Капліца ў хлебным магазіне: Гісторыя аднаўлення найстарэйшай каталіцкай парафіі ў Беларусі
У 1866 годзе пасля паўстання Каліноўскага царскія ўлады закрываюць касцёл у Крэве. Роўна праз чатыры дзесяцігоддзі становіцца магчымым аднаўленне найстарэйшай каталіцкай парафіі ў Беларусі. Пра вяртанне вернікам будынка іх колішняга храма не магло быць і гаворкі, бо ў яго сценах у 1906 годзе месцілася праваслаўная Свята-Троіцкая царква. Для вядзення набажэнстваў ім прапанавалі адзін з двух складоў гэтак званага “запаснога хлебнага магазіна”.
Склады размяшчаліся на высокім пагорку за вуліцай Багданаўскай, які людзі старэйшага ўзросту дагэтуль называюць Магазыншчынай. Адначасова існуе і іншая назва мясцовасці, больш старажытная, – Васкрасенне або Васкрасенская гара. Яна пайшла ад наймення царквы, якая, як мяркуецца, некалі тут стаяла. Царква ў сваю чаргу дала назву Васкрасенскім могілкам, што раскінуліся побач. Праўда, ад іх у наш час не захавалася ніякіх слядоў, аднак на плане Крэва 1869 года тыя могілкі яшчэ пазначаныя.
Пад кіраўніцтвам ксяндза Антонія Асціловіча каталікі прыстасавалі перададзены будынак для вядзення службаў. Парафіяне, а іх налічвалася больш за 6 000, самастойна сабралі грошы на рамонт, падумваючы пры гэтым аб узвядзенні новага, больш прасторнага і больш прыгоднага для святых спраў будынка.
Аднаўленне найстарэйшай каталіцкай парафіі ў Беларусі не было лёгкім. На шляху вернікаў час ад часу паўставалі разнастайныя выпрабаванні. Напрыклад, вясной 1907 года капліца была абрабаваная зламыснікамі, якія прабраліся туды праз выламанае акно. Былі скрадзены дзве скарбонкі з грашыма і некаторыя срэбныя рэчы.
Дзяржава хоць і дапамагала фінансава крэўскім каталікам у справе адраджэння святыні, але па нейкіх прычынах дапамога тая была не зусім дзейснай. З каштарысаў “на пабудову і рамонт казённых і іншых грамадскіх будынкаў за 1906 год” бачна, што на будаўніцтва касцёла ў Крэве ў той перыяд была вылучана даволі вялікая сума – 22 007 рублёў, 90 капеек. Гэта крыху менш, чым, да прыкладу, на ўзвядзенне каменнага касцёла ў Смаргоні (29 675 руб., 63 кап.), але больш, чым на такі ж храм у Красным Вілейскага павета (18 264 руб., 38 кап.). Толькі чамусьці да пачатку вайны не толькі Смаргонь, але і Краснае ўжо мелі новыя касцёлы, а вернікі Крэва працягвалі карыстацца драўлянай капліцай. На жаль за гады першай сусветнай і гэтага будынку не стала.
Як выглядала капліца
Звестак пра недаўгавечную крэўскую святыню вельмі мала. Не знойдзена пакуль і яе якасных выяў. На сённяшні дзень маюцца толькі два панарамныя здымкі Крэва, на якіх бачны толькі сілуэт капліцы далёка на гарызонце.
Першы здымак зрабілі расійскія вайскоўцы незадоўга да прыходу сюды немцаў. Другі – ужо нямецкі, уяўляе з сябе панараму мястэчка, апустошанага пажарам, які ўчынілі рускія перад сваім адыходам. Якасць першай фатаграфіі дазваляе пры яе павелічэнні зрабіць пэўныя высновы аб архітэктурным абліччы будынка.
Такім чынам, у аснове капліцы застаўся драўляны гмах хлебнага склада з двухсхільным дахам (яго колішні брат-блізня, як бачна са здымка, працягваў стаяць побач). Спераду да яе быў прыбудаваны больш нізкі прытвор з двухсхільным дахам і казырком, над якім узвышалася чатырохвугольная вежа-званіца, крыху вышэйшая за асноўны аб’ём. Часовы будынак для вядзення набажэнстваў меў выгляд паўнавартаснага касцёла.
На нямецкім здымку з панарамай спустошанага мястэчка сілуэт святыні таксама прасочваецца, хоць не так дэталёва. Можна зрабіць выснову, што абодва будынкі (і капліца, і хлебны склад) не былі цалкам знішчаныя, нават калі іх і закрануў пажар ды першыя баі за мястэчка.
Праўда, праз год, як бачна на адным з аэрафотаздымкаў, на тым месцы ўжо нічога акрамя падмуркаў не было. Адно з двух: альбо гэтыя два будынкі загінулі падчас наступных баёў, альбо немцы разабралі іх, каб выкарыстаць бярвенне для ўзвядзення нейкіх сваіх умацаванняў ці на паліва.
На гэтым жа аэраздымку заўважана яшчэ адна цікавая рэч: на зямлі справа ад прамавугольных падмуркаў капліцы і хлебнага склада выразна праглядваецца буйных памераў фігура ў форме крыжа. Можна выказаць меркаванне, што гэта – падмурак новага храма, будаўніцтва якога ўсё ж было распачата, але спынена вайной. Падцверджанне гэтага меркавання знаходзім у нататках крэўскага краязнаўцы Пятра Грынкевіча, дзіцячыя гады якога прыпалі якраз на тыя часы. Ён так і піша: “Побач з капліцай заклалі фундамент пад мураваны касцёл.”
У капліцы вёў набажэнствы выбітны беларускі святар
Нягледзячы на свой зусім кароткі век, капліца на Васкрасенскай гары паспела стаць сведкай адной вельмі важнай падзеі: 1 студзеня 1915 года ў ёй адбылася першая святая імша выбітнага беларускага святара, аўтарытэтнага грамадска-палітычнага дзеяча і нашага земляка з вёскі Арляняты Адама Станкевіча. Пра гэта сведчыць надрукаваны па-беларуску памятны прыміцыйны абразок, які раздавалі ўсім прысутным на той урачыстасці.
Падтрымайце Kreva.Travel!