Узлёты і падзенні аэрастатаў-шпіёнаў над Крэвам

10 лютага 2023
аэрастаты-шпіёны
Рускія запускаюць свой аэрастат. З альбома Аляксандра Зусмановіча, які ваяваў у нашых мясцінах

У 1783 годзе французскія вынаходнікі браты Мангольф’е ўзнялі ў неба першы ў свеце паветраны шар. Амаль адразу гэтыя лятальныя апараты сталі выкарыстоўвацца ў вайсковых мэтах, а найбольшы іх росквіт прыйшоўся на гады Першай сусветнай вайны. Як правіла, прывязныя аэрастаты і дырыжаблі абслугоўвалі артылерыю і выкарыстоўваліся для карэкціоўкі яе агню. Разам з тым, яны гралі важную ролю ў вядзенні разведкі.

У крэўскім небе, падзеленым лініяй фронту, больш за сто год таму таксама можна было назіраць аэрастаты-шпіёны – як нямецкай, так і рускай арміі. Краязнавец Аляксандр Камінскі сабраў гісторый іх узлётаў і падзенняў.

Выратаванне з ахопленага агнём аэрастата

У кнізе Мікалая Аношчанкі “Вайна ў паветры” прыведзены ўспамін ваеннага паветраплавальніка Варанцова пра адзін яркі эпізод яго працы на прывязным аэрастаце ў жніўні 1917 года. Прычым, слова “яркі” тут гучыць як у пераносным, так і ў прамым значэнні.

Разведчык вёў назіранне з вышыні 580 метраў над пазіцыямі на поўдзень ад Крэва. Яснае надвор’е, нягледзячы на лёгкі ветрык, было спрыяльным для вядзення разведкі. Аднак пасля дзесяці хвілін знаходжання ў паветры Варанцова папярэдзілі, што ў яго бок накіроўваецца нямецкі аэраплан. Вайсковец, узяўшы ў рукі ружжо-кулямёт Льюіса, падрыхтаваўся да сустрэчы з ворагам.

І вось непрыяцельскі самалёт прыблізіўся і пачаў стральбу ў бок аэрастата. Варанцоў пачаў страляць у адказ. Калі самалёт аддаліўся, назіральнік заўважыў, што аэрастат загарэўся і пачаў падаць. Не заставалася нічога іншага, як выкінуцца з яго карзіны на парашуце. Неабходна было зрабіць гэта як мага хутчэй, каб набыць хуткасць падзення большую, чым ў аэрастата, які працягваў падзенне, ахоплены агнём. Варанцоў стаў на борт карзіны і, зрабіўшы крок у паветры, скочыў у бездань.

“Я адчуваў, з якой страшнай хуткасцю валюся ўніз… У мяне мільганула думка: няўжо парашут не раскрыецца, і мне наканавана каменем даляцець да зямлі і ператварыцца ў аладку. Але ўжо ў наступны момант я адначасова пачуў над сабой шум шаўковага парашута, які разгарнуўся, і адчуў даволі рэзкі штуршок уверх з прычыны запаволення падзення”, – узгадваў пазней Варанцоў.

Крэўскі замак
Крэўскі замак і цэнтр мястэчка на аэраздымку часоў Першай сусветнай вайны. З калекцыі Сяргея Гапона

Аднак страх вярнуўся ізноў, калі парашутыст заўважыў, што палаючы аэрастат наганяе яго. Тым не менш – абыйшлося. Вецер, хоць ён быў і невялікі, усё ж аднёс назіральніка з яго парашутам убок, і ўся вогненная бясформенная маса  з шумам праляцела ўніз зусім побач, ахінуўшы прастору неверагодным цяплом.

Нямецкія страты

Крыху раней, 1 чэрвеня 1917 года, над вёскай Панара можна было назіраць, як знішчылі нямецкі аэрастат. Каб перашкодзіць яму весці назіранне за пазіцыямі рускіх, ваенны лётчык Аляксандр Кваснікаў падняўся ў неба на сваім знішчальніку “Ньюпар”. Нягледзячы на моцны артылерыйскі і кулямётны агонь праціўніка, лётчык атакаваў аэрастат, абстраляўшы яго запальнымі ракетамі. Ахоплены полымем, нямецкі апарат рухнуў на зямлю.

Пра яшчэ адзін бой, які прыйшлося весці авіятарам-разведчыкам у небе над Крэвам, расказвае ў сваіх успамінах ваенны лётчык Аляксей Туманскі. Вясной 1917 года ён разам з назіральнікам Аптоўцавым на “Фармане-27” выконваў фатаграфаванне варожых пазіцый на ўчастку Багушы-Крэва. Яны прыкмецілі нямецкі самалёт, які ішоў ім насустрач. Расійскія авіятары падпусцілі самалёт да сябе, зайшлі з тылу і збілі яго першай чаргой выстралаў. Нямецкі апарат крута спланіраваў і, утыркнуўшыся носам у зямлю, перавярнуўся за крэўскімі могілкамі.

аэрастаты-шпіёны
Нямецкія вайскоўцы ля аэрастата. Здымак з сямейнага архіву Манфрэда Бергера, дзядуля якога ваяваў пад Крэвам

За разведку над Крэвам ўзнагародзілі роднага брата Сяргея Рахманінава

Франтавыя зводкі часоў Першай сусветнай вайны паведамляюць, што ўзнагароды ў канцы 1916 года атрымалі Іосіф Жалязноў і Грыгорый Фамагін за разведку і фатаграфаванне варожых пазіцый у раёне Крэва і ваколіцах.

Георгіеўскую зброю атрымаў паветраплавальнік Грыгорый Арлоў – за тое, што ў студзені 1917 года “пад моцным стрэльбавым і артылерыйскім агнём непрыяцеля, нягледзячы на моцны вецер і мароз, ад якога змерзлі бензаправодныя трубкі задняга бака, і відавочную небяспеку для жыцця, даў магчымасць назіральніку-афіцэру ажыццявіць фатаграфаванне першай лініі непрыяцельскай пазіцыі ў раёне Смаргонь-Крэва”. Аналагічную ўзнагароду атрымаў і сам назіральнік Уладзімір Брашаван.

У розныя часы Георгіеўскай зброяй за выдатна праведзеную здымку варожых пазіцый у раёне Крэва, а таксама за ўдалую карэкціроўку стральбы артылерыйскіх батарэй былі ўзнагароджаны Іван Бардоўскі, Іван Паўлаў, Мікалай Ганчароў, Іван Кежун, а таксама родны брат кампазітара Сяргея Рахманінава – Мікалай.

Падтрымайце Kreva.Travel!