«Літва да Міндоўга»: што знайшлі падчас сёлетніх раскопак на крэўскім гарадзішчы?

Чарговы сезон падарыў археолагам больш за 200 артэфактаў, якія распавядаюць пра жыццё Крэва ў X – XIII стагоддзях. Сярод іх ёсць нават імпартныя рэчы!
– Мы працягваем сістэматычнае даследаванне Крэўскага гарадзішча, паслядоўна пашыраем раскоп. Развіваемся ў адным сектары, дзе ў нас ужо вымалёўваецца вялікая плошча – 40 квадратных метраў. Незразумелая абарончая сістэма аб’екта: што стаяла наверсе, якія былі сцены, валы былі высокія адразу ці падсыпаліся? Сёлета на паўночным усходзе вала заклалі разведвальны шурф і адразу селі на каменную падмуркавую канструкцыю. Што гэта? Альбо брама гарадзішча, альбо вальная канструкцыя – у перспектыве мы прадоўжым працы і, спадзяюся, знойдзем адказ. З-за вайны тут шмат спалена. Такія помнікі вельмі складана даследаваць, – распавядае Алег Дзярновіч, кіраўнік раскопак, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі.


Новы этап археалагічных даследаванняў Крэва распачаўся ў 2011 г. І кожны сезон прыносіць новыя адкрыцці. Летась навукоўцы даведаліся крыху больш пра тое, якім было мястэчка да пабудовы замка.
– На тэрыторыі ўнутры дзядзінца гарадзішча можам пабачыць сведчанні матэрыяльнай культуры ў пластах ад X да XIII стагоддзя. Гэта я ўмоўна нызваю «Літвой да Міндоўга». Гарадзішча ў Крэве – гэта адміністратыўны, гаспадарчы, верагодна, і рэлігійны цэнтр паселішча да моманту пабудовы замка. Бачна, што пасля жыццё тут пачало згасаць, – робіць папярэднія высновы Алег Дзярновіч.


Крэўскі замак штурмавалі немцы?
– Нам патрапілася форма для вытворчасці ювелірнага вырабу. Відавочна, што тут працавалі з металам. Разам з тыповымі для мясцовасці шклянымі бранзалетамі мы знайшлі вельмі дзіўную штуку – фрагмент шкляніцы сірыйскай з арабскімі надпісамі. Дакладна, што гэта прадмет імпарту, але шляхі, якімі гэты прадмет патрапіў ў Крэва, нам пакуль не зразумелыя, – дзеліцца цікавосткамі кіраўнік раскопак. – З экзатычных рэчаў мы таксама знайшлі вельмі рэдкую манету з польскага Памор’я (былая Прусія) і наканечнік стралы арбалета. Чаму гэта важна? Мы не ведаем ніводнага штурму Крэўскага замка з боку Нямецкага ордэна. Але ў нямецкіх «Апісаннях шляхоў» на трасах, па якіх хадзілі на ВКЛ, крэўскае гарадзішча прысутнічае. Мы маем пласт пажару другой паловы XIII стагоддзя. Верагодна, ён быў звязаны якраз з нямецкім рэйдам.
У гэтай экспедыцыі ўдалося знайсці больш за 200 масавых і каля 30 індывідуальных артэфактаў. Асаблівую цікавасць выклікалі сляды печкі, пад якой знайшлі раздаўлены гаршчок з косткамі птушкі. Такія знаходкі для археолагаў – вялікая ўдача.

Разам з гарадзішчам навукоўцаў цікавіць і селішча. На меркаваным месцы яго знаходжання археолагі ў гэтым годзе заклалі некалькі разведвальных шурфоў. У адным, што бліжэй да ракі, выйшлі на пласты XI – XIII стагоддзяў. У планах таксама знайсці могільнік. Ён мог бы распавесці крыху больш пра насельніцтва Крэва – аднаго з рэгіянальных цэнтраў старажытнай Літвы.
«Знайшла гузік – і шчаслівая!»
На раскопках побач з прафесійнымі археолагамі працуюць валанцёры, якіх у Крэва прывяла любоў да гісторыі. Часта нічога агульнага з навукай маладыя людзі не маюць, але гэта іх не спыняе ад цікаўнасці сягнуць у глыбіню стагоддзяў.

– Сярод валанцёраў складаней знайсці гісторыка, чым негісторыка: у нас і электраманцёры, і айцішнікі, і архітэктары, і юрысты. У арганізацыі раскопаў вельмі дапамагаюць людзі з самога раёну, – кажа архітэктар і каардынатар працы валанцёраў Андрэй Шулаеў.

Некаторыя прыяжджаюць ў Крэва ўжо каторы год запар. Што іх вядзе сюды?
– Гэта добры шанец дапамагчы развіваць сваю гісторыю, культуру, і развівацца самой. Тут ты можаш пазнаёміцца з добрымі людзьмі, пабываць на цікавых імпрэзах. Ты сам пазнаеш нешта новае, шукаеш нешта новае, аб чым будуць распавядаць новым людзям, – разважае Марына Карабанава, спецыяліст па знешнеэканамічнай дзейнасці ў IT.

Марына прыяжджае на раскопкі другі раз. – Падчас раскопаў я знайшла гузік. Раней знаходзіла нейкія костачкі, кераміку, але верыла, што заслугоўваю нечага большага. І вось нарэшце так атрымалася! Я шчаслівая!
Падтрымайце Kreva.Travel!