Як італьянская. Пяць фактаў пра крэўскую гаворку
Існуе меркаванне, што ў рэйтынгу меладычнасці моў сусветным лідарам з’яўляецца італьянская. Адзін з галоўных крытэрыяў пры вызначэнні мілагучнасці – колькасць слоў, якія заканчваюцца галосным гукам, ці як скажуць мовазнаўцы – на адкрыты склад.
Была б крэўская гаворка мовай, то і яна магла б пазмагацца за званне самай прыгожай. Пра адметнасці ў мясцовым маўленні расказвае краязнавец Аляксандр Камінскі.
Жыхары мястэчка пазбягаюць зычных гукаў у канцы слова
Калі прыслухацца да крэўскіх, можна заўважыць, як часта яны імкнуцца завяршыць словы галосным гукам. У некаторых выпадках беларуская літаратурная мова прапануе два варыянты магчымага слоўнага завяршэння: майстар – майстра, краязнавец – краязнаўца і г.д. Носьбіты ж нашай гаворкі не толькі выберуць з іх той, дзе слова заканчваецца на галосную, але і ў многіх іншых словах пастараюцца зрабіць апошні склад адкрытым.
У жаданні завяршаць словы галоснымі гукамі жыхары нашых мясцін часам нават канфліктуюць з афіцыйнай граматыкай беларускай мовы. Напрыклад, дзеясловы 3-й асобы адзіночнага ліку цяперашняга часу, якія ў літаратурнай мове заканчваюцца на -іць, у нас маюць канчатак -я: нося, а не носіць. Замест канчатка -ыць ужываецца -а: леча, а не лечыць, знача, а не значыць. Выключэнне складаюць толькі тыя дзеясловы, у якіх націск у названай форме падае на канчатак. Напрыклад, стаіць, маўчыць і г.д.
Найпрасцейшы спосаб пазбегнуць завяршэння слова зычным – проста адкінуць яго: мусіць (напэўна) – мусі, зараз – зара, ёсць – ё, чый – чы і г.д. Можна таксама дадаць галосны, якога не было, як гэта адбылося з наступнымі назоўнікамі: гарманіста, артыста, арганіста, камуніста. У гэты ж шэраг становяцца словы прымака, швагра, бяньзіна, карасіна (керасін), свэтра ці швэдра (світэр), зданьня (здань), ложка (ложак), падворка (падворак), гарно (горан – кавальскі ачаг з мяхамі і паддувалам).
У нас “перакручваюць” таксама і назвы некаторых населеных пунктаў, што ў арыгінале завяршаюцца зычным: Мінска, Валожына, Смургоні, Лоска, Крыўска. Тое ж самае адбываецца і з мужчынскімі імёнамі: Аркадзя, Змітра, Ляксандра, Якуба, Пётра.
Прыслоўі далей, лепш, горш, больш, менш вымаўляюцца ў нас як далі лепі, горы, болі, мені. Слова нырцом пераўтварылася ў нырца, кругом – у круга, галопам – у галяпа, наводаль – у наводля, наўпрост – у наўпраста ці наўпрасткі, заранёў – у зараня. Прыслоўе інакш змянілася яшчэ мацней – начы. Тут не толькі адкрыўся апошні склад, але і знік пачатковы галосны, што ў нас таксама здараецца нярэдка.
Крэўскія ігнаруюць галосныя ў пачатку слова
Нежаданне пачынаць словы з галосных – яшчэ адна асаблівасць крэўскай гаворкі. Заўважым, што пераважная большасць арыгінальных дыялектных слоў нашай мясцовасці пачынаецца менавіта зычным гукам (прыкрытым складам). Тых, што пачынаюцца з галоснага (найчасцей з а), – зусім няшмат.
Калі размова ідзе пра агульнаўжывальныя лексічныя адзінкі, то носьбіты крэўскай гаворкі пры размове часам ігнаруюць ў іх пачатковы галосны: (а)гарод, (а)гурок, (а)палонік, (і)голка, (і)накшы, (э)маліраваны, (а)люмінявы (могуць таксама сказаць ліменявы).
Каб яшчэ хоць неяк “прыкрыць” пачатак слова ад галоснага, зрэдку выкарыстоўваюць ётацыю (дабаўленне гука й перад галосным). Да прыкладу, скажуць яграст, а не агрэст, яраплан, а не аэраплан.
На правіла беларускай мовы пра прыстаўны галосны і ў крэўскай гаворцы ніхто не звяртае ўвагі. У нас не скажуць іржавы, імша, іржышча. Крэўскія вымавяць ржавы, мша, ржышча. Назоўнік імгла, каб абысці збег трох зычных і каб не пачынацца непрыкрытым складам, наогул пераўтварыўся ў мыгла.
Правіла пра прыстаўны зычны в, які з’яўляецца перад націскным о ў пачатку слоў (воблака, вокны, восень) у крэўскай гаворцы можа распаўсюджвацца і на словы, што пачынаюцца іншым галосным і ў любой націскной пазіцыі: вакно, у вагні, у Вашмянах, вузбудзіцца, вузмужнець, вузрост, вунукі.
Мясцовыя вітаюцца з незнаёмцамі
Акрамя занесеных звонку ў розныя часы слоў пан, гаспадзін, таварыш, а таксама свайго спадар, крэўская гаворка здаўна мае асабісты варыянт: нават да чужых і незнаёмых людзей тут прынята звяртацца дзядзька, цётка, а да больш старых – дзед і баба. Калі вы ведаеце чалавека, то дадаецца і імя. Прычым яно ўжываецца нават у адносінах да дарослых у памяншальнай форме з -ка ў канцы: дзядзька Мішка, цётка Манька. Такая форма імён у нашай мясцовасці прымяняецца без кроплі прыніжэння ці знявагі.
Як напэўна і паўсюль, да бацькоў у нашых сем’ях дзеці могуць звяртацца альбо на вы, альбо на ты. Адны называюць бацьку папам, папкам, другія, але ўжо радзей, татам, таткам. У нашай сям’і зваць татку інакш язык не паварочваўся. Слова папа ў нас абазначала хлеб, і як гэта магло быць, каб папа еў папу?
Вітацца ў нас было прынята нават з незнаёмымі людзьмі. Сьвіня і тая рохня, калі пройдзя, – кажуць тым, хто загунурыўся і не павітаўся. Ужываюцца традыцыйныя для беларусаў вітанні і адказы на іх – Добры дзень! або Дзень добры! Можна пачуць таксама Здароў быў! ці Здаровы былі! У нашы дні ўсё часцей выкарыстоўваюцца трасянкавыя Здрасьця! і Да сьвіданьня! У многіх каталіцкіх сем’ях да гэтага часу ўжываюць польскую форму Нех бэньдзе пахвалёны Езус Хрыстус! з адказам На векі векув! Католікі могуць таксама павітацца выразам Чэсьць Божа!
Цікавая ветлівая форма пры звароце да незнаёмага, старэйшага ці больш паважанага чалавека была прыкмечана ў Крэве святаром Дамеціем Плаўскім у ХІХ стагоддзі. Замест вы тады казалі ваша, а дзеяслоў ставілі ў адзіночным ліку: Куды, ваша, ідзеш? альбо Што, ваша, робіш? Цяпер гэтае правіла наогул не ўжываецца, ды і памятаюць пра яго ўжо нямногія.
Рыфмаванне – наша “фішка”
Крэўская гаворка часам льецца як песня. І ўсё дзякуючы мясцовай звычцы рыфмаваць. На словы Добры вечар! могуць адказаць Карміць нечым! або Добра біў, добра енчыў! На тэлефоннае вітанне Алё! можна пачуць жартаўлівы адказ Здохла цялё! Калі хто звяртаецца да старэйшых па-панібрацку Здароў!, то яму адказваюць Пасі кароў! Згодна этыкету, пры ўваходзе ў памяшканне трэба зняць шапку. Калі пра гэта забываюць, то на вітанне Добры дзень! могуць атрымаць адказ Шапку зьдзень! Часам пры сустрэчы добра знаёмыя жартуюць, ужываючы ў вітальным выразе лагоднае брыдкаслоўе Здароў, здаравяка! Як маіцца ср@ка?
Калі хто-небудзь выпадкова “псаваў паветра”, то нібы апраўдваючыся, мог сказаць Нюхай, друг! Гэта – хлебны дух, толькі ён трохі прытух.
З дарогі! Едзя пан крываногі! – гэткімі словамі не толькі суправаджалі няўмелую язду на веласіпедзе, але і падсмейвалі нейкія іншыя нязграбныя дзеянні каго-небудзь. Пані на ўсе сані – так маглі сказаць і ў бок грубой (тоўстай) кабеціны, і ў бок уладнай альбо ўсюдыіснай асобы, незалежна ад яе полу і камплекцыі.
Выразам Ня пі, ня еш, і з хаты ня лезь характарызавалі дрэннае надвор’е. А калі не ведалі, чым заняцца, казалі Сяджу ў будзе (будцы) і чакаю, што будзе.
Крэўская гаворка захавала старажытную форму дзеяслова
Яшчэ адна адметнасць мясцовай гаворкі – замена дзеяслова-выказніка ў прошлым часе дзеепрыслоўем. Тут замест ён зрабіў, паехаў, напісаў могуць сказаць ён зрабіўшы, паехаўшы, напісаўшы. Трэба зазначыць, што гэтая асаблівасць пашырана на даволі вялікай тэрыторыі. Яе можна назіраць на Ашмяншчыне, у многіх мясцінах Смаргоншчыны і нават у Літве пад Вільняй, дзе кампактна пражываюць беларусы. Асмелюся выказаць думку, што ніякія гэта не дзеепрыслоўі і зусім не прыдумка-капрыз жыхароў нашых мясцін. Гэта – спецыяльная дзеяслоўная форма для апісання дзеяння ў прошлым часе, якая цудам захавалася тут у крыху відазмененым выглядзе яшчэ з летапісных часоў.
Вось цытата са старажытнага летапісу аб рэйдзе на нашы землі мяцежнага князя Свідрыгайлы ў 1433 годзе: “И приде до Креиву, и стояша два дни, взяша Креиво мурованны и сожже, а людеи много посекоша и в полон поведоша”. У перакладзе на крэўскую гаворку атрымаецца вельмі падобна: “І прыйшоўшы ён да Крэва, і стаяўшы два дні, узяўшы Крэва мураваны і спаліўшы, а людзей шмат пасекшы і ў палон павёўшы”.
Падтрымайце Kreva.Travel!