П’янства, марадзёрства, гвалт. У якім стане рускія прарывалі фронт І сусветнай вайны

6 кастрычніка 2022
маральная дэградацыя рускага войска Аляксандр Керанскі
Рускі ваенны міністр Аляксандр Керанскі ў Крэве асабіста агітаваў салдатаў ісці ў бой. Фота з альбома 38-га армейскага корпуса

У ліпені 1917 года расійскае вайсковае камандаванне паспрабавала прарваць лінію фронту ля Крэва. Пазіцыі тут на той момант заставаліся нерухомымі амаль два гады, таму аперацыя праходзіла на фоне ўсеагульнай стомленасці ад вайны ды маральнай дэградацыі салдатаў. Да ўсяго ж, рэвалюцыйныя настроі пачыналі ахопліваць абшары Расійскай Імперыі.

Незадоўга да пачатку наступу камандуючы арміямі Заходняга фронту генерал Антон Дзянікін рабіў аб’езд  падначаленых яму войскаў. Ён добра ведаў, што справы з дысцыплінай тут былі не на высокім узроўні. Аднак ад таго, што ён убачыў у 703-м пяхотным Сурамскім палку, генерал наогул апынуўся ў шоку.

Пра гэта мы даведваемся з яго ўспамінаў, упершыню апублікаваных у 1921 годзе ў Парыжы. “Мы пад’ехалі да велізарнага натоўпу абяззброеных людзей, якія стаялі, сядзелі, соўгаліся па паляне, за вёскай, – піша ён. – Апранутыя ў рыззё (адзенне было прададзена і прапіта), босыя, зарослыя, нячэсаныя, нямытыя, – яны, здавалася, дайшлі да апошняй ступені фізічнага агрубення”. Выгляд камандзіраў таксама быў не лепшы: губы начальніка дывізіі трэсліся, а камандзір палка меў “твар прыгаворанага да смерці”. Далей генерал з жалем піша: “Божа мой, што зрабілася з людзьмі, з разумнай Божай істотай, з рускім аратым… Утрапёныя ці звар’яцелыя, з памутнелым розумам, з упартай, пазбаўленай усякай логікі гаворкай, з істэрычнымі выкрыкамі, яны вывяргаюць праклёны і цяжкую гнюсную лаянку”.

Крыху пазней 703-і Сурамскі полк загадам камандуючага арміямі Заходняга фронту быў расфарміраваны “за здраду воінскаму абавязку і справе выратавання Радзімы”. Аднак такі крок ніяк не паўплываў на сітуацыю ў расійскім войску.

Афіцэраў забіралі з поля бою апошнімі

Да ўдзелу ў Крэўскай аперацыі планавалі прыцягнуць 2-і Каўказскі армейскі корпус, байцы якога “славіліся” сваёй расхлябанасцю і разбэшчанасцю. У некаторых яго палках незадоўга да запланаванага наступлення было выяўлена па дзесяць самагонных апаратаў. Калі ўсё было гатова да прарыву фронту, корпус наадрэз адмовіўся ісці ў бой. У тэрміновым парадку прыйшлося замяніць яго 20-м армейскім корпусам, салдаты якога таксама не гарэлі жаданнем ваяваць.

маральная дэградацыя рускага войска
Загінулыя вайскоўцы ля Крэва ў ліпені 1917 года

Не з лепшага боку падчас атакі адзначыўся і 1-ы Сібірскі армейскі корпус. У журнале баявых дзеянняў занатаваны выпадак, калі салдаты спалохаліся рэдкага агню праціўніка і пакінулі занятыя імі пазіцыі на заходнім ускрайку Наваспаскага лесу. Некаторыя  з байцоў заставаліся на полі бою і рабавалі сваіх жа таварышаў. Замест таго, каб збіраць трафеі, многія займаліся марадзёрствам на пазіцыях немцаў. Затым “натоўпы салдатаў, нагружаных нямецкім барахлом, адыходзілі ў глыбокі тыл, дзе ў час, калі ішоў бой, адбываўся гандаль нямецкімі рэчамі”.

У гэтым жа дакуменце гаворыцца і пра адносіны салдат да сваіх афіцэраў. Тыя “выконвалі свой абавязак да канца, знаходзячыся ўвесь час наперадзе і ахвяруючы сабой дзеля Радзімы. Але прыклад гэты заражаў нямногіх, і часта афіцэры заставаліся адны. Адносіны салдат да афіцэраў адбіліся на тым, што іх выносяць з поля бою апошнімі”.

Генерал Юзаф Доўбар-Мусніцкі ў сваіх успамінах згадваў, што салдаты ледзьве не пабілі ваеннага міністра Аляксандра Керанскага, які летам 1917 года прыехаў пад Крэва агітаваць войска ісці ў бой.

Рускія абстралялі свой самалёт і абрабавалі загінулых пілотаў

9 ліпеня 1917 года расійскі ваенны лётчык Мітрафан Паўленка і назіральнік Георгій Бокій на сваім самалёце праводзілі разведку пярэдняй лініі акопаў праціўніка і іх бліжэйшага тылу па маршруце Адампаль-Валожын-Дайноўка-Лоск-Крэва. Палёт ажыццяўляўся пры нізкай воблачнасці і на невялікай вышыні. У раёне Лоск-Дахны самалёт быў абстраляны ружэйным і кулямётным агнём, пасля чаго пачаў зніжацца, спрабуючы выбраць пляцоўку для пасадкі. Ля вёскі Кунцаўшчына яго, не разабраўшыся, пачалі абстрэльваць салдаты з рускага боку. Самалёт зачапіўся за дрэвы і ўпаў на зямлю. Лётчыка знайшлі забітым куляй у сэрца. Назіральнік жа, выкінуты з гандолы, знаходзіўся за сто крокаў ад самалёта і падаваў слабыя прыкметы жыцця. Ад цяжкіх раненняў ён таксама хутка памёр.

Як вядома з данясенняў аб здарэнні, забітыя лётчыкі былі абрабаваны сваімі ж саслужыўцамі: у Паўленкі зніклі грошы (каля 400 рублёў), гадзіннік, залаты крыжык і некаторыя іншыя рэчы, у Бокія – 100 рублёў і каска. Салдаты спрабавалі скрасці нават боты і курткі, але каравул, які падышоў, загадаў спыніць марадзёрства.

Вайскоўцы згвалтавалі параненых байцоў жаночага батальёна

Першую жаночую вайсковую каманду смерці стварылі незадоўга да наступу ля Крэва і накіравалі акурат на гэты ўчастак фронту, каб падняць баявы дух сярод салдатаў-мужчын і ўзмацніць дысцыпліну.

Як сведчыць у сваім данясенні начальнік батальёна палкоўнік Закржэўскі, жанчыны не толькі мужна змагаліся, але таксама імкнуліся выпраўляць неналежныя паводзіны дэмаралізаваных салдат-мужчын. Яны спынялі гора-байцоў, якія збягалі з поля бою, перапынялі марадзёрства, забіралі ў салдатаў бутэлькі са спіртным і разбівалі іх.

Наступ у выніку праваліўся, аднак першыя яго этапы для рускіх складваліся даволі паспяхова. На некаторых участках ім удалося заняць першую лінію нямецкіх акопаў, а месцамі прасунуцца яшчэ глыбей, у тым ліку і дзякуючы дзеянням жаночага батальёна. Адзін з аўтараў кнігі “Белы архіў”, выдадзенай у 1928 годзе, задаецца пытаннем: як рускі салдат аддзячыў рускай жанчыне за аказаную дапамогу? І дае ашаламляльны адказ: многія з параненых жанчын, якія заставаліся на полі бою, у тую ж ноч былі згвалтаваныя.

Падтрымайце Kreva.Travel!