Дазорная вежа ці царква? Што стаяла на Юр’евай гары
Цягам верасня 2022 года на вяршыні Юр’евай гары ўзводзіцца дазорная вежа. Аўтары задумы сцвярджаюць, што адбываецца аднаўленне аб’екта, які ўзвышаўся тут ў Сярэднявеччы, пры гэтым не хаваюць: няма ўпэўненасці, што вежа выглядала менавіта так. У той жа час, ёсць версія, што на пагорку стаяла царква.
Цалкам магчыма, што і вежа, і храм існавалі ў Крэве, толькі ў розныя гады. Мы паспрабавалі сабраць факты ў падтрымку абедзьвух тэорый. Таксама прапануем альтэрнатыўны варыянт увасаблення спадчыны, якую хавае легендарны пагорак.
Гара як частка абарончай сістэмы Крэўскага замка
У старажытныя часы, калі замак жыў сваім звычайным жыццём і выконваў уласцівыя яму функцыі, пагорак, верагодна, быў уключаны ў яго абарончую сістэму. На ім магла размяшчацца сігнальна-дазорная вежа. Да такіх высноваў прыйшлі гісторык Алег Дзярновіч і архітэктар Андрэй Шулаеў, якія ў 2011-2012 гадах праводзілі тут археалагічныя даследаванні. З іх вынікамі можна азнаёміцца ў №2 альманаха “Kreva incognita”.
Абгрунтоўваючы пабудову вежы, навукоўцы адзначаюць, што на гары не знойдзена нічога, што магло б быць рэшткамі царквы. Сярод знаходак археолагам трапіліся будаўнічыя цвікі, рэшткі глінянага посуду, элементы дэкору мэблі і адзення.
У якасці аргумента ў падтрымку існавання вежы аўтары праекта спасылаюцца на памеры выяўленых на пагорку падмуркаў. Па словах дырэктара Смаргонскага краязнаўчага музея Алены Бобінай, гэта простакутнік плошчай 4х4 метры, і абрысы Юр’евай гары не даюць магчымасці ўявіць, што там мог мясціцца істотны архітэктурны будынак.
– Складана сказаць, ці менавіта так выглядала гэтая вежа, але яна была пабудавана ў традыцыйным стылі, мы гэта ведаем. Наш майстра і яго брыгада выконваюць усе працы з прымяненнем сродкаў, якія былі і тады – ў ХІV стагоддзі. Нічога сучаснага мы не выкарыстоўваем, – распавяла Алена Бобіна ў эфіры дзяржаўнага тэлебачання 3 верасня.
Царква святога Юрыя згадваецца ў інвентарнай кнізе 1773 года
Краязнавец Аляксандр Камінскі ў публікацыях канца ХІХ стагоддзя адшукаў згадку, што яшчэ ў той час на вяршыні Юр’евай гары быў усталяваны крыж. У генеральнай візітацыі ад 2 лютага 1773 года у пералік пяці крэўскіх цэркваў трапіў храм з назвай Юрыя-пакутніка (у польскім варыянце – cerkiew Sw. Jerzego-Męczenika). Па адной з версій, менавіта па назве царквы і атрымаў сваё імя пагорак.
У 2019 годзе даследчыкі ў сваёй справаздачы пасля раскопаў на Юр’евай гары пісалі пра падмуркі перыметрам 4,5х6,5 метраў. Вядома, пра паўнавартасную царкву гаварыць не даводзіцца, але ў такую плошчу цалкам магчыма ўпісаць капліцу.
Адзначым таксама, што артэфакты, падобныя да знаходак на гары, былі знойдзены і пры раскопках на месцы Мікольскай царквы ў Крэве. Усё гэта як мінімум не супярэчыць тэорыі, што капліца ў нейкі перыяд гісторыі мястэчка ўсё ж стаяла на вяршыні. Больш за тое, у Першую сусветную вайну на гары месціліся пазіцыі рускіх войскаў, і сам Алег Дзярновіч прызнае: рыццё акопаў знішчыла частку даўняга культурнага слою на пагорку. Таму відавочна, што вынікі даследаванняў маглі б быць зусім іншымі, калі б іх правялі ў пачатку ХХ стагоддзя.
Якія яшчэ таямніцы схаваныя ў гары
Старажылы ўспамінаюць, што калісьці на веснавое свята Юр’е сюды збіралася мясцовая моладзь на гулянні. Святар Дзяменцій Плаўскі, які служыў у нашым мястэчку ў другой палове ХІХ стагоддзя, зафіксаваў традыцыю паліць вогнішчы на крэўскіх пагорках у гэты дзень.
Людская фантазія дала жыццё і іншым тлумачэнням назвы пагорка. Легенды пра яе паходжанне бытуюць да нашых дзён, часам на вачах нараджаюцца новыя.
– Адны вам распавядуць пра хлопца Юрку, якому загадалі за нейкую правіннасць нацягаць шапкай гару, вышэйшую за замак. I як усе здзівіліся, калі гэта работа была выканана за адну ноч. Ад іншых людзей можна пачуць пра другога Юрыя. Таму быццам бы прыснілася, што на гары ля замка закопана золата. Прачнуўшыся, Юрый кінуўся на пошукі скарбу. Залез на гару і пачаў там ліхаманкава капаць. Капаў-капаў, пакуль не заглынуў яго пясчаны вір, што ўтварыўся на дне ямы, – пераказвае легенды Аляксандр Камінскі.
Аблюбавалі многія журналісты і блогеры, а таксама экскурсаводы версію пра тое, што ў часы, калі замка яшчэ не было, пагорак выконваў функцыю паганскага капішча. Падмацоўваюць гэты міф тым, што з прыходам хрысціянства святы Юрый замяніў язычніцкага бога Ярылу. І той, і той з’яўляюцца апекунамі ўрадлівасці і вясны. Некаторыя нават імкнуцца навязаць для гэтага аб’екта новую назву – Ярылава гара.
Як па-іншаму можна прэзентаваць спадчыну Юр’евай гары
Фатограф і аўтар мастацкіх ініцыятыў у Крэве Сяргей Гапон лічыць, што ўзвядзенне вежы раскрывае толькі адзін бок багатай культурнай, гістарычнай і прыроднай спадчыны.
– Гара сама па сабе самадастатковая. Калі на ёй нічога няма, гэта не значыць, што яна не працуе як турыстычны аб’ект. Прыхільнікі вежы кажуць, што вось зараз нарэшце на гару паваляць турысты ды наробяць з вежы прыгожых здымкаў Крэва. Але тыя дадатковыя чатыры метры ўверх, на якія можна ўзняцца з дапамогай новай агляднай пляцоўкі, прынцыпова карціны не мяняюць: з гары і так адкрываюцца цудоўныя краявіды. Куды больш востра стаіць пытанне густой расліннасці навокал, – разважае суразмоўца. – Турыстычная інфраструктура павінна дапамагаць зразумець спадчыну, у тым ліку і праз арганізацыю зручнага доступу да яе, а не перакрываць сабой сапраўдныя помнікі, як трапна заўважыў у фэйсбуку Аляксандр Камінскі. А мы зараз бачым, што новаўзведзеная вежа, бясспрэчна, дамінуе над гарой і ўсім наваколлем.
Сяргей Гапон перакананы, што не было б памылкай абвесціць пра намеры добраўпарадкавання тэрыторыі пагорка і арганізаваць конкурс творчых праектаў на яе забудову.
– Адным з мастацкіх рашэнняў можа быць светлавы прамень залатога колеру, які б “вырываўся” з нетраў гары і “ляцеў” да нябёсаў. Простая рэч, але яна аб’ядноўвае практычна ўсе сэнсы, якімі напоўнены пагорак. Гэта і адсыл да легенды пра скарб, і пра энергію зямлі і яе абуджэнне. У гэтай форме сувязь з сігнальнымі агнямі, якія ў Сярэднявеччы запальвалі на вежы пры набліжэнні пагрозы. Гэта і даніна памяці загінулым у Першую сусветную. Тут таксама і кантакт са светам нябёсаў, з космасам. Усё тое, што можна адчуць, стоячы на вяршыні гары, – рэзюмуе мастак.
Акрамя гэтага, ён прапануе адкрыць адшуканыя падмуркі і прэзентаваць іх пад шклом. Такім жа прыёмам плануюць скарыстацца і аўтары дазорнай вежы. Праўда, паводле праекта, рэшткі камянёў будуць схаваныя ўнутры пабудовы.
Што ўяўляе сабой пагорак
Юр’ева гара – адна з найвышэйшых кропак мясцовасці. Мае вышыню 255 метраў над узроўнем мора, адкуль адкрываецца добры від амаль на ўсе галоўныя помнікі Крэва – замак, царкву, касцёл, руіны сінагогі. Ля падножжа знаходзяцца рэшткі старога млына. З іншага боку раскінуліся яўрэйскія могілкі – адзіныя ўцалелыя на тэрыторыі сучаснага Смаргонскага раёна і адзіныя з усіх крэўскіх, якія не былі пашкоджаны ў час І сусветнай вайны.
Гэтае месца аблюбавалі мастакі для правядзення пленэраў. Ужо бліжэй да нашых дзён у выпускнікоў школы з’явілася традыцыя сустракаць тут світанак пасля апошняга школьнага званка або выпускнога балю. З 2010 года на пагорку час ад часу святкуюць Масленіцу. Некалькі год таму на вяршыні былі ўсталяваныя арэлі, якія здабылі папулярнасць сярод мясцовых і гасцей Крэва. Па версіі буйнога інтэрнет-часопіса пра падарожжы 34travel арэлі на Юр’евай гары – адны з самых маляўнічых у Беларусі.
І сапраўды, месца надзвычай фотагенічнае. Толькі паглядзіце на гэтыя некалькі здымкаў, якія мы сабралі ў Інстаграме.
– Юр’ева гара – гэта адно з тых месцаў, дзе прыемна быць аднаму, без адзінага чалавека побач. Хочацца сядзець на арэлях і проста назіраць за тым, як вецер хістае дрэўцы, слухаць, як спяваюць птушкі, – перадае свае пачуцці украінка Кацярына Янголь, якая жыве ў Крэве ўжо 7 год.
Алеся Галгоўская са Смаргоні падзялілася з намі ўвогуле нечаканым прызнаннем: няспешна катаючыся на арэлях, яны з мужам адчулі, што павінны даць свайму сыну імя Юрый.