Удзельнікі трэйлавых гонак пра Крэва: «У Беларусі мала такіх месцаў: то пад’ём, то спуск!»
На аматарскія спаборніцтвы па бегу «Жук-Трэйл #11» і веламарафон «Вітаўт» у Крэва прыехала больш за 400 удзельнікаў.
Чарговы масавы старт аматараў экстрэмальнага бегу і велатрэйлу прайшоў у Крэве 14 красавіка. Праверыць сябе на трываласць і заадно агледзець славутасці мястэчка выказалі жаданне не толькі беларусы, але і спартсмены з Літвы і Расіі.
– У гэтым годзе да нас прыехалі расейцы – каля 10 чалавек. Яны выступалі на доўгіх дыстанцыях. У Расіі таксама ёсць старты падобнага ўзроўню, але вельмі прыемна, што хлопцаў зацікавілі менавіта нашы гонкі, яны выбралі Беларусь і Крэва, – кажа Міхаіл Сідарук, кіраўнік Федэрацыі прыгодніцкіх гонак, якая арганізоўвае спаборніцтвы.
«Жук-Трэйл #11» і «Вітаўт» – гэта два адначасовых старты: на 5, 10 і 21 км, а таксама ультра-трэйл і веламарафон на 42 км і 80 км. Юныя спартсмены разам з бацькамі зладзілі сімвалічны забег каля сцен Крэўскага замка на 500 м і 1,5 км.
– Кожны год мы пазначаем новую дыстанцыю так, каб яна не паўтаралася з леташняй. У гэтым годзе мы пастараліся зрабіць новы маршрут. Мяркуючы па водгуках, удзельнікі задаволеныя. Хоць тут такія месцы, што складана зрабіць так, каб не спадабалася, – распавядае Міхаіл Сідарук.
80 кіламетраў за 8 гадзін!
Мінчанка Аксана Сулімчык выйшла на старт у Крэве ўжо ў другі раз. І стала першай у бегу на 80 км! Гэтую дыстанцыю 33-гадовая атлетка пераадолела за 8 гадзін 33 хвіліны.
– Вынік у мяне звычайны, без рэкордаў, – сціпла прызнаецца дзяўчына. – Я бегла налёгку, таму што астатнія дзяўчынкі не захацелі скласці мне канкурэнцыю – моцна адставалі. Калі б яны дыхалі мне ў патыліцу, было б цікавей, патрэбна ж нейкая інтрыга!
Праўда, забегам яна ўсё роўна засталася задаволеная – добра правяла час, апрабавала новую трасу.
– У гэты раз маршрут змянілі – ён стаў менш праходзіць праз вуліцы, але больш па палях з усялякімі прыроднымі перашкодамі, заблытаны такі. Было цікава! У наступным годзе, можа, памяняю дыстанцыю або змяню дысцыпліну – сяду на ровар, напрыклад, каб яшчэ раз паспрабаваць сябе выпрабаваць, – дзеліцца ўражаннямі і планамі Аксана.
Літовец нарэшце пабачыў Крэўскі замак
А для дыпламата з Літвы Данатаса Аўгуліса крэўскі трэйл стаў яшчэ і падставай нарэшце ўбачыць месца, аб якім раней чытаў у школьных падручніках. Данатас некалькі гадоў запар амаль кожны тыдзень па працы ездзіў з Літвы ў Мінск і праязджаў паказальнік на Крэва. І вось даследаваў мястэчка на ровары – літовец заняў 9 месца з 72 у веламарафоне «Вітаўт» на дыстанцыі 80 км.
– Мае ўражанні ад гонкі самыя прыемныя! І, вядома, ад Крэва таксама. Так атрымлівалася, што я ніколі сюды не заязджаў, на жаль. І мне тут спадабалася! Вельмі важна, што гэта не проста спартыўныя спаборніцтвы, а яшчэ і магчымасць наведаць гістарычнае месца. Тым больш, што яно знакавае для нашай агульнай гісторыі. Ваколіцы тут цудоўныя. У Беларусі мала такіх месцаў, усё больш раўніна, а тут – то ўздым, то спуск! Іншыя спартсмены мне казалі, што з некаторых вяршыняў нават бачная Літва. А я жартаваў, што не ведаю, у які бок глядзець – падчас гонкі не да гэтага! Мы павесяліліся, як мае быць! – падводзіць вынік крэўскім гонкам Данатас Аўгуліс, дарадца-пасланец амбасады Літвы ў Беларусі.
На трасу выйшла дзяўчынка з ДЦП
Упершыню пабывала ў Крэве і 12-гадовая Ліля. У дзяўчынкі ДЦП, але яна ўдзельнічала ў экстрэмальным забегу разам з татам – вядомым аматарам марафонаў. Ён вёз дачку ў спецыяльна абсталяванай калысцы. Мінчанін называе гэта сацыя-спартыўнай рэабілітацыяй.
– Першую палову шляху яна разглядала наваколлі. Жвіровая дарога дадала ёй праблем у выглядзе пылу і жорсткай трасяніны. Сонца слепіць вочы, люты вецер – парывы да 16 м / с – дзярэ шчокі. Чым яе становішча адрозніваецца ад майго? Амаль нічым, толькі я яшчэ і працую нагамі, – разважае Дзмітрый Цімашкоў, тата Лілі.
Сям’я бегла не на вынік, а дзеля задавальнення, адпачынку на свежым паветры і экскурсіі па Крэве.
– Ці многія дзеці з інваліднасцю бачылі столькі ў гэты дзень? – задаецца пытаннем бацька.
Падтрымайце Kreva.Travel!