Што паглядзець у Крэве акрамя замка?
Адкуль адкрываецца найлепшы від на мястэчка і чым прыкметныя крэўскія камяні

На жаль, большасць з крэўскіх помнікаў даўніны страчана. Мы ведаем пра іх дзякуючы старым дакументам і фатаграфіям, мясцовым тапонімам і легендам. Тыя, што захаваліся, знаходзяцца ў дрэнным стане. Але ўсё гэтак жа здаюцца таямнічымі і прыцягальнымі. Самы папулярны помнік у турыстаў – Крэўскі замак. Ад яго засталіся адны руіны. Затое яны – сведкі падзей, якія адбываліся тут на працягу стагоддзяў, і памятаюць асоб, якія стваралі гісторыю.
Касцёл Перамянення Пана

Не меней цікавы за замак помнік – крэўскі касцёл. Сучасны будынак з’явіўся ў 90-я гады XX стагоддзя. Хоць касцёл у Крэве быў заснаваны яшчэ ў 1387 годзе. Тады вялікі князь літоўскі Ягайла прыняў каталіцтва і абяцаў распаўсюдзіць яго сярод супляменнікаў. Крэўскі касцёл стаў адным з першых на беларускіх землях. Яго шмат разоў зачынялі, знішчалі, перараблялі пад іншыя ўстановы. Напрыклад, у канцы XIX стагоддзя яго ператварылі ў Свята-Траецкую праваслаўную царкву. Яна праіснавала нядоўга: храм цалкам разбурылі падчас Першай сусветнай вайны. Пры Польшчы на гэтым месцы ўзвялі новы драўляны касцёл. У савецкі час яго зачынілі і прыстасавалі пад шпіталь. У сярэдзіне 90-х касцёл адрадзілі. Зараз каменны храм дзівіць сваёй прыгажосцю і нагадвае пра багатую гісторыю каталікоў Крэва.
Крэўскае гарадзішча

Гэта яшчэ больш старажытны помнік, чым замак і касцёл. Гарадзішча ўражвае сваёй веліччу. Варта толькі падняцца на яго вяршыню і прайсціся ўздоўж зямляных валаў. У старажытныя часы тут стаялі драўляныя ўмацаванні. Калі каменнага замка ў Крэве яшчэ не было, гарадзішча выконвала функцыю рэзідэнцыі мясцовага князя. Падчас варожых набегаў у ім хавалася ўсё навакольнае насельніцтва. Усярэдзіне гарадзішча вырылі глыбокі калодзеж. Ён дапамагаў вытрымаць працяглую аблогу. Яго рэшткі можна было назіраць яшчэ ў XIX стагоддзі. Раскопкі на гарадзішчы пацвердзілі, што яно існавала прынамсі з X па XIII стагоддзі.
Вялікі Крэўскі камень

Гэта помнік прыроды рэспубліканскага значэння. Камень знаходзіцца недалёка ад гарадзішча. Ён вялізарны, і значная яго частка сышла пад зямлю. Вага каменя – больш за 50 тон. Даўжыня адной з восяў – 3,9 метра, вышыня – 1,4 метра. Лічыцца, што гэты камень прыбыў сюды з ледніком з Фінляндыі.
Рэчка Краўлянка

Гарадзішча і Вялікі Крэўскі камень знаходзяцца непадалёк ад вытокаў рэчкі Краўлянкі. Яна бярэ пачатак з маленькага ручая. На працягу наступных 20 км рэчка нясе свае воды ў Заходнюю Бярэзіну. Краўлянка таксама сведка ўсіх падзей, якія адбываліся ў Крэве. Увосень 1915 года рэчка стала мяжой паміж пазіцыямі немцаў і рускіх падчас Першай сусветнай вайны.
Брацкая магіла рускіх ваяроў

Яна знаходзіцца на заходнім беразе Краўлянкі. Ён некалі быў заняты немцамі. Тут пахаваны рускія салдаты, загінулыя ў Першую сусветную. У 1966 годзе мясцовы краязнаўца Пётр Грынкевіч усталяваў на магіле мемарыяльны камень. Па яго звестках, на гэтым месцы пахаваны 154 салдаты.
У 1996 годзе тут паставілі і асвяцілі крыж. Пазней у брацкай магіле перапахавалі рэшткі расійскіх салдат, знойдзеных у іншых месцах.
Умацаванні Першай сусветнай вайны
Нямецкія ўмацаванні можна знайсці крыху на захад ад брацкай магілы. На магутных бетонных бліндажах захаваліся аўтэнтычныя надпісы і малюнкі.
Дрэва паэзіі
Яно расце на ўскрайку былой першай лініі нямецкай абароны. Гэта самы мірны і малады помнік у Крэве. Дрэвам паэзіі стала звацца дзікая яблыня. Яна стаіць недалёка ад хаты, дзе нарадзіўся і правёў дзяцінства паэт і палітык Уладзімір Някляеў.
Царква святога Аляксандра Неўскага

Калі прайсці ўніз па цячэнні Краўлянкі, то на ўсходнім беразе рэчкі сустрэнецца праваслаўная царква. Яе ўзвялі ў 1854 годзе з цэглы і каменя. Яна была прастакутная ў плане, накрыта двухсхільным дахам і трох’яруснвй шатровая званіцай. У гады Першай сусветнай яна знаходзілася на першай лініі абароны. Нямецкая артылерыя яе не пашкадавала і разбурыла. Пасля вайны храм узнавілі. Падчас Другой сусветнай польскія партызаны забілі настаяцеля царквы Міхася Ляванчука, яго дачку і пляменніцу.
З царкоўнага ўзгорка можна ўбачыць месца, дзе калісьці стаяла царква святога Мікалая. Па старых дакументах гэта была першая крэўская праваслаўна-ўніяцкая святыня. Цяпер гэтае месяца пазначана памятным крыжам.

Могілкі
Адгэтуль жа адкрываецца від на праваслаўныя могілкі. Самыя старыя пахаванні на іх датаваны толькі другой паловай XX стагоддзя. Больш старыя былі разбураны падчас Першай сусветнай вайны. Аналагічная гісторыя адбылася і з каталіцкімі могілкамі.
Трохі вышэй Аляксандра-Неўскай царквы знаходзяцца габрэйскія могілкі. Да нядаўняга часу габрэі складалі значную частку насельніцтва Крэва. Апошнія пахаванні на гэтых могілках датуюцца 80-мі гадамі XX стагоддзя. Да якога перыяду адносяцца найстарэйшыя з іх, высветліць цяжка. Мяркуючы па стане некаторых надмагільных камянёў, ім не адна сотня гадоў. Акрамя габрэйскіх могілак у Крэве была і сінагога. Яе будынак у цэнтры мястэчка зараз закінуты. Абодва помніка не дазваляюць забыцца пра цяжкі лёс габрэйскага народа, які спасціг яго ў Другую сусветную вайну.
Юрава гара

Яна знаходзіцца побач з габрэйскімі могілкамі. Колькасці легенд пра Юраву гару пазайздросціць нават замак. Навукоўцы лічаць, што яна названа так у гонар хрысціянскага святога Юрыя. Ён быў пераемнікам паганскага бога сонца і вясны Ярыла. Старажылы памятаюць, што калісьці на вясновае свята Юрыя тут збіралася на гулянні ўся местачковая моладзь. З Юравай гары адкрываецца найлепшы від на Крэва. Адгэтуль бачныя ўсе яго галоўныя помнікі і сучасныя пабудовы. Напрыклад, бачна школу. Там ёсць краязнаўчы музей, у якім падрабязна распавядаюць пра мясцовую гісторыю.
Паравы млын
У падножжа Юравай гары знаходзяцца рэшткі паравога млына. Ён быў пабудаваны ў першай палове XX стагоддзя. Млын працаваў на швейцарскім паравым рухавіку. Яго магутнасць дазваляла не толькі малоць муку і крупу, але і пілаваць дошкі, звальваць воўну і выпрацоўваць электраэнергію.
Камень-абярэг

Ад Юравай гары можна пайсці не да замка, а ў бок вадасховішча. Каля дарогі ў самым канцы вуліцы Дзяржынскага (раней -Татарская) стаіць малапрыкметны шэры камень. Да яго трэба прыгледзецца лепей. Тады можна заўважыць выбітыя на ім праваслаўныя крыжы і дату – 1871 год. Гэты камень лічыцца абярэгам. У канцы XIX стагоддзі ў Крэве яшчэ захоўвалася паганства. Людзі верылі, што калі падчас эпідэміі чумы паставіць па краях паселішча такія камяні, то цяжкая хвароба абыйдзе яго бокам. З чатырох такіх камянёў захаваўся толькі адзін.