Уладзімір Някляеў
Паэт, пісьменнік і палітык родам з Крэва
Уладзімір Някляеў – аўтар дзясяткаў кніг паэзіі і прозы. Многія з іх перакладзены на розныя мовы свету. Так паэт праславіў сваё роднае мястэчка, пра любоў і адданасць да якога ён кажа ў сваіх творах.
– Крэва – мой космас. Я яго грамадзянін. Хтосьці можа сказаць, што гэта правінцыйна… Што ж, няхай. Я ўжо не ў тым узросце, не ў тым разуменні жыцця, яго каштоўнасцяў, каб цурацца правінцыйнасці, – не саромеецца прызнаць сябе местачковым патрыётам Уладзімір Някляеў.
Будучы паэт, пісьменнік і палітык з’явіўся на свет 9 ліпеня 1946 года ў Смаргоні. Яго бацька, Пракоп Някляеў, паходзіць з Валгаградскай вобласці. Пасля вайны яго адправілі ў Заходнюю Беларусь ствараць калгасы. Ён працаваў старшынёй сельсавета ў Крэве. Тут і пазнаёміўся з маці Уладзіміра – Анастасіяй Магер.
Дзяцінства маленькі Валодзя правёў у Крэве. Дагэтуль успамінае, як на гарадзішчы гуляў з хлопчыкамі ў вайну і лазіў па нямецкіх бліндажах.
У першы клас ён пайшоў у крэўскую школу, потым да дзявятага класа вучыўся ў Смаргоні. У школьныя гады займаўся музыкай. Нават граў у аркестры народнай музыкі імя Агінскага – адказваў за цымбалы і кантрабас.
У 15 гадоў Уладзімір Някляеў паехаў вучыцца ў Мінскі тэхнікум сувязі. Музыку ён памяняў на бокс і барацьбу. Праўда, з-за сур’ёзнай траўмы трэніроўкі прыйшлося спыніць. Пасля тэхнікума Ўладзімір працаваў на Далёкім Усходзе і ў Сібіры.
Пачынаў журналістам, стаў апальным рэдактарам
У 21 год Някляеў вярнуўся ў Мінск. Тут ён 4 гады працаваў радыёмеханікам у атэлье. Працу сумяшчаў з вучобай на філфаку Мінскага педінстытута. Потым звольніўся, паехаў у Маскву і паступіў яшчэ і на аддзяленне паэзіі Літінстытута. Неўзабаве перавёўся на завочнае аддзяленне і канчаткова пераехаў у Мінск.
За год да сканчэння філфака Уладзімір Някляеў пачаў працаваць журналістам. Яго кар’ера стартавала ў 1972 годзе ў газеце «Знамя юности» – адной з самых тыражных газет таго часу. У 29 гадоў Някляеў стаў рэдактарам бюлетэня «Тэатральны Мінск», праз тры гады сышоў на Беларускае тэлебачанне.
З 1987 па 1998 Уладзімір Някляеў быў галоўным рэдактарам часопіса «Крыніца». Сваю рэдакцыю ён зваў «бліскучым сузор’ем». З Някляевым працавалі вядомыя літаратары: Уладзімер Арлоў, Леанід Дранько-Майсюк, Алесь Разанаў, Леанід Галубовіч. Толькі сузор’е згасла. Някляеў патрапіў у няласку да тагачаснага віцэ-прэм’ера Ўладзіміра Замяталіна. Паэт абвінаваціў уладу ў тым, што яна забівае беларускую культуру. Някляева звольнілі, а часопіс неўзабаве зачынілі.
Да 1999 года Уладзімір Някляеў рэдагаваў штотыднёвік «Літаратура і мастацтва». Пасля гучнага звальнення і канфлікту з уладамі з’ехаў у Польшчу, а потым на 4 гады ў Фінляндыю. У Беларусь ён вярнуўся толькі ў 2004 годзе.
«Гуляць дык гуляць» і драма пра Крэва
Уладзімір Някляеў піша толькі па-беларуску. Хоць першую кнігу вершаў ён падрыхтаваў на рускай мове. Рукапіс аднёс у маскоўскае выдавецтва «Маладая гвардыя»… а потым забраў. І вырашў выдаць зборнік на роднай мове. Ён пабачыў свет ў 1976 годзе пад назвай «Адкрыццё».
У 80-я Някляеў пісаў шмат песень для ансамбляў «Песняры», «Сябры», «Верасы», а таксама для Зміцера Вайцюшкевіча, эстрадных спявачак Анжалікі Агурбаш, Ірыны Дарафеевай. Мабыць, самы гучны хіт на верш Уладзіміра Някляева – «Гуляць дык гуляць» у выкананні «Сяброў». Музыку да некаторых тэкстаў паэта напісаў знакаміты кампазітар Васіль Раінчык.
У Някляева выйшлі дзясяткі кніг. Гэта зборнікі вершаў «Наскрозь», «Прошча», «Кон» і іншыя, кнігі прозы «Цэнтр Еўропы», «Знакі прыпынку»…
У 2010 ён выдаў «Лісты да Волі» – вершы, якія напісаў у следчым ізалятары КДБ.
Някляеў таксама аўтар вялікіх раманаў. У эміграцыі ён прэзентаваў «Лабух». А ў 2012 годзе выйшаў «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без». За гэтую кнігу Някляеў атрымаў міжнародную прэмію імя Ежы Гедройца.
У 2015 годзе Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў ЗША вылучыў Уладзіміра Някляева на Нобелеўскую прэмію па літаратуры. У гэтым інстытут падтрымала нью-ёркскае выдавецтва Juliette, якое выпусціла зборнік вершаў паэта. Кніга «Belarus – Беларусь» выйшла на трох мовах: беларускай, рускай і ангельскай.
У лютым 2018 выйшла чарговая кніга прозы Уладзіміра Някляева – «На ўсякім свеце».
Амаль усе творы паэта так ці інакш звязаныя з Крэвам. Роднаму мястэчку ён прысвяціў мноства вершаў. Ну а калі ў нейкай кнізе Крэва не згадваецца наўпрост, пэўна, на радзіме пісьменнік над ёй працаваў.
У адным з апошніх інтэрв’ю Някляеў прызнаўся, што цяпер ён заняты драмай «Крэва». У гэтым творы ён хоча адлюстраваць драматычную гісторыю мястэчка.
– Усё, што звязана з Крэвам – гэта ёсць маё жыццё, мой лёс. Усё, што звязанае з той гісторыяй, якая працякала па гэтых пагорках, з магіламі маіх бацькоў, маіх дзядоў і прадзядоў. Гэтага досыць, каб не пачувацца самотным чалавекам у гэтым свеце. Гэтага нават больш, чым досыць, – прызнаецца Уладзімір Някляеў і дадае: – Я ў Крэве нарадзіўся, тут і памру.
Паэт-палітык
У 2010 годзе Уладзімір Някляеў стаў лідарам грамадскай кампаніі «Гавары праўду». Ён удзельнічаў з ёй у прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі ў якасці кандыдата ў прэзідэнты. Пасля масавых пратэстаў ён быў арыштаваны. Тым не менш, Уладзімір Някляеў не кінуў грамадскую працу, і цяпер сумяшчае яе з літаратурай.