Стары мізар. Апошні прытулак татарскай спадчыны крэўскіх ваколіц
Крэва і прывязаныя да яго “спадарожнікі” спрадвек існавалі ў шматнацыянальным асяродку месцічаў – праз плот ці зямельны надзел суседнічалі беларусы, габрэі, палякі, татары. Міжэтнічная гармонія цягнулася б і надалей, каб не драматычныя ўзрушэнні ХХ стагоддзя.
Лейла Бекіраўна Мусіч нядаўна адзначыла 80-гадовы юбілей. Асаблівай падставы для радасці не было – незадоўга перад тым памёр муж Франц-Адам, з якім больш за паўстагоддзя крочылі па жыцці.
Цяпер яна адна ў сваім дамку на крэўскай вуліцы Багданаўскай, з дачкой і ўнукамі сувязь дыстанцыйная. Ёсць яшчэ кватэра ў Мінску, але гарадскі тлум і не самы экалагічны раён зводзяць знаходжанне ў сталіцы да мінімуму. На стала пераехаць пад сцены сярэднявечнага замку замінае занадта доўгі ацяпляльны сезон – бесперапынна “качагарыць” у паважаным веку і з цэлым букетаў хваробаў не выпадае фізічна.
Сарваць дах, каб “прастымуляваць” пераезд
Крэва здаўна мела “тытул” габрэйскага мястэчка – у асобныя часы колькасць жыдоў (назва ў беларускай мове ніколі не мела абразлівай канатацыі) дасягала траціны ад усіх жыхароў. На жаль, пазней лёс цэлага народа склаўся трагічна, але ў дамінантныя часы іншыя этнасы выдаваў хіба характэрны вонкавы выгляд. Як, напрыклад, у выпадку з татарамі. Тыя хоць і былі ў нацменшасці, але звесткі пра колішнюю Татарскую вуліцу маюць на ўвазе, што сваю крэўскую нішу яны таксама займалі.
Татарскі след на беларускіх землях упершыню адбіўся ў XV стагоддзі, калі Вялікі князь Вітаўт не толькі прытуліў, а ўзяў на службу некалькі ханаў Залатой Арды з парэшткамі іх разбітых войскаў. На знак удзячнасці азіяцкія ваяры сталі пад сцягі ВКЛ і пасля завяршэння гераічных паходаў многія кампактна аселі на Віленшчыне. Ці не адтуль такія характэрныя назвы з адсылам да гістарычных каранёў – скажам, Ардашы?
Лейла Мусіч якраз з-пад Ардашоў, гэта дзясятак кіламетраў ад Крэва. Бацькоўскі засценак Ластаі захаваўся хіба на старых мапах, цяпер аднайменнае ўрочышча фігуруе з прывязкай да мізара – мусульманскіх могілак у цені магутных дрэваў. Сам іх памер сведчыць пра тое, колькі татар жыло ў бліжэйшых ваколіцах. Тут, у атачэнні шматлікай радні, жанчына запланавала і свой апошні спачын – побач з дзядамі-бабулямі, мужам, дачасна памерлымі маленькімі братамі.
“Той край складаўся з хутарскіх гаспадарак – калі моцна крыкнуць, можа суседзі і пачулі б, а можа і не, – усміхаецца суразмоўніца, згадваючы дзяцінства ў Ластаях. – А недзе ад 1957 году пачалася так званая “ліквідацыя неперспектыўных пасяленняў” – пад шыльдай калектывізацыі намагаліся сабраць аднаасобнікаў да кучы. І наша сям’я пад тую раздачу трапіла першай. Начальства прыгнала людзей з Ардашоў, тыя без лішніх слоў сарвалі дах – так “стымулявалі” пераезд. Я ўжо вучылася, а сястра расказвала, што якраз пачалася залева, мокрыя стаялі з начоўкамі на галовах, каб не заліло ўнутры”.
Калгаснае кіраўніцтва прапанавала разабраць парэшткі жытла і перавезці ў суседнія Ардашы – пілотны праект тутэйшай калектывізацыі. Мусічы адмовіліся: як жыць побач з тымі, хто зруйнаваў твой дом? Дарэчы, найбольш адважныя засцянкоўцы дэманстравалі сваё стаўленне да ўзбуйнення своеасаблівым “перформансам” – мужыкі выходзілі на “праменад” у кальсонах, выказваючы такім чынам сваю пагарду.
Так на фоне цывілізацыйнага канфлікту ў якасці альтэрнатывы ўзнікла Крэва. Спачатку засяліліся ў стары дамок з уласцівым для мястэчка “выхадам на тратуар” – выкупілі ў татарскай сям’і, якая, у сваю чаргу, набыла яго ў гаспадароў-габрэяў. Пры разбудове населенага пункта будынак быў вызначаны пад ахвяру “аптымізацыі”, удалося ўратаваць толькі “казырныя” дзверы (яны дагэтуль прычыняюць падсобку ў цяперашнім жытле Лейлы Бекіраўны). Тым часам Мусічы ўсё ж перавезлі конна “пакалечаны” зруб з Ластаёў – канструкцыя пасля неаднаразова дараблялася ды перасоўвалася, бо начальнікам трэба было, каб вуліца стаяла “па нітцы”.
Конкурс на жаніха, які стане муэдзінам
Бацькі Лейлы Мусіч – этнічныя татары: Бекір Амуратавіч і Мер’ема Леонаўна. Як высветлілася, іх шлюб быў абстаўлены пэўнымі нюансамі. Родзічы нявесты з Александровічаў мэтанакіравана шукалі ёй духоўнага партнёра, які б мог падхапіць дзедаўскую справу – арганізоўваць цырымоніі пахавання на мізары. Мула, мална, муэдзін – адным словам, абазнаны ў мусульманскіх традыцыях. У нейкі момант узнік такі кандыдат з-пад Клецку.
Сямейны іспыт малады чалавек прайшоў на выдатна, хутка стаўшы сваім чалавекам у акрузе. У адсутнасць мячэці пад імправізаваны штодзённы малельны дом пераабсталявалі частку хаты. І калі за польскай адміністрацыяй тое сумяшчэнне нікому не замінала, пры бальшавіках прапаганда “рэлігійнага дурману” толькі паскорыла адсяленне.
А вось на ўрачыстую службу шматлікі татарскі дэсант з засценкаў ды вёсак выпраўляўся ў бліжэйшы мячэць, што ў Даўбучках (Даўбуцішкі). Там жа атрымалі свае “метрыкі” дзеці Лейла і Селіма. Двум хлопчыкам пажыць не давялося, іх не стала яшчэ немаўлятамі. На жаль, ужо ў наш час унікальны помнік драўлянага дойлідства стаў ахвярай прымусовай музеіфікацыі – яго “тэлепартавалі” на тэрыторыю створанага комплексу ў Азярцы пад Мінскам, дзе ён згніў у чарзе стаць экспанатам.
Але ёсць шанец паўстаць прынамсі ў выглядзе макета. Сусед Лейлы Бекіраўны – майстар-універсал Кастусь Дземідовіч. Усхваляваны аповедамі жанчыны, цяпер рыхтуе спецыяльную экспазіцыю па татарскай мінуўшчыне Крэва – акурат з міні-копіяй даўбучскай святыні.
Нягледзячы на тое, што з абвяшчэннем савецкай улады “застымуляваныя” татары масава пакідалі свае засценкі ды неперспектыўныя вёскі, у апошні шлях усё ж вярталіся на радзіму – былыя жыхары Кутоў, Раўка, Янушоў, таго ж Крэва. Плюс Ашмяны, Гальшаны, Вішнева, нават Вільня, куды падаліся ад калектывізацыі. Ужо працуючы ў калгасе рахункаводам, Бекір Мусіч да апошняга дапамагаў адзінаверцам годна развітацца з зямнымі справамі, дакладна трымаючыся рытуалаў прашчураў.
Могілкі ўрочышча Ластаі, абазначаныя на ўязной браме традыцыйнымі паўмесяцам з зоркай, налічваюць не адно стагоддзе. Многія помнікі сведчаць пра знатнае паходжанне тых, хто пад імі – напрыклад, прадстаўнікі шляхетнага роду літоўскіх татар Туган-Бараноўскіх.
На пэўным гістарычным этапе культавую тэрыторыю выкарыстоўвалі ў тым ліку няпрофільна. Так, у самым цэнтры на пагорку – сам як помнік эпосе – напаўзасыпаны бетонны бліндаж Першай сусветнай вайны. Мяркуючы па памерах, на стратэгічнай высотцы германскае камандаванне абсталявала штаб з усімі выгодамі. Ад мясцовых дайшлі звесткі, што перад будаўніцтвам давялося эксгумаваць некалькі пахаванняў і перанесці ў іншае месца.
Па іроніі лёсу, Бекір і Мер’ема Мусічы пахаваныя не на родным ластайскім мізары, а ў Лоўчыцах пад Наваградкам – туды выйшла замуж іх малодшая дачка Селіма, яна і настаяла, каб бацькі былі побач.
Сямейная рэліквія, якую нарэшце расшыфравалі
Лейла Мусіч – выпускніца факультэта гісторыі Белдзяржуніверсітэта. Скончыла аспірантуру, але да абароны дысертацыі справа не дайшла. Наракае, што навязаная ідэалогія будаўнікоў савецкага грамадства “без этнасаў і народнасцяў” не дала ў свой час засяродзіцца як на сямейных, так і глабальных таямніцах.
“Я хоць і гісторык паводле адукацыі, але што нам укладалі ў вушы? Веды савецкага тыпу, якія мусілі трымацца цалкам канкрэтных рамак. Таму вельмі шкадую, што, маючы пасля ўніверсітэта рэкамендацыю ў аспірантуру – скончыла з чырвоным дыпломам з выдатнай адзнакай – не занялася вывучэннем гісторыі татарскага народу. Як на цяперашні розум, калі мазгі ўжо крыху прачысціліся, безумоўна, зрабіла б гэта тэмай дысертацыі”, – гаворыць яна.
У куце, дзе шчырыя праваслаўныя звычайна мацуюць ікону, у Лейлы Бекіраўны вісіць узятая ў рамку выпіска па-арабску. Ці з Карану, ці з нейкіх іншых разумных кніжак – невядома, шчыра прызнаецца яна. Але паколькі гэта спадка ад бацькоў, значыць, яўна мае духоўны змест.
Спробы гугл-перакладу выдаюць хаатычную абракадабру. Нічога не засталося, як звярнуцца па дапамогу да іншага крэўскага спадзвіжніка Сяргея Гапона – журналіст апошнім часам жыве ў Даніі і на моўных курсах адукуецца ў тым ліку з блізкаўсходнімі мігрантамі. Вердыкт носьбітаў мовы адзінагалосны – цытата ў Каране з адсылкай на ісламскага прарока Сулеймана: “У імя Бога, самага літасцівага, самага міласэрнага”.
На канапе вышытая і ўжо палінялая сурвэтка – з выявамі двух птушак, якія прымясціліся на галінках кветак. Твор па матывах стрыечнай сястры Гэлі Ждановіч, былой зняволенай ГУЛАГу. Такія ўспаміны аб радзіме яна аднаўляла ў памяці за калючым дротам, а крэўскі “дублікат” належыць ейнай сяброўцы-катаржанцы Мусі, якая ў пачатку 1950-х гасцявала тут у сваякоў. І пакінула памятку, чым забаўляліся ў няволі.
Тую гісторыю ў сям’і не надта афішавалі. Але, падпісваючы канверты ў папраўча-працоўныя лагеры (Варкута, Котлас, Сыктыўкар), з размоў дарослых тады яшчэ школьніца Лейла запомніла згадкі пра Саюз беларускай моладзі. Гэлю забралі за “антыдзяржаўную дзейнасць” у канцы 1940-х, і невядома, колькі ў нечалавечых умовах маладой жанчыне ўдалося б вытрымаць. Але смерць Сталіна ў 1953-м паспрыяла дачаснай амністыі. Дадому яна вярнулася на наступны год цяжарнай, а неўзабаве Лейла з задавальненнем гушкала маленькую Ніну.
Павярнуць час, каб заглыбіцца ў лёс свайго этнасу
Усё радзей наведваючыся ў Ластаі, Лейла Бекіраўна з сумам углядаецца ў непраходныя зарасці, дзе бясследна патануў іх колішні засценак. Згадвае, як з мясцовымі дзецьмі-беларусамі бегалі ў пачатковую школу, абсталяваную ў экспрапрыяванай сядзібе польскага асадніка, а пасля заняткаў – напрасткі да рэчкі. Зрэшты, у 10-гадовым узросце бесклапотны час завершыўся – бацькі адправілі дзяўчынку да цёткі ў Зафінова на Валожыншчыне, дзе ў суседнім Вішневе яна атрымала свае базавыя 7 класаў адукацыі.
І вось тады здарылася гісторыя, ад якой заставалася ў бяссіллі развесці рукамі – яшчэ падлеткам яе пазбавілі этнічнай прыналежнасці. Толькі праз шмат гадоў ва ўніверсітэце ўдалося адкруціць канцылярскую самадзейнасць назад.
“Калі я скончыла школу і надумала падавацца ў Ашмянскую педагагічную вучэльню, паехала ў РайАНА. Сабрала свае дакументы, прыклала пасведчанні аб нараджэнні таты і мамы, дзе чорным па белым напісана – татарын, татарка. І раптам бачу, што інспектарка выводзіць у маёй анкеце “беларуска”. Разумею, што нешта не тое, але ж малая, баюся лішняе слова вымавіць. Так вось “памяняла” нацыянальнасць. Толькі на першым ці другім курсе гістфаку адважылася ды аднавіла парушаную справядлівасць”, – пераказвае жанчына свой дзіцячы стрэс.
Перайначаная ў “беларуску” Лілію, выправілася яна ў Ашмянскую педвучэльню. Праўда, неўзабаве ўстанову перапрафілявалі ў дзіцячы інтэрнат, а студэнтаў перавялі ў Полацк. Пасля выпуску два гады адпрацавала настаўніцай пачатковых класаў у Кушлянах, адкуль скіравалася ў Мінск – у БДУ вучылася ў спецгрупе будучых адмыслоўцаў з веданнем французскай і іспанскай моваў. Якраз “на кані” была рэвалюцыйная Куба, для практыкі шмат кантактавалі з уганараванымі паездкай у СССР тамтэйшымі студэнтамі, а яшчэ з франкамоўнымі носьбітамі з усходняй Афрыкі.
Ужо дыпламаваным маладым спецыялістам паспрабавала сябе ў Нястанішках на Смаргоншчыне, Маладэчне і ўрэшце надоўга асела ў сталіцы – больш за 30 гадоў прысвяціла Беларускаму дзяржаўнаму эканамічнаму універсітэту, дзе выкладала мікра-, макра- і міжнародную эканоміку, у тым ліку ў інтэрнацыянальных студэнтаў.
Цікава, што на гістфаку паралельна займаўся будучы муфцій Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Беларусі Абу-Бекір Шабановіч. Як згадвае Лейла Мусіч, зрэдку перакрыжоўваліся не толькі студэнтамі, а і падчас аспірантуры, куды прыйшлі ў адзін год. Зрэшты, у тыя ваяўніча-атэістычныя часы размовы былі на агульныя тэмы, таму духоўнае пераўвасабленне калегі прыемна здзівіла. Хоць у выпадку нараджэнца Іўя тое наўрад ці выпадкова: сам ён з роду імамаў, а прадзед, дзед, бацька былі непасрэдна ангажаваныя ў рэлігійную дзейнасць.
Не паспеўшы ў свой час як след заглыбіцца ў нюансы асіміляцыі татараў на беларускіх землях, прарвацца праз радаводы выбітных прадстаўнікоў свайго народу, сёння яна літаральна “праглынае” кіпы спецыяльнай, дакументальнай, біяграфічнай літаратуры ў жаданні сабраць у адно цэлае раскіданыя гістарычныя пазлы.
Падтрымайце Kreva.Travel!