Багданаўская, 15. Адрас прыцягнення Кастуся Дземідовіча

15 чэрвеня 2023
Кастусь Дземідовіч
Кастусь Дземідовіч на падворку сваёй сядзібы. Фота: Ігар Карней

Кастусь Дземідовіч – чалавек рознабаковых талентаў: бухгалтар-эканаміст, кантрактнік-памежнік, гісторык-рэканструктар, рамеснік-столяр, гарбар, каваль. Маючы добрыя перспектывы ў сталіцы, перабраўся ў Крэва і цяпер ашчадна аднаўляе векавую ляпянку.   

Кастусь і Марына Дземідовічы атабарыліся ў Крэве крыху больш за год таму. Набылі тут закінуты глінабітны дамок 1926 году з відам на муры сярэднявечнага замку і сваімі рукамі даводзяць яго да ладу. Уклалі ўсе зберажэнні, якія невядома калі пачнуць “адбівацца” – згодна з задумай, на фінішы мусіць паўстаць сядзіба-музей з візуальнай храналогіяй легендарнага мястэчка.   

Дзіцё Смаргоншчыны

Кастусю Дземідовічу 38 гадоў, ён нарадзіўся ў суседніх Ракаўцах. Следам за бацькам, які займаў высокія пасады ў сельскагаспадарчым сектары, сям’і даводзілася часта мяняць лакацыі ў межах раёну – школу заканчваў у Солах, жыў у Жодзішках.

Паступіў у Ашмянскі аграрна-эканамічны тэхнікум, адкуль пайшоў у войска. Пасля дэмабілізацыі падпісаў кантракт і служыў на пасадзе камандзіра ўзводу памежнага атраду ў Смаргоні. Затым зноў вучыўся і атрымаў дыплом эканаміста ў Гродзенскім аграрным універсітэце. 

Пасля перабраўся ў Мінск, дзе паралельна з асноўнай працай усё больш  пачаў заглыбляцца ў гістарычную рэканструкцыю: біўся на рыцарскіх турнірах, быў галантным кавалерам на свецкіх балях, пераўвасабляўся ў салдатаў Першай сусветнай вайны. Пры гэтым многія строі ды амуніцыю даводзілася ствараць уласнаручна – сам сабе і мадэльер, і кравец. 

У пэўным сэнсе вырашальным стаў 2012 год – юбілей падзеяў, звязаных з імператарам Напалеонам і ягоным паходам праз Беларусь. Менавіта тады адбылося знаёмства з сябрамі клуба “Залатая шпора”, дзе прыдаліся дызайнерскія здольнасці і навыкі вершніка. І ўжо ўвосень быў на Беразіне ў конных шыхтах элітнага 17-га ўланскага палка. 

А яшчэ знакавая дата, бо менавіта на стайні адбылося знаёмства з будучай жонкай Марынай – прафесійнай архітэктаркай і інструктаркай па верхавой яздзе. Агульныя захапленні і погляды на жыццё ўрэшце спрычыніліся да лагічнага саюзу і памнажэння роду Дземідовічаў – у сям’і гадуюцца трое  дзяцей.      

Марына Дземідовіч
Інструктарка па верхавой яздзе Марына Дземідовіч. Фота з сямейнага архіву

“А яшчэ мы марым пра свайго каня, – прызнаецца Кастусь. – У суседніх Ярмаках застаўся дзедаў хутар, яго спачатку і разглядалі варыянтам стайні, бо ў Мінску за арандаваны пастой штомесяц трэба выдаткоўваць па 200 долараў. Да таго ж, з канём трэба быць пастаянна ў кантакце, а не ад выпадку да выпадку. Гэта значыць, паставіць шэлтар, зрабіць, скажам так, чальцом каманды. Натуральна, кожны раз па дарозе збочвалі ў Крэва, усё больш зачароўваючыся закінутай мураванкай, якая ўрэшце і стала нашым “гняздом”. Так, шмат клопатаў, стайня па-ранейшаму толькі ў марах, але гэта асэнсаваны выбар…”

Зрэшты, першы гадаванец тут ужо абжываецца – паўгадавалы Гард, якога “дзікім ваўчанём” Кастусь сабраў у ахапку на АЗС, куды таго падкінулі малым шчанюком. Нейкі час адзін да аднаго прыглядаліся, але цяпер гэта загартаваны сяброўскі тандэм.   

Што да гадамі занядбанай хаты і прылеглай тэрыторыі, дык немалая гаспадарка вымагае фізічных высілкаў і матэрыяльных укладанняў.  Стогадовыя перакрыцці з элементамі саламяных “уцяпляльнікаў” патрабуюць замены, а пра рэальны стан сценаў сведчыць “музеіфікаваны” фрагмент зандажа.   

Тым не меней, уратаваны дом хутка пачаў дзяліцца сваімі таямніцамі. Аказалася, што ў двары пад пластом глебы хаваецца аўтэнтычная брукаванка – пра яе існаванне Кастусь дазнаўся абсалютна выпадкова, арудуючы ломам. Зняўшы ўтаптаны грунт, вачам адкрыўся шырокі каменны прагал, верагодна, шмат старэйшы за дом. А з улікам наўпроставага кірунку ў бок замка, не выключана, што і адна з колішніх дарожных артэрый фартэцыі.    

Зачараванне ляпянкі  

Падобных прыкладаў глінабітнай архітэктуры ў Крэве з некалі існуючых пяці захавалася толькі тры. Тая, што па адрасе Багданаўская, 15, згодна з дакументамі, неўзабаве справіць 100-гадовы юбілей – датай узвядення ў “метрыках” пазначаны 1926-ы. Але ўсё сведчыць на тое, што падмурак быў закладзены куды раней. 

Ляпянка ў Крэве
Стогадавая крэўская ляпянка. Фота: Ігар Карней

У самым пачатку Першай сусветнай вайны жыхароў Крэва прымусова вывозілі ў эвакуацыю, а тых, хто трымаўся да апошняга, “выкурвалі” рускія казакі, падпальваючы саламяныя дахі. Мястэчка пераўтварылася ў пажарышча,па якому у дадатак прайшоўся перакрыжавальны агонь варагуючых армій. Новыя сцены ўжо ставілі па вяртанні, робіць выснову суразмоўца, натыкнуўшыся ў склепе на “залежы” абвугленага дрэва. 

А яшчэ ў часы калектывізацыі тут быў міліцэйскі пастарунак. Пра тое нагадвае знаходка на гарышчы – фуражка праваахоўніка. Мясцовыя згадваюць, што сюды дастаўлялі на перавыхаванне “раскрадальнікаў сацыялістычнай уласнасці”. Іншы рарытэт – цюбецейка – скіроўвае на думку, што этнічны склад парушальнікаў быў досыць стракаты.

“Гэта сапраўды выдатны аб’ект нашай архітэктуры, – канстатуе Кастусь Дземідовіч. – Таму аднаўляю хату, захоўваючы ўсе тэхналогіі – у  літаральным сэнсе прачуў да глыбіні душы, чаму яна ляпянка. Па ходу вучыўся, як правільна замешваць гліну, што рабіць, каб не адвальвалася. Балазе, жонка архітэктар і таксама штосьці падказвае. Іншымі словамі, задача – максімальна захаваць мазанку ў першасным выглядзе. Бо было б прасцей і танней купіць сайдынг, падшыць столі, пакласці ламінат, ляпнуць пластыкавыя вокны і во табе “красівенька”. Дык не, так не будзе”.     

Багатую гісторыю старадаўняга мястэчка Кастусь і Марына Дземідовічы паступова ўвасабляюць у тэматычныя экспазіцыі – некаторыя ўжо пад дахам-навесам, іншыя яшчэ пад адкрытым небам. 

Кастусь Дземідовіч
Эпоха ранняга сярэднявечча. Фота: Ігар Карней

Цалкам лагічна, што пачэснае месца адведзена “прабацькам” з эпохі Даўмонта Нальшанскага. Паводле паданняў, у ХІІІ стагоддзі Крэва было сталіцай княства Нальшанскага, і менавіта да таго часу адсылаюць стылізаваныя даспехі і вопратка.

Наступная хроніка ахоплівае, бадай, самы вядомы гістарычны этап – ад закладання для князя Альгерда абарончага замка ў XIV стагоддзі да ўдзелу Крэўскай харугвы Ян Гаштольда ў Грундвальскай бітве 1410 году.   

Нарэшце, экспанаты Першай сусветнай вайны, некаторыя з якіх у  нязменным выглядзе дайшлі да нашага часу. Напрыклад, праз двор да замка праходзілі акопы германскіх войскаў 379 ландвернага палка. Частка расчышчана ад смецця і дае ўяўленне пра жарсці 100-гадовай даўнасці.

Дарэчы, усе выстаўленыя прадметы прыкладнога характару: іх дазволена  апранаць для сэлфі, а на абсталяваных пляцоўках можна пастраляць з лука ці пакідаць сякеру.

Кастусь Дземідовіч
Надзел сканчваецца замкавымі мурамі. Фота: Ігар Карней

“Каб пераехаць і тут жыць, дакладней – вярнуцца да сваіх каранёў, трэба зарабляць хоць нейкія грошы, – кажа Кастусь Дземідовіч. – Я вясковы хлапец, умею рабіць рукамі, гэтым трэба карыстацца. Шмат аб’ехаў знакавых мясцін, паглядзеў, як працуюць крутыя аграсядзібы, у прынцыпе ёсць “двіж”. Дык чаму да яго не далучыць Крэва? І вырашылі стварыць аграсядзібу з ухілам на знаёмства з традыцыямі. Гэта і гераічныя паходы нашых прапрадзедаў; і стравы з далёкай мінуўшчыны; і рабочыя інструменты свайго часу. Усё гэта выдатна адаптуецца ў нашых рэаліях!”.

У пацверджанне сказанаму – не толькі манекены ў амуніцыі той ці іншай эпохі. Так, Кастусь узвёў альтанку, а Марына гатуе наведнікам аўтэнтычныя стравы – цэпеліны, мачанку, халаднік. На стадыі абсталявання сталярная майстэрня, кузня з паветранымі мяхамі і нават выстава ў гонар татараў, якія некалі складалі значную частку крэўскага насельніцтва. Дарэчы, “кансультанткай” выступае 82-гадовая суседка Лейла Бікіраўна Мусіч, шчырая захавальніца традыцый свайго народа. 

Ну і, безумоўна, як абысціся без прадпрымальных жыдоў – магчыма, адных з гаспадароў мураванкі. Прынамсі на функцыянальны падзел дому сведчаць два выхады – у франтоне для пакупнікоў і бакавы для сям’і. 

Вымушаная паўза 

Пасярод імправізаванай экскурсіі Кастусь нечакана прызнаецца, што вымушаны паставіць дзейнасць на паўзу. З аднаго боку, каб зразумець мэты чарговай законатворчай “аптымізацыі”, якая мусіць упарадкаваць аграсядзібы. З іншага, актыўнічаюць “нераўнадушныя грамадзяне”, не на жарт “засмучаныя” імпэтам маладога сямейства.  

Брукаванка
Вернутая з нябыту брукаванка. Фота: Ігар Карней

“Не скажу, што новыя патрабаванні дрэнныя. Колькі заяўленых аграсядзіб  абмяжоўваліся збольшага “банна-стаканнымі” функцыямі, і такую дзейнасць упарадкаваць можа і трэба. Іншае пытанне, ці можа старая вясковая хатка адразу адпавядаць заяўленым нормам? Я на сённяшні дзень іх аб’ектыўна не выцягваю. Таму добра б мець індывідуальны падыход, а не падганяць усіх пад адзін капыл. Тут, хутчэй, праблемы ў кляўзе на людзей, якія хочуць нешта зрабіць для Крэва, для раёну. Бо мэта – задушыць любую актыўнасць. Але ці падумалі, што ў мяне трое дзяцей? Як нам існаваць у прынцыпе? Сюды ўкладзены ўвесь сямейны бюджэт, вісіць банкаўская пазыка”.

Зрэшты, сам Кастусь Дземідовіч да выпрабаванняў ставіцца па-філасофску: калі чалавек загадзя не настроены капітуляваць, значыць, выйдзе з бойкі больш моцным. 

“Ёсць у другой дзяржаўнай мове такая прыказка: часам крок наперад – гэта наступства выспятка пад зад. Прабачце за фрывольнасць. Хутчэй за ўсё, жыццё на сённяшні момант дае мне вось гэты выспятак: маўляў, хлапец, занадта ты крута з месца ў галяпкі пайшоў, таму давай прыпыніся, пераадольвай… Ну што ж, сумеснымі намаганнямі неяк справімся, тут вельмі класныя людзі – і простыя месцічы, і творчая інтэлігенцыя. Ды і сам край таму спрыяе – хочацца чымсці займацца, прыносіць карысць”, – падсумоўвае Кастусь Дземідовіч.

Кастусь Дземідовіч і Сяргей Верамейчык
Культурніцкія паплечнікі Сяргей Верамейчык і Кастусь Дземідовіч. Фота: Ігар Карней

За год існавання ў новым фармаце сядзіба на Багданаўскай, 15 ужо можа пахваліцца колам сталых наведнікаў: хто хоць раз пасядзеў у альтанцы з відам на муры ахутанага легендамі старога замку, вяртаецца сюды зноў. А іншыя госці нават гатовыя падзяліцца ўласным досведам культурніцкага “спадзвіжніцтва” – як мастак, музыка, пісьменнік Сяргей Верамейчык. У  свой час гэтаксама прыехаў са сталіцы ўдыхнуць жыццё ў “Паўночныя Афіны” – іншы куток Смаргоншчыны, звязаны з імем выбітнага творцы і дыпламата Міхала Клеафаса Агінскага.

Падтрымайце Kreva.Travel!