Дзе ў Крэве пабудавалі адзін з першых касцёлаў у Вялікім Княстве Літоўскім

19 лістапада 2023
першы касцёл у ВКЛ
Пагорак Гром побач з гарадзішчам – адно з верагодных месцаў размяшчэння першага крэўскага касцёла. Фота: Сяргей Гапон

Лічыцца, што першы хрысціянскі храм у Крэве быў пабудаваны ў 1387 годзе, а крэўская каталіцкая парафія была ў ліку першых на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. Аднак да нашага часу застаецца без адказу пытанне пра яго першапачатковае месцазнаходжанне.

Старажытныя архіўныя дакументы і кнігі падаюць даты з жыцця крэўскага касцёла, звесткі пра колькасць парафіянаў у розныя часы, пра касцельную маёмасць. Аднак ніводзін з дакументаў не ўдакладняе месцазнаходжання святыні. Прынята лічыць, што ад самага пачатку знаходзілася яна на адным і тым жа месцы – у цэнтры мястэчка, непадалёк ад замка. Толькі ці адпавядае гэта рэчаіснасці?

Пагорак Гром

На развагі наводзіць адметная назва аднаго пагорка, які знаходзіцца недалёка ад гарадзішча. У наш час гэтая назва ўжо знікла з ужытку, але як сведчыць краязнаўца Пётр Грынкевіч той пагорак некалі называлі Касцельнай гарой.

Цалкам верагодна, што першапачаткова каталіцкі храм паўстаў менавіта каля гарадзішча – колішняга сэрца паганскага Крэва. Хрышчэнне прыхільнікаў старой рэлігіі было адной з умоў Крэўскай уніі. Крэва ў шэрагу першых атрымала свой касцёл ад новаабранага польскага караля Уладыслава ІІ Ягайлы. Яго маглі ўзвесці на месцы, дзе дагэтуль знаходзілася паганскае капішча. З часам гарадзішча страціла сваё прызначэнне, і цэнтрам паселішча зрабілася тэрыторыя ля каменнага замка. Туды ж магла быць перанесена і каталіцкая святыня. А памяць пра той першы касцёл доўгі час захоўвалася ў назве пагорка, на якім ён мог размяшчацца.

У запісах Грынкевіча сустракаецца згадка, што Касцельная гара “знаходзіцца насупраць Высоцкага Адольфа”. Дакладна вядома, што ў Крэве Высоцкія жылі ля гарадзішча: спачатку зусім побач на Зарэчнай, а пазней таксама непадалёк, але ўжо праз дарогу на вуліцы Смаргонскай. Таму нават не ведаючы, які з двух дамоў Высоцкіх – стары ці новы – меў на ўвазе Грынкевіч, у любым выпадку гаворка вядзецца пра мясцовасць каля гарадзішча. На жаль, адзіны арыенцір насупраць Высоцкага мала што дае для дакладнага вызначэння месцазнаходжання. Гэта мог быць накірунак у які заўгодна бок, і адлегласць невядома якая. І гэта пры тым, што і пагоркаў тут мноства.

Найверагодней, што гаворка ішла пра пагорак побач з гарадзішчам, які ў наш час многія называюць Громам. Словы гром і пярун у беларускай мове з’яўляюцца сінонімамі, якія абазначаюць адну і тую ж прыродную з’яву. Другое слова ўтварылася ад імя паганскага бажаства Перуна ці Пяркунаса, калі па-літоўску. Таму магчыма, што і пагорак да з’яўлення на ім касцёла называўся Перуновай гарой ці Перуном. Навуковец Адам Кіркор у сярэдзіне ХІХ стагоддзя пісаў у кнізе “Рысы з гісторыі і жыцця літоўскага народу”, што галоўныя храмы Пяркунаса і свяшчэнныя дубовыя гаі былі ў Крэве, Рамаве, Вільні і ў іншых месцах.

Тапонімы на нямецкай карце

У выпадку, калі Грынкевіч меў на ўвазе не дамы Высоцкага, а яго зямельны надзел, то Касцельная гара магла размяшчацца ў іншым месцы.

На схеме нямецкіх баявых пазіцый у Крэве і ваколіцах часоў І сусветнай вайны непадалёк ад Schweden Schanze, што перакладаецца як шведскае ўмацаванне і адпавядае сучасным каардынатам крэўскага гарадзішча, значыцца і Kircheкасцёл або царква.

першы касцёл у ВКЛ
Тапонімы Kirche (царква ці касцёл) і Schweden Schanze (шведскае ўмацаванне ці гарадзішча) на схеме баявых пазіцый часоў І сусветнай вайны

Наклаўшы нямецкую схему на сучасную тапаграфічную карту, атрымалася вызначыць, дзе знаходзіцца той пагорак на мясцовасці. Вельмі верагодна, што надзел зямлі Высоцкага мог знаходзіцца тут. Калі гэта так, то Касцельная гара – гэта і ёсць Kirche на нямецкай схеме. Калі ж Грынкевіч меў на ўвазе ўсё ж дом Высоцкага, то гэта маглі быць два розныя тапонімы з падобнай назвай, і кожны з іх прэтэндуе на сувязь з першай у Крэве каталіцкай святыняй.

Падтрымайце Kreva.Travel!