Kreva Translate. Cловы і выразы, якія разумеюць толькі тутэйшыя
Распачынаецца новы турыстычны сезон. Дзякуючы сваёй энергетыцы і зручнаму геаграфічнаму становішчу, Крэва працягвае прывабліваць турыстаў. Мясцовая гаворка – адметная частка нематэрыяльнай спадчыны нашага мястэчка, якую таксама варта “пакаштаваць”.
Нашым патэнцыйным гасцям для лепшага паразумення з жыхарамі Крэва прапануем папоўніць лексічны запас некалькімі складанымі або зусім незразумелымі словамі і выразамі.
Як па-крэўску назваць будынак з гліны
Набліжаючыся да цэнтра мястэчка з боку дарогі Мінск-Вільня, абавязкова сустрэнеце на сваім шляху хатку з адметнай архітэктурай. Цяпер іх у Крэве толькі тры. Першапачаткова было пяць. Нязвыклыя для тутэйшых мясцін будынкі з’явіліся тут летам 1927 года, калі ў нашым мястэчку праводзіліся інструктарскія курсы па глінабітнаму будаўніцтву. Гэтыя дамы былі ўзведзены ў час практычных заняткаў.
Летам пабудовы з гліны захоўваюць прыемную прахалоду, а зімой добра трымаюць цяпло. Іх сцены “дыхаюць”. Заўважана, што ў такіх дамах людзі менш хварэюць прастуднымі захворваннямі і маюць менш праблем з алергіяй. У адрозненне ад выключна драўляных пабудоў, глінабітным не так страшныя пажары.
Традыцыйная і больш звыклая назва дамоў такога тыпу – мазанка. У Крэве ж з’явілася і прыжылося іх іншае найменне – ляпянка.
Што значыць “вышчагельвацца”
Калі пра паходжанне назоўніка ляпянка і гадаць няма чаго (канечне ж, ад дзеяслова ляпіць), то гэтага не скажаш пра некаторыя іншыя словы нашай гаворкі, этымалогію якіх так проста не расшыфруеш. Хто, да прыкладу, з першага разу здагадаецца, адкуль пайшоў дзеяслоў вышчагельвацца (красавацца, выхваляцца сабой). Паразважаўшы, можна ўсё ж зрабіць выснову, што ён утварыўся ад слова шчагол (або шчыгол, калі на літаратурнай беларускай). Так называюць не толькі маленькую пеўчую птушку з яркай афарбоўкай, але і чалавека – франтаватага модніка або заядлага фразёра.
Хто такія валоўнікі
Так у Крэве і ў бліжэйшым рэгіёне называюць людзей, якія на Вялікдзень абыходзяць дамы аднавяскоўцаў, спяваюць пад іх вокнамі велікодныя песні, услаўляюць Хрыста і віншуюць гаспадароў, за што атрымліваюць ад іх фарбаваныя яйкі, пачастункі ці грошы.
На большай тэрыторыі Беларусі такіх спевакоў называюць валачобнікамі. Ёсць меркаванне, што гэтая назва ўтварылася ад дзеяслова валачыцца. Асабіста я лічу, што спевакоў спачатку называлі велічобнікамі, бо яны велічалі Бога і тых, да каго прыходзілі. З часам слова крыху трансфармавалася, і цяпер мы маем тое, што маем.
Паходжанне назвы валоўнікі некаторыя спрабуюць тлумачыць словамі валхвы, валхвоўнікі, тым самым адсылаючы нас да паганскіх часоў. На больш праўдападобную версію навёў даследчык Арсень Ліс. У адной са сваіх прац ён звяртае ўвагу на своеасаблівы рэфрэн, якім аздабляюць свае валачобныя песні жыхары літоўска-беларуска-польскага этнічнага памежжа: Лалым-лалым, лалым!, Гэй, лолам! Даследчык лічыць, што ад гэтага рэфрэну пайшло слова алалоўнікі, якім клічуць велікодных спевакоў у вёсцы Вішнева Смаргонскага раёна. Магчыма, што і ў нас іх так некалі называлі. Падпарадкоўваючыся няпісаным правілам крэўскай гаворкі, нашы землякі далучылі з пачатку гук в, у выніку чаго атрымалася слова валалоўнікі. Пазней, для яшчэ большай зручнасці, пакінулі толькі валоўнікі.
Словы, што прыйшлі да нас з Літвы
На гаворку тутэйшых жыхароў пэўны ўплыў аказала мова нашых паўночна-заходніх суседзяў – літоўцаў. Не абыйшлося без літуанізмаў нават ў беларускай літаратурнай мове – узяць хаця б назоўнікі свіран, дзірван, дойлід. Калі казаць пра лексікон крэўскіх, то тут такіх слоў набярэцца яшчэ больш.
Цэлы шэраг дыялектных лексічных адзінак пайшоў ад літоўскага слова apžergus. Сярод варыянтаў яго перакладу ёсць наступныя: конна, расставіўшы ногі. У Крэве і бліжэйшых ваколіцах выкарыстоўваюцца утвораныя ад яго дыялектныя словы абжаргаць (стоячы абхапіць нешта нагамі), жарг(а)нуць (ступіць), перажаргнуць (пераступіць), ра(з)жыгерыцца (шырока расставіць ногі), а таксама жэргалы (так жартам кажуць у нас на ногі).
Вось яшчэ некалькі дыялектных слоў, перанятых ад літоўцаў: бражджэць (бразгаць, ляпаць), бразгуны або шархуны (званочкі, якімі аздаблялі конскую збрую), журэць (тлець), мума (вош), задэчыць (страціць або схаваць), брызглы (пракіслы), нагрэйзаць (напісаць нешта неразборлівым почыркам або неахайна), гулта (лежбішча свіней у хляве), пошар (нарыхтаваны на зіму корм для скаціны), трэпці (тапкі, зношаны абутак), адпойсаць (адлупцаваць), гіль (авадзень), раздурдаць (разбудзіць тармосячы).
Словы, якія зразумеюць палякі
Існуе ў тутэйшай гаворцы мноства запазычанняў і з польскай мовы: валізка або валізак (чамадан), адпэньдзіць (прагнаць), кецка (кашалёк), крэткі (каляровыя алоўкі), сашпэціць (зганьбіць, зганіць каго-небудзь), на мігі (пры дапамозе мімікі і жэстаў), пігулка (таблетка), пэнкнуць (лопнуць або трэснуць).
Ёсць выпадкі, калі польскі матэрыял стаў асновай для ўтварэння новых арыгінальных дыялектных слоў.
Напрыклад, дзеяслоў ćwiczyć перакладаецца як займацца з кім-небудзь, практыкаваць, трэніраваць. У нашай гаворцы ён таксама прысутнічае, але мае крыху іншы сэнс. Цвічыць – значыць адчытваць каго-небудзь за нейкія правіннасці, караць. Выраз трымаць каго-небудзь у цвіку абазначае абыходзіцца з кім-небудзь строга, не даваць слабіны. Фокус у тым, што крэўскае слова цвік у значэнні строгасць, пакора паходзіць нібыта з польскай мовы, аднак там яго няма.
Не тое, пра што вы падумалі
Не здзіўляйцеся, убачыўшы дзеяслоў аглядацца ў спісе лексікі, зразумелай толькі крэўскім. “А што тут незразумелага?” – скажаце вы. Маўляў, у любым тлумачальным слоўніку падаецца яго значэнне: азірацца, глядзець, павярнуўшы галаву назад. Сапраўды, так. Але ў нашай мясцовасці гэтае слова можа абазначаць і зусім іншае: выконваць штодзённую працу па гаспадарцы. Прычым, сам працэс выканання работ таксама мае сваё арыгінальнае найменне, якое пайшло ад згаданага дзеяслова: воглядка. Цікава, што ў кожнай мясцовасці штодзённыя гаспадарчыя клопаты называюць па-свойму. Адны кажуць абхадзіцца, іншыя – шатацца, упраўляцца, упорвацца, уходжвацца. У нас жа аглядаюцца.
Варта заўважыць, што ў нашай гаворцы процьма такіх слоў-пярэваратняў, якія тут набылі значэнне, адрознае ад таго, што падаюць тлумачальныя слоўнікі. Вось некалькі прыкладаў: акінуць каго-небудзь (цурацца, ігнараваць), акруціцца ці раўназначны па сэнсе фразеалагізм прыйсці/прыехаць гарачых вуглёў пазычыць (затрымацца ў гасцях на вельмі кароткі час), аперазаць (ударыць дзягай), знесціся (звязацца, завязаць адносіны з кім-небудзь), каза (вялікія санкі), крук (крумкач), луска (перхаць), латка (участак поля або сенажаці), недапечаны (някемлівы, дурнаваты), праўдзівы (так кажуць пра ядомы грыб), прымеркаваць (прыраўнаваць), уперад (раней, спачатку).
Выразы, якія нарадзіліся ад гукаў
Шмат якія словы ў нашай гаворцы створаныя спосабам гукапераймання: бурбулець (кіпець), гяргятаць (гаварыць неразборліва), набэхаць (накласці, наліць чаго-небудзь праз меру), пігіца (птушка кнігаўка), турчак (балотная жаба), джыгацца (гушкацца, калыхацца).
Створаныя спосабам гукапераймання выклічнік цоп-лоп або цапу-лапу і прыслоўе цопам-лопам ужываюцца тады, калі апісваюцца нейкія дзеянні, выкананыя спешна і абы-як: Цоп-лоп – і гатоў!, Сабраўся цопам-лопам і недзя зляцеў на колька дзён.
Тпру! – такім чынам прынята перадаваць пісьмова выкрык, якім спыняюць каня. У нашай мясцовай гаворцы ёсць слова, якое ўтрымлівае падобны вібрацыйны гук. Праўда, ніякага дачынення да камандаў хатняй жывёле яно не мае. У яго аснове, хутчэй за ўсё, ляжыць дзіцячы лепет. Выраз пайсці тпруці на мясцовай дзіцячай гаворцы абазначае выправіцца на прагулку, на свежае паветра. Дарослыя ж ужываюць гэтае нязвыклае слова ў фразеалагічным звароце ср@ку тпруці звазіць, што значыць здзейсніць якую-небудзь мэтавую паездку безвынікова або з’ездзіць куды-небудзь без патрэбы, для баўлення часу.
Падтрымайце Kreva.Travel!