Валасное мястэчка ў складзе Расійскай імперыі

Ад непрывабнага мястэчка да добраўпарадкавання

канец XVIII - пачатак XX стст.

Панарама Крэва з захаду. Баляслаў Тамашэвіч, 1896

Ад Магдэбургскага права, якім карысталіся жыхары Крэва ў часы Рэчы Паспалітай, засталіся толькі ўспаміны. Расійскія ўлады ўвялі новыя формы самакіравання. І яны мала нагадвалі ранейшыя.

У ХІХ стагоддзі Крэва стала цэнтрам воласці. Яна ўваходзіла ў склад павета і складалася з сельскіх грамад. Кожная сельская грамада на сваім сходзе абірала старасту і некалькіх упаўнаважаных. Яны ўдзельнічалі ў выбарах валаснога кіравання і валаснога суда. У валасным кіраванні самай важнай асобай быў валасны старшына. Ён валодаў сур’ёзнымі паўнамоцтвамі.

Валасны суд разглядаў дробныя грамадзянскія і крымінальныя справы. Вінаватага маглі прысудзіць да невялікага штрафу, арышту да 7 сутак ці біццю розгами.

Існавала таксама і служба паліцыі. Спачатку яе ролю выконвалі дзясяцкія і соцкія. Іх абіралі ад пэўнай колькасці сялянскіх двароў. У 1903 годзе ўлады стварылі новую структуру – павятовую паліцэйскую стражу. На змену соцкім і дзясяцкім прыйшлі наёмныя стражнікі.

Валасное праўленне ў той час было ў першую чаргу сялянскім саслоўным утварэннем. Для гараджан і жыхароў мястэчкаў расійскі ўрад увёў мяшчанскае праўленне. Такое было і ў Крэве. Яно збірала падаткі і сачыла за парадкам.

Непрывабнае мястэчка

На працягу XIX стагоддзя Крэва жыло спакойным і бедным на падзеі жыццём. Але значныя сацыяльныя і палітычныя ўзрушэнні ўсё-ткі закранулі мястэчка. Калі у 1831 годзе ўспыхнула паўстанне супраць царскіх парадкаў, Крэва не засталося ў баку. Перад мясцовымі жыхарамі на Рынкавым пляцы выступіў ксёндз Жылінскі. Ён прыняў прысягу ў пяцідзесяці дабраахвотнікаў, якія адправіліся ў Ашмяны падтрымаць паўстанцаў.

У 1863 годзе падчас паўстання Каліноўскага ў Крэве вызначыўся Вікенцій Тамашэвіч. Ён знаёміў аднавяскоўцаў з паўстанцкай літаратурай, за што яго спаслалі ў Астраханскую губерню.

У апісаннях мястэчка ў літаратуры ХІХ стагоддзя няма ўзгадак пра яго былую славу. Вось што піша ў краязнаўчым нарысе пра Крэва Дамецій Плаўскі: «Зрэшты, горад гэты вельмі непрывабны. Небрукаваныя вуліцы ідуць паміж гарамі, з-за чаго найменшы дождж утварае бруд… Хаты ў іх амаль усе нізенькія, курныя, пакрытыя саломай… Хата і сенцы ўмяшчаюць у сябе чалавека сямейнага, яго скаціну і пажыткі. Няшмат хто мае хлявы для скаціны і хлеба, і налічваецца ўсяго чацвёра ці пяцёра чалавек сапраўдных гаспадароў».

Падобнае апісанне Крэва знаходзім у Чэслава Янкоўскага: «Мястэчка непрывабнае, невялікае і мёртвае, ажывае яно толькі чатыры разы на год, калі праводзяцца мала наведвальныя кірмашы».

Аднак Крэва ўсё ж лічылася валасным мястэчкам. Тут былі дзве праваслаўныя царквы, да 1866 года дзейнічаў каталіцкі касцёл. Габрэі маліліся ў сінагозе. У мястэчку працавалі медычны кабінет і аптэка, некалькі крамаў і карчма, паштовае аддзяленне. У 1846 годзе адкрылася народнае вучылішча. У 1889 годзе пры Аляксандра-Неўскай царкве з’явілася царкоўна-прыхадская школа.

Троіцкая царква ў Крэве

Як судзілі крэўскіх актывістаў

Напачатку XX стагоддзя ў Расійскай імперыі ўжо пачыналася барацьба за эканамічныя і палітычныя правы і свабоды. А на ўскрайках імперыі насельніцтва выступала супраць нацыянальнага і рэлігійнага прыгнёту. Пра хваляванні ў Крэве кажуць дакладныя запіскі ашмянскага павятовага спраўніка свайму губернскаму начальству. Ён пісаў, што ў канцы ліпеня 1905 года тут адбылася палітычная дэманстрацыя. А ў снежні наступнага года ў судзе ўсе прысутныя сталі сведкамі адважнага публічнага выказвання смаргонскага суддзі І. І. Машнера супраць самавольства паліцэйскіх. Яго прамова мела вялікі рэзананс, яе абмяркоўвала ўсё мясцовае насельніцтва. Павятовыя ўлады баяліся, што рэзкія выказванні суддзі супраць паліцэйскіх людзі ўспрымуць як заклік да дзеяння.

У рубрыцы «Судовая хроніка» аднаго з нумароў газеты Kurjer Litewski за 1907 год ёсць цікавая нататка. У ёй гаворыцца пра справу жыхара мястэчка Тадэвуша Сабалеўскага, якую разглядаў Віленскі суд. Гэта быў палітычны працэс. Сабалеўскага вінавацілі ў тым, што ён падбухторваў мясцовых сялян выступіць супраць улады. Суд тады справу спыніў – не знайшлі сведак.

Згуртаваліся дзеля агульнай мэты і крэўскія каталікі. У 1906 годзе ў іх атрымалася аднавіць парафію, якую ўлады ліквідавалі пасля паўстання Каліноўскага. Яны дамагліся таго, каб ім выдзелілі адзін са складоў хлебнай крамы. Там вернікі праводзілі службы. Пазней на месцы гэтага склада быў пабудаваны касцёл.

Лякарня, кірмашы і добраўпарадкаванне

У пачатку стагоддзя Крэва адчула ўздым у шматлікіх сферах жыцця. У той час колькасць насельніцтва мястэчка прыкметна павялічылася. У 1897 годзе ў Крэва налічваўся 2201 жыхар. Хаця яшчэ сто гадоў таму тут жылі ўсяго 693 чалавекі.

У мястэчку сталі часцей сталі праводзіцца кірмашы. Не два ці чатыры разы на год, як раней, а шэсць разоў на год. Гандаль у Крэве развівалі мясцовыя габрэі. Яны не толькі ўдзельнічалі ў кірмашах. У 1913 годзе габрэям прыналежалі 25 крам. Сярод іх было 11 бакалейных і 5 мануфактурных. Габрэі трымалі таксама аптэку і склад аптэчных тавараў.

Важнай падзеяй для Крэва стала адкрыццё бальніцы. Яна была адной з трох медустаноў у Ашмянскім павеце. Бальніцу дапамог адкрыць Мікалай Крачкоўскі, уладальнік маёнтка Чаркасы за дзве вярсты ад Крэва. Акрамя медычнай практыкі ён займаўся асабістай гаспадаркай. Разводзіў коней, трымаў вадзяны млын. Развіваць мястэчка яму дапамагалі асабістыя сувязі сярод павятовага і губернскага начальства.

Крэва з «непрывабнага» ператваралася ў добраўпарадкаванае мястэчка. Тут пачалі рамантаваць дарогі: падсыпаць іх у нізкіх месцах, класці брук. Мясцовыя жыхары станавіліся багацей. Замест курных хат з’явіліся сучасныя. Маладыя людзі вучыліся ў школах, атрымлівалі адукацыю. Здавалася, жыццё пайшло ў правільным кірунку. Аднак гісторыя распарадзілася інакш: наперадзе Крэва чакалі новыя цяжкасці і выпрабаванні.