясцовы ландшафт са шматлікімі крутымі пагоркамі, ярамі ды густым кустоўем навокал ствараў бы для іх дадатковыя цяжкасці. Па-другое, ніхто з мясцовых старажылаў пра падобнае ніколі не згадваў, ды і пісьмовых крыніц, дзе абрад апісваецца з прывязкай да нашай мясцовасці, быццам бы таксама няма. У сваю чаргу, экскурсавод запярэчыў мне: “Абрад апісаны ў кнізе Эдуарда Ляўкова “Маўклівыя сведкі мінуўшчыны”.
І сапраўды, апісанне абраду абворвання паселішча ў згаданай кнізе маецца. Праўда, там нідзе не сказана, што ён, як і мноства іншых прыведзеных аўтарам цікавых і экзатычных засцерагальных абрадаў з розных куткоў Беларусі, быў характэрны для Крэва. Проста, у кнізе ён папярэднічае аповеду пра крэўскі камень-абярэг (або збярог-камень), таму многія чытачы між волі аб’ядноўваюць гэтыя два паведамленні ў адно цэлае.
Камяні “перакрывалі” хваробам шлях у мястэчка
Камень, пра які піша Эдуард Ляўкоў, захаваўся да нашых дзён. Знаходзіцца ён на вуліцы Дзяржынскага (колішняй Татарскай) наўпрост пры дарозе амаль на самым выездзе да трасы Мінск-Вільнюс.
Па словах аўтара, у 1871 годзе, калі на Беларусі лютавала эпідэмія халеры, у Крэве былі пастаўлены чатыры такія абярэгі, каб засцерагчы мястэчка ад пранікнення ў яго цяжкай хваробы. Не буду спрачацца з аўтарам, але, па-мойму, на камені выбіты ўсё ж 1831 год. Сапраўды, перадапошняя лічба ў даце больш нагадвае той варыянт “тройкі”, які, да прыкладу, мела савецкая трохкапеечная манета.
І менавіта ў 1831 годзе халера ў чарговы раз ахапіла ўсю Расійскую імперыю. Найчасцей гэтая хвароба прыходзіла ў Расію з усходніх краін. Так было і ў той год. Магчыма, што да зямель колішняй Рэчы Паспалітай эпідэмія і не дайшла б, але яе прынеслі расійскія вайскоўцы, якія прыбылі сюды, каб падавіць гэтак званы “польскі мяцеж”, які ўспыхнуў якраз у 1831 годзе.
На невялікім пагорку, які знаходзіцца непадалёк ад Аляксандра-Неўскай царквы, і які ў народзе называюць Міколай, калісьці стаяла Мікалаеўская царква.
Па словах найстарэйшых жыхароў мястэчка, на могілках пры гэтай царкве некалі хавалі ахвяраў халеры. Расказваюць, што памерлых у час эпідэміі было так многа, што ў адну магільную яму змяшчалі па некалькі трунаў. Магчыма, гэта і было ў той год, калі былі пастаўлены тыя чатыры камяні-абярэгі, адзін з якіх захаваўся да нашых дзён. А магчыма, што і раней. Бо гэтак званая Моравая панна завітвала сюды нярэдка, няледзячы на тое, што стасункі паміж рознымі тэрыторыямі былі не такімі шчыльнымі, як цяпер.
Дубовыя крыжы абаранялі ад разбурэнняў і пажараў
У час Другой сусветнай вайны ў Крэве і навакольных вёсках паўстала каля дарог мноства вялікіх дубовых крыжоў. Стаялі б яны і да нашага часу, каб не былі знішчаныя па волі савецкай улады.
Найстарэйшыя жыхары Крэва расказваюць, што спрадвеку ставілі такія абярэгі для таго, каб выратаваць паселішча ад розных эпідэмій, а ў час войнаў – яшчэ і ад разбурэнняў і пажараў. Як сведчаць старажылы, пры іх узвядзенні патрэбна было прытрымлівацца пэўных правілаў і ўмоўнасцей. Згодна ім, усе працы – ад пілавання дрэва да ўстаноўкі крыжа – павінны быць выкананы мужчынамі ад заходу сонца да світанку. За гэты ж час жанчыны мусілі апрацаваць лён, напрасці нітак і выткаць з іх ручнік, які вешаўся, пакуль не паднялося сонца, на толькі што ўсталяваны крыж. Калі ж па нейкіх прычынах не ўдавалася завяршыць рытуал да ўсходу, лічылася, што ніякай магічнай сілы абярэг мець не будзе.
Падтрымайце Kreva.Travel!