“Малая брама будзе адпавядаць традыцыі арак”. Асноўныя адкрыцці і праблемы рэстаўрацыі Крэўскага замка ў гэтым сезоне

24 кастрычніка 2023
рэстаўрацыя Крэўскага замка
Крэўскі замак у сваёй архітэктуры спалучае розныя эпохі. Яскравы прыклад на здымку: сярэднявечная Малая брама і агнявая пазіцыя нямецкага бункера часоў Першай сусветнай вайны. Фота: Марыя Бартош

Так атрымалася, што сёлетні сезон рэстаўрацыйных работ на Крэўскім замку стаў даволі працяглым: як пачаўся ў лютым, так пакуль і не скончаны. За гэты час рэстаўратары вырашылі, як будзе выглядаць Малая брама, разабралі аварыйны бліндаж побач з ёй, аднавілі дот у Малой вежы. І галоўнае адкрыццё сезона-2023 – спецыялісты прыйшлі да меркавання, што ў замку, магчыма, была трэцяя вежа.

Кіраўнік даследаванняў Алег Дзярновіч распавёў, якія працы вызывалі больш дыскусіі і калі чакаць афіцыйнага пацвярджэння: у Крэўскім замку было ўсё ж такі не дзве вежы, як прынята лічыць, а тры. І ці ўвогуле ўзгадвалася гэтая інфармацыя раней? Перад тым як перайсці да абмеркавання галоўных вынікаў гэтага сезона, Алег зазначае:

– Хутка збіраюся паехаць у Крэва, бо ў мяне ёсць дзве задачы. Па-першае, некаторыя працы па замку, звязаныя з зямлёй, патрабуюць нагляду. Па-другое, позняя восень і ранняя вясна – гэта час для археалагічных разведак. Збіраемся пахадзіць у пошуках цікавага па ваколіцах, па пагорках, калі з дрэваў спадзе лісце і будзе добры агляд.

Малюнак з трэцяй вежай быў апублікаваны ў варшаўскім часопісе ў 1938 годзе. Хто яго аўтар?

Канешне, асноўнае і значнае адкрыццё гэтага года – меркаванне, што ў замку была трэцяя вежа. Як так здарылася, што раней гэтыя словы маглі прыняць за фантазію, а зараз ёсць усе падставы лічыць, што замак выглядаў не так, як мы сабе ўяўлялі шмат гадоў?

План Крэўскага замка
План Крэўскага замка па версіі архітэктара Абуховіча

– Ёсць дзіўны план нейкага архітэктара Б. Абуховіча. Хто ён такі – невядома. Гэты малюнак быў апублікаваны ў 1938 годзе ў варшаўскім часопісе “Зямля” разам з артыкулам, прысвечаным Крэўскаму замку. Што цікава, Абуховіч прапанаваў сваю рэканструкцыю замка, на якой паказана трэцяя вежа, а паміж ёй і Малой вежай – галерэя, – кажа Алег Дзярновіч, навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. – Я бачыў гэты план раней, але палічыў фантазіяй, бо не было ніякіх падставаў сцвярджаць, што ў тым кутку магла быць нейкая вежа.

Па словах нашага суразмоўцы, сітуацыя змянілася ў 2020 годзе, калі падчас работ на паўночна-усходняй сцяне знайшлі пляму цаглянай муроўкі. Чаму гэта важна? Бо цэгла выкарыстоўвалася толькі ў нейкіх адказных момантах: пры будаўніцтве асобных куткоў замка, арак, аконных праёмаў. Вынікае, каля гэтай сцяны знаходзілася нейкая пабудова.

– Мы не ведалі яе функцыі, прызначэння, думалі, што гэта нейкая мураванка. У наступным сезоне зможам дакладна адказаць, што гэта. Але я схіляюся да версіі, што гэта трэцяя вежа, – каментуе спецыяліст. – Ёсць і другое архіўнае сведчанне на карысць гэтай думкі. Падчас Другой сусветнай вайны нацысцкая адміністрацыя перадала гэтыя тэрыторыі пад кіраванне адміністрацыі Генеральнай акругі Літва са сталіцай у Каўнасе. Не так даўно сталі даступныя архіўныя матэрыялы тых часоў. Там ёсць замалёўкі: у 1942 годзе два літоўскіх архітэктары, Макарэвіч і Салялёніс, прыехалі ў Крэва і замалявалі замак. Відаць, пасля працы польскіх кансерватараў яны выразна пабачылі расчышчаны паўночна-ўсходні кут, нешта большае, чым мы ў эпоху 1980-х і 1990-х гадоў.

План Крэўскага замка
Фрагмент схемы Крэўскага замка, на якой літоўскія архітэктары пазначылі, меркавана, трэцюю вежу. Ілюстрацыя забяспечаная Алегам Дзярновічам

Без адказу застаецца пытанне: ці праводзілі палякі археалагічныя даследаванні падчас кансервацыі замка пасля Першай сустветнай вайны? Ніякіх звестак няма. Але калі мы ўскрывалі праём галоўнай брамы, то бачылі сляды перакопу. Значыць, земляныя работы былі. Мы змаглі ўдала прывязацца да папярэдняй інфармацыі: архіўнай і геарадарнай, даследаванняў 2021 года. Разлічылі 12 метраў ад кута, заклалі траншэю і выйшлі на каменны фундамент.

Калі і чаму знішчылі трэцюю вежу?

Пакуль вялікую сцяну ў падмурку не змаглі ўскрыць – гэта вялікі аб`ём працы, да таго ж ёсць пытанне фінансавання. 

– У нас ёсць занатоўкі і замалёўкі, якія былі зроблены ў міжваенны перыяд у сярэдзіне XX стагоддзя. На іх вельмі выразна пазначана гэтая сцяна. Дзякуючы тапаграфічным метадам, можам сцвярджаць: гэтая пабудова (меркавана трэцяя вежа) знаходзілася абсалютна на той жа лініі і з тымі ж параметрамі, што і Малая вежа, – гаворыць кіраўнік даследаванняў Алег Дзярновіч. – Спачатку пры Гедыміне пачалі ўзводзіць сцены замка, пазней толькі прыбудавалі Княскую вежу, а ўжо здаблялі яе за часамі Альгерда і Ягайлы. А ў канцы XIV стагоддзя як раз маглі пабудаваць новую вежу. Адразу Малую, а пасля вежу з такімі ж параметрамі ў супрацьлеглым куце, якую мы ўмоўна называем трэцяй. Пры расчыстцы Малой вежы мы выйшлі на рэшткі некалькіх прыступак тунэля ўнутры вежы.

Як я бачу сітуацыю: калі князь Свідрыгайла штурмаваў Крэўскі замак у 1433 годзе, магчыма, ён прарваўся каля той вежы, якую мы знайшлі. Яна была знішчана тады і не адбудоўвалася, таму ў падмурках так і засталася. Таму адпаведна яе ніхто пазней не мог замаляваць, прыгадаць. Малую ж вежу аднавілі, а тунэль – не. Яго проста засыпалі, завалілі камянямі.

“Малая брама будзе цікавай і адэкватнай”

Пакуль з раскрыццём галоўнай інтрыгі прыйдзецца пачакаць, мы прапаноўваем Алегу распавесці і пра іншыя вынікі гэтага сезона. Напрыклад, зараз адбываецца абмуроўка Малой брамы Крэўскага замка.

– Таксама аднаўляецца падмурак пад нямецкі ДАП (доўгатэрміновы агнявы пункт), да канца года плануецца скончыць усе працы па ім, – удакладняе наш суразмоўца. – Аднавілі ДАП у Малой вежы. Мяркуецца, што там будзе экспазіцыя, прысвечаная Першай сусветнай вайне. Акрамя таго павінна яшчэ адбыцца кансервацыя тунэля з прыступкамі. Калі мы ўскрылі іх у мінулым годзе, гэта выклікала зацікаўленнасць і архітэктараў, і мясцовай смаргонскай улады. Было вырашана не проста іх захаваць, а экспанаваць. Прыступкі закансервуюць пад шклом, магчыма, змесцяць пад шкляны футарал.

План Крэўскага замка
На плане 1942 года навукоўцы замалявалі паўкруглую сцяну нямецкага бункера часоў Першай сусветнай вайны ўнутры Малой вежы. Ілюстрацыя забяспечаная Алегам Дзярновічам
рэстаўрацыя Крэўскага замка
У Малой вежы плануецца адкрыць экспазіцыю, прысвечаную Першай сусветнай вайне. Фота: Марыя Бартош

– А што тычыцца рэстаўрацыі Малой брамы – ці не выклікае яна такой дыскусіі, як галоўная? 

– Малая брама будзе вельмі цікавай і адэкватнай, – суцяшае Алег Дзярновіч. – Захаваліся яе фотаздымкі з часоў Першай сусветнай вайны, вызначана дакладнае месца Малой брамы, дзякуючы даследаванням, можна зразумець канфігурацыю арачнага праёму. У ёй будзе лёгкая стрэльчатасць.

Крэўскі замак у Першую сусветную вайну
Важны для даследчыкаў дакумент – фатаграфія замка часоў Першай сусветнай вайны, на якой справа можна заўважыць Малую браму ў паўднёва-заходняй сцяне. Здымак з калекцыі Уладзіміра Багданава
рэстаўрацыя Крэўскага замка
Адноўленая Малая брама будзе адпавядаць традыцыі арак. Фота: Марыя Бартош

Мы можам спрачацца пра Галоўную браму, наколькі яе правільна аднавілі і чаму зрабілі паўцыркульнай. Канешне, у гатычным стылі маглі выкарыстоўвацца паўкруглыя формы, але ўсе аркі Крэўскага замку, якія мы ведаем з іканаграфіі і даследаванняў, маюць лёгкую стрэльчатасць. Таму я вельмі цаню работы, якія зараз ідуць па Малой браме. Яна будзе адпавядаць традыцыі арак, што былі ў Крэўскім замку.

Якія праблемы ўзнікаюць падчас працы ў замку

Многія часткі замка знаходзяцца ў аварыйным стане. Калі ўскрывалі нямецкі ДАП каля Малой брамы, прыходзілася працаваць з падпоркамі – ён абвальваўся. Яго разабралі, асобна адклалі камяні, а ў верасні зрабілі падмурак. Яго плануюць аднавіць такім, якім быў раней – паўкруглая канструкцыя, прылепленая да сцяны замка.

нямецкі бліндаж у Крэўскім замку
Нямецкі бункер на месцы Малой брамы ў 2004 годзе. Фота: Уладзімір Багданаў

– У сезоне ўзніклі рэстаўрацыйна пытанні. Брама заўсёды будуецца высока ў сцяне, адпаведна робяцца драўляныя масткі да яе, а тут стаіць ДАП. Былі праблемы: як гэта сумясціць? Таму што Крэўскі замак – гэта не толькі помнік Сярэднявечча, але і аб’ект памяці Першай сусветнай вайны. Вырашылі праводзіць работы так, каб пакідаць сляды вайны і адзначыць тую эпоху, у тым ліку праз гістарычны ландшафт. На тэрыторыі замка ёсць варонкі, іх вырашылі пакінуць. Чаму да іх ставяцца так адказна і ахайна? Замак – комплексны аб’ект, ён мае на сабе адбіткі розных эпох. Напрыклад, мы вырашым адбудаваць толькі замак XIV стагоддзя. Добра. Але якім ён быў? – задаецца пытаннем Алег Дзярновіч.

– Спачатку была толькі адна вежа, а ў канцы ХIV стагоддзя з’явілася другая. Як мы зараз мяркуем, магчыма, была і трэцяя. Таксама да нас дайшлі фрэскі XIV і XV стагоддзяў. Дык як тады павінен выглядаць замак падчас рэканструкцыі? Ці маем мы права ігнараваць перыяд вайны? Па-першае, ён нанёс такі адбітак на лёс замка. Па-другое, гэта вельмі важная старонка гісторыі для нас. Тэма вайны, асабліва ў тым рэгіёне, які быў падзелены лініяй фронту, вельмі важная. Не думаю, што яе можна ігнараваць. Таму была прынята канцэпцыя кансервацыі і рэстаўрацыі, якая ўлічвае захаванне аўтэнтычнай канструкцыі XIV і XV стагоддзяў і аб’ектаў ваеннага часу.

Чаго чакаць у наступным годзе

– Усё будзе залежыць ад фінансавання. Але больш за ўсё ўвагі патрабуе самая разбураная сцяна – ўсходняя. Яна павінна трапіць пад кансервацыю ўжо ў наступным сезоне, – гаворыць Алег Дзярновіч, навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. – Таксама трэба ўскрываць той кут, дзе, па нашым меркаванні, была трэцяя вежа, а яшчэ займацца рэканструкцыяй данжона. Гэта фінансава складаная справа, бо фактычна данжон будзе каштаваць палову кансервацыі ўсяго замка. Што яшчэ ў планах? Увага будзе надзяляцца тэрыторыі вакол замка. У двух месцах плануецца аднавіць лінію рвоў. Спецыялісты хочуць нават часткова запусціць ваду, каб паказаць, як яна цякла па тэрыторыі самого замка.

Падтрымайце Kreva.Travel!