«Пісаў паэму «Калі мяне не стане…» і думаў: жонка прачытае і скажа, што ў яе быў някепскі чалавек». Уладзімір Някляеў прэзентаваў новую кнігу
«Знічы кахання» прыхільнікі таленту Някляева 29 снежня сустрэлі поўным аншлагам.
На курсах «Мова нанова» ў кавярні «Грай» месцаў не было ні ў гардэробе, ні ў залі. Аднак цікавімся ў паэта, чаму да чытачоў «Знічы кахання» трапляюць ўсяго за тры дні да Новага года.
– Калі б мы ў каханні зважалі на надвор’е, дык даўно ўсе вымерлі, – усміхаецца Някляеў. – Праўда, у нас не было б і праблем – ні нацыянальных, ні асабістых. Але, згодны з вамі, што для прэзентацыі мо і пазнавата: у людзей свае клопаты, не да таго, каб разбірацца, што там і хто напісаў пра каханне. Ды вось, няма дзе сесці, няма дзе яблыку ўпасці. Значыць, цікавасць да паэзіі не страчана. А яшчэ адна прычына такой позняй прэзентацыі – кніга друкавалася не ў Беларусі і доўга ляжала на мытні. Відаць, яе чыталі невядомыя мне аматары літаратуры.
У «Знічах кахання» – ўсяго 48 старонак. Яна выйшла з супервокладкай, а сама кніга – ў цвёрдым пераплёце пад тканіну. Так кнігі Някляева апошні раз выдаваліся, мабыць, яшчэ ў савецкія гады.
– Гэта хутчэй альбом, бо кніга аздоблена выдатнымі ілюстрацыямі майго сябра, мастака Уладзіміра Вішнеўскага. Да прыкладу, менавіта яму належыць візуальнае рашэнне маёй ранейшай кнігі «Паланэз», дзе аднайменная паэма надрукавана на трох мовах, – кажа Уладзімір Някляеў.
Укладальнік Таццяна Процька, навуковец-фізік, праваабаронца і экс-кіраўнік Беларускага Хельсінкскага камітэта, ўключыла ў кнігу ўсяго 7 твораў – 5 вершаў Някляева 2018 – 2019 гадоў і дзве паэмы. Усе яны пра каханне.
– Уладзімір Пракопавіч, – удакладняем у паэта, – вы чалавек з ліку тых, хто заўжды малады душой і целам, але ж пра каханне кніга ў вас выходзіць у салідным веку…
– Пытанне слушнае. Паэзія сама па сабе справа маладая. Яна патрабуе неверагоднай энергетыкі, калі ты хочаш каб гэта было паэзіяй. Бо трэба выплеснуць з сябе ўсё, што на гэты момант маеш і нават на год ці два наперад і год ці два назад. І я не напісаў гэтую кнігу цалкам. Але яна стваралася: верш народзіцца – я яго недзе друкаваў.
Асноўная паэма ў кнізе, «Калі мяне не стане…», увогуле пісалася не для друку, а якраз для таго часу, калі мяне не стане. Жонка ў архіве знойдзе, прачытае і падумае, што ў яе быў някепскі ўвогуле чалавек. Я яе нават перарабляў у нейкі гумарыстычны бок. Думаў: калі не памёр, дык прачытаю на жончыным юбілеі. Але адно думаць, што ты напішаш, а зусім іншае – што прадыктуецца. Наогул, сапраўдная паэзія – гэта заўсёды дыктант. Ці я чую гэты дыктант і запісваю, ці я гэтым не займаюся. А тут пачаўся дыктант зусім не той, якія я сам прыдумаў. І я адчуў гэты момант.
Нават не ведаю, на што гэта падобна, з чым параўнаць такі стан. Гэта своеасаблівы транс, у якім ты знаходзішся. Наркаманы мне казалі, калі я спрабаваў тлумачыць такі свой стан, што гэта падобна на тое, калі ты ўжывеш нейкі файны наркотык і адчуваеш палёт. Тады я напісаў паэму без гумару, усур’ёз, прысвяціў яе Вользе (жонка паэта – Рэд.) і ўсім тым, хто ведае, што яно такое наша чалавечае каханне. А хто не ведае, каб, прачытаўшы паэму, зразумеў гэта.
– Разам з тым і прысвячэнне, і першы радок «Калі мяне не стане…» выглядае на нейкі запавет…
– Не, усё ж я не пісаў гэта як запавет. З іншага боку, усё, што чалавек робіць, піша кнігу, здымае фільм, будуе дом ці храм, – гэта запавет тым, хто можа ім скарыстацца. Але чым менш ты ставіш перад сабой запаветнае, тым яно лепш.
Упершыню паэму “Калі мяне не стане…” Уладзімір Някляеў прачытаў у красавіку на канцэрце Зміцера Вайцюшкевіча і яго WZ-Orkiestra. Тады артыст прадстаўляў свой чарговы альбом на вершы Уладзіміра Пракопавіча, які называецца «Зорка дзіва” – гэтая паэма, «Нальшанская легенда», ёсць і ў «Знічах кахання». На днях Някляеў падзяліўся на старонцы ў Фэйсбуку відэазапісам таго свайго выступу.
Падтрымайце Kreva.Travel!