«Кажуць, што я князёўна – Крэўскі замак на маім падворку стаіць!»
Валянціна Заянчкоўская амаль усё жыццё вартуе замак – жыве ў найбліжэйшай да замкавай вежы хаце. Мясцовая жыхарка сочыць за парадкам каля помніка, а ў вольны час забаўляе цікавымі гісторыямі турыстаў.
– Вартаваць замак мяне запрасілі летась, як пачалі праводзіць рэстаўрацыйныя работы. Я тут і так заўсёды побач кручуся. Гаспадаркай займаюся дый на замак паглядаю, абы там усё добра было, не кралі нічога. А цяпер яшчэ і афіцыйна хажу старажую.
Энергічная, усмешлівая жанчына жартуе, што старажытныя муры – лічы што яе родны дом. Нават сваім коткам дала адпаведныя імёны: Графіня і Баранэса. Пры замку яна жыве з дзяцінства. За ўсё жыццё Валянціна Заянчкоўская прызвычаілася не толькі пільнаваць, каб ніхто не зрабіў замку шкоды, але прымаць турыстаў, як сваіх гасцей.
– Пакуль рэстаўрацыйныя работы ідуць, на двор замка прайсці нельга. Мала ці што, камень які зваліцца. Але ўсё адно турысты едуць. Бывае, сяжу каля хаты, а яны спыняцца, распытваюць, і я расказваю. Я такая цікаўная – ва ўсіх пытаюся, адкуль яны! Нядаўна былі з Узбекістана мужчыны такія сур’ёзныя, пад гальштукамі. Усё, што знала, расказала ім пра замак. Трэба ж, каб недарэмна людзі здалёк ехалі!
– Шмат турыстаў бывае?
– Цяпер такое нашэсце! За апошнія пару год больш стала, як бязвізавы ўезд зрабілі. Раней так не ехалі. Прыяжджаюць масквічы, людзі з Іркуцка, Саратава таксама былі. З Польшчы, Літвы, Югаславіі, Англіі…
– Нават з англамоўнымі гасцямі размаўляеце?
Я ж у школе англійскую вучыла! Даўно, але я тое-сёе памятаю: «гуд дэй», «гуд бай», «уот із ё нэйм». Нешта магу запытацца, штосьці сказаць. Аднойчы іду я са сваёй кабылкай, сена вязу, а да мяне ляціць чалавек, хоча сфатаграфаваць. Ён пытаецца нешта сказаць, а незразумела – як бурбалкі ў роце. Потым перакладчык падыйшла, патлумачыла: гэта швед, і ў іх таксама на кані так возяць сена. Дык яму было дзіўна, што мы такія падобныя.
– А што яшчэ здзіўляе турыстаў, што кажуць?
– «Як вам тут пашэнціла жыць, у такім месцы!» – здзіўляюцца нашай гісторыі. А некаторыя на мяне кажуць, што я князёўна! Бо ў мяне замак, лічы, на падворку стаіць.
Людзі прыяжджаюць трохі азнаёмленыя з гісторыяй, падрыхтаваныя, асабліва, літоўцы. Я пачну штосьці расказваць, а яны дапаўняюць. Яшчэ была нядаўна пара з трыма дзеткамі з Санкт-Пецярбурга. Кажуць: «Мы патомкі Ягайлы». Я ім: «Ага, патомкі… А з чаго вы гэта ўзялі?» Сказалі, што па архівах шукалі, склалі радавод і апынулася, што яны патомкі Ягайлы. Я не распытвала далей, але здзівілася. Паглядзелі яны на замак, кажуць: «Добра, што робяць».
– Дык вы тут замест экскурсавода!
– Я люблю, калі да нас прыяжджаюць. Расказваю пра замак, пра сваё Крэва – няхай знаюць, што Крэва – не абы якое, а гістарычнае месца! Бубню ўсё, што ведаю. Я люблю факты, распавядаю толькі тое, што ў кніжках чытала.
Пра князя Даўмонта, напрыклад. Міндоўг і Даўмонт, літоўскія князі, пабралі родных сясцёр у жонкі. І калі Міндоўга жонка памерла, Даўмонт прыехаў са сваёй сюды на пахаванне. Міндоўг закахаўся ў жончыну сястру – і адбіў яе. Паміж імі пачалася міжусобіца. Але ў выніку той Даўмонд апынуўся ў Пскове, прыняў праваслаўе. Ён кананізаваны – і яго ногі хадзілі тут па нашай зямлі!
Пра набегі крымскіх татараў распавядаю, пра князя Курбскага, які тут хаваўся ад Івана Грознага…
– Які ў вас любімы эпізод з крэўскай гісторыі?
– Мне падабаецца легенда пра Юраву гару – што яе быццам бы за ноч нанасіў шапкай хлапчук Юрка. Мы, калі яшчэ былі дзецьмі, бачылі, як з гары стужачкай пясок бяжыць, і верылі ў гэта.
І пра Вітаўта люблю гісторю, пра тое, як Ягайла яго пад арышт пасадзіў. Жонка Вітаўта прыйшла з пакаёўкай яго адведаць. Тая аддала Вітаўту сваё аддзенне. Ён кажа: «Цябе пакараюць смерцю». А яна: «Вы, гаспадар, дзяржаве пользу прынесяце вялікую, а я – што магу? Пакараюць дык пакараюць». Высакародна паступіла, не пашкадавала свайго жыцця.
Яшчэ такую быль турыстам расказываю. Два княжычы любілі князёўну маладую. Яна выбрала аднаго з іх. Той, якога яна адсунула, забіў гэтага княжыча, а дзяўчыну замураваў у сцяну. І вось з тых часоў каля замка з’яўляецца зданне – яна выяжджае на кані ў белай сукенцы, а збоку сабачка бяжыць.
– Праўда? А вы бачылі такое, каля замка жывучы?
– Вядома ж бачыла! Яшчэ ўнукам расказвала. Спіна каня сукенкай пакрыта, а яна з прыцемку выяжджае – так прыгожа. У гадоў чатырнаццаць, як вярталася дамоў позна, то міма замка куляй ляцела! Сама сабе наганяла страх. Яшчэ і бацькі пужалі: не хадзі каля замка, прывід выйдзе. Я і ў дарослым узросце трохі баялася. А цяпер старажую ноччу – і не страшна.
– Жанчыне адной хадзіць у цемры вакол замка – даволі экстрэмальны занятак!
– А чаго камянёў баяцца? Ноччу каля замка прыгожа, асабліва, калі зоркі. У мяне і праца, і адпачынак: і пільную, і на неба гляжу. У жніўні як выйду, дык з адзінаццаці гадзін вечара лічу, колькі зорак упадзе, загадваю жаданні. Дый успамінаю, як са школьным таварышам па начах хадзілі на спатканні да замка. «Глядзі, якія зоркі», – кажа, а потым раз – і пацалуе.
Я у маладосці магла паехаць у Смаргонь, там бы і кватэру атрымала б, ці ў Мінск. Але падумала: «А як жа мой замак?» І на ўсё жыццё асела ў Крэве. У нас некаторыя скептыкі кажуць: нашто сюды людзі едуць, камянёў яны не бачылі? А я як гляну на замак, дык аж сэрца радуецца. Душой я тут, у Крэве.
Падтрымайце Kreva.Travel!