Россыпы крэўскіх легендаў

Таямнічыя гісторыі пра душы забойцаў і пракляты замак

Легенды Крэва… Яны з маленства суправаджаюць тых, хто тут нарадзіўся і жыве, ахінаюць і заварожваюць гасцей і выпадковых падарожнікаў. Легендаў тут так шмат – цэлыя россыпы! Некаторыя з іх агульна вядомыы. Іншыя ж крыху прысыпаны часам, ляжаць у старых кнігах і людской памяці. Быццам чакаюць: а ці знойдзецца хто, каб дастаць іх на свет.

Пра будаўніцтва Крэўскага замка

Легенда магла б не захавацца, бо ўжо ніхто з мясцовых старажылаў яе не памятае. Але ў XIX стагоддзі Уладзіслаў Сыракомля і Чэслаў Янкоўскі запісалі гэту гісторыю. Паводле яе, Крэўскі і Медніцкі замкі будаваліся адначасова. I ўзводзілі іх не звычайныя муляры, а магутныя волаты. Яны адначасова працавалі ў Крэве і Медніках, і пазычалі адзін аднаму малаток, перакідваючы яго ў паветры праз чатыры мілі.

Пра душы, якія прыходзяць у замак кожную ноч

Пісьменнік Ігнат Ходзька ў сваім апавяданні «Дух-абаронца» выкарыстоўвае сюжэт яшчэ адной крэўскай легенды. Яе дзеючыя асобы – душы забойцаў Кейстута. Праклятыя Богам, яны павінны з’яўляцца штоночы ў Крэўскім замку, каб паўтарыць учыненае забойства. Вядома ж, яны не знаходзяць Кейстута, таму вымушаны прыходзіць сюды кожную ноч.

Пра дзяўчыну і злы дух

Яшчэ адной з крэўскіх легендаў даў другое жыццё Юзаф Грынкевіч у вершы «Пра Крэўскі замак». Ён пераказвае гісторыю пра млынарову дачку. У яе закахаўся жудасны дух, што гаспадарыў у лёхах Крэўскага замка. Ён не даваў дзяўчыне спакою. Кожную ноч клікаў яе ў сваё змрочнае падзямелле на спатканне. У роспачы млынарова дачка заказала ў касцёле імшу за вечны супакой духа. I вось у Задушны дзень прыйшла ў замак працэсія з ксяндзом, каб адслужыць там малебен. Дзень быў пагодны, але ў час імшы раптоўна пачалася бура. Нечакана з падзямелля выпаўзла хмара, ахутала млынарову дачку сваімі клубамі і пацягнула туды, адкуль з’явілася. У гэты момант заблішчалі маланкі, ударыў гром, і падзямелле засыпала зямлёй. 3 таго часу ніхто больш не чуў пра злога духа і ніхто не трывожыў мясцовых дзяўчат.

Прароцтва, якое збылося

Большасць крэўскіх легендаў так ці інакш звязана з замкам. У некаторых ён – адзін з галоўных персанажаў, у іншых – маляўнічы фон для драматычных ці фантастычных гісторый. Праклятыя Богам душы, глухія начныя стогны, шырокія лёхі – усё гэта прысутнічае ў легендах і паданнях, якімі аброс за стагоддзі стары Крэўскі замак.

Ёсць легенда, дзе замак выступае ў ролі валадара лёсу цэлай дзяржавы. Невядома, містыка гэта ці толькі супадзенне, але прадказанне пра залежнасць лёсу Польшчы ад Крэўскага замка нейкім чынам збылося.

У 1912 годзе ў польскамоўным часопісе Ziemia быў надрукаваны краязнаўчы артыкул Уладзіслава Загорскага «Крэўскі замак». У ім аўтар узгадвае запісаную ў ваколіцах Крэва легенду. Быццам бы за ўчыненыя ў замку злачынствы Бог асудзіў гэтае збудаванне на пагібель і звязаў з ім лёс Польшчы. Кожны год з замкавых муроў павінна адрывацца па каменю і па некалькі цэглаў. I калі замак будзе цалкам ў руінах – толькі тады ўваскрэсне Польшча.

Артыкул той быў апублікаваны, калі самастойнай Польшчы сапраўды не існавала на карце Еўропы. Яна адрадзілася толькі пасля Першай сусветнай вайны. Менавіта тады, калі жорсткія баі паскорылі разбурэнне Крэўскага замка і ён апынуўся ў вартых жалю руінах…

Пра Юраву гару

Юрава гара, якая знаходзіцца недалёка ад замка, па колькасці складзеных пра яе легендаў можа паспаборнічаць са сваім таямнічым суседам. Існуе некалькі версій пра тое, чаму яна мае такую назву. Адны вам распавядуць пра хлопца Юрку, якому загадалі за нейкую правіннасць нацягаць шапкай гару, вышэйшую за замак. Невядома, якія сілы дапамагалі яму, але нібыта гэта работа была выканана за адну ноч.

Ад іншых людзей можна пачуць пра другога Юрыя. Таму быццам бы прыснілася, што на гары ля замка закапана золата. Прачнуўшыся, Юрый кінуўся на пошукі скарбу. Залез на гару і пачаў там ліхаманкава капаць. Капаў, капаў, пакуль не заглынуў яго пясчаны вір, што ўтварыўся на дне ямы.

Адкуль пайшла назва Крэва

Многія мясцовыя легенды даюць народныя тлумачэнні, адкуль пайшлі найменні тых ці іншых геаграфічных аб’ектаў і самога паселішча. Тутэйшыя жыхары ўпэўнены, што ў аснове назвы Крэва закладзена слова «кроў». Быццам бы ў старажытныя часы на нашых землях адбылося жорсткае пабоішча. Пасля яго вада ў мясцовай рэчцы была чырвонай ад крыві. I таму назвалі гэту рэчку Крыўлянкай, а паселішча, якое тут узнікла, Крэвам.

Крэўскія полтэргейсты

Ёсць паданні, якія на першы погляд здаюцца звычайнымі бытавымі гісторыямі. Але ў іх прысутнічае штосьці, што застаўляе сумнявацца ў іх праўдзівасці. Напрыклад, існуе гісторыя пра загадкавы полтэргейст, што назіраўся ў Крэве ў пачатку XIX стагоддзя. Таксама кажуць пра візіт нячысціка да шматдзетнай удавы, якая збіралася пакончыць жыццё самагубствам. І яшчэ ёсць легенда пра жаніха і нявесту, якія захацелі пабрацца шлюбам без бацькоўскага благаславення. Праз гэта яны быццам бы загінулі ў зніклай у нетрах гарадзішча царкве.