Крэва ў летапісах

Любоўная драма, забойства дзядзькі і ўнія з Польшчай

XIII – XVI стст.

На старонках летапісаў Крэва згадваецца толькі ў ХІV стагоддзі. Хоць паселішча ля вытокаў рэчкі Краўлянкі з’явілася нашмат раней. Сведкі гэтаму – старажытнае гарадзішча, якое захавалася да нашага часу, і курганы, знойдзеныя непадалёк яшчэ ў ХІХ стагоддзі.

Што адбывалася ў Крэва да таго, як мястэчка патрапіла ў летапіс?

Гісторыкі дагэтуль спрачаюцца пра гэта. Ёсць версія, што Крэва было сталіцай Нальшанскага княства.

Нальшаны ў XIII стаггоддзі славіліся як «землі літоўскія». Імі валодаў князь Даўмонт. У 1258 годзе на княства напалі мангола-татары пад правадырствам хана Бурундая, і войска валынскага князя Васількі Раманавіча.

А ў 1263 годзе тут разгулялася сапраўдная любоўная драма. Князь Даўмонт забіў заснавальніка Вялікага княства Літоўскага Міндоўга. Кароль прыняў смерць з-за жанчыны – княгіні Нальшанскай. Міндоўг адвёў жонку ў Даўмонта, і той яму адпомсціў.

Праз год Нальшаны заваяваў Войшалк, сын Міндоўга. Даўмонт бег у Пскоў, і там яго абралі на княжанне. А Нальшаны пасля гэтага ўвайшлі ў склад ВКЛ і сталі падпарадкоўвацца полацкаму князю Гердзеню.

Гэтая рамантычная гісторыя лягла ў аснову шматлікіх кніг. У іх Крэва завуць сталіцай Нальшан. Ці сапраўды гэта было так, невядома. Некаторыя навукоўцы лічаць, што Нальшанскае княства знаходзілася зусім у іншым месцы. Не каля Крэва, а на тэрыторыі сучаснай Літвы і нават Латвіі.

Яшчэ адно спрэчнае пытанне ў гісторыі Крэва: кім былі першыя насельнікі гэтых мясцін – балтамі ці славянамі-крывічамі? І як з’явілася назва паселішча? У гісторыкаў дагэтуль няма адзінага меркавання. Адны лічаць, што Крэва пайшло ад слова «крывічы». Іншыя – ад імя літоўскага вярхоўнага паганскага жраца Крэва-Крэвейтэ.

Сцены замка бачылі Вітаўта ў сукенцы

Ў канцы ХІІІ – пачатку XIV стагоддзяў на нашых землях усё часцей сталі з’яўляцца крыжакі Тэўтонскага ордэна. Старыя драўляна-земляныя ўмацаванні ўжо не маглі стрымліваць націск аднаго з лепшых у Еўропе войскаў. Тады на заходняй мяжы Вялікага княства Літоўскага пачалі ўзводзіць магутныя каменныя замкі.

Князь Вітаўт

Быў сярод іх і Крэўскі. Лічыцца, што яго заклаў вялікі князь Гедымін. Працягнуў будаўніцтва ягоны сын Альгерд. І ўжо ў другой палове XIV стагоддзя замак стаў эпіцэнтрам важных гістарычных падзей.

У 1338 годзе Гедымін дзяліў спадчыну і перадаў Крэва Альгерду. У сувязі з гэтай падзеяй паселішча ўпершыню згадваецца ў летапісе. У 1345 годзе Альгерд заняў вялікакняжацкі трон у Вільні, і Крэва перайшло ў валадарства яго сына Ягайла.

Знаходзячыся на пасадзе, Альгерд заўсёды абапіраўся на дапамогу свайго брата Кейстута. У дзяржаве ўсталявалася двоеўладдзе.

Князь Альгерд

Пасля смерці Альгерда вялікім князем Літоўскім стаў Ягайла. Кейстут быў незадаволены палітыкай свайго пляменніка, і стаў прад’яўляць правы на трон. Паміж імі разгарнулася барацьба. Кейстут з войскам захапіў Вільню. Там ён абвясціў сябе ўладаром дзяржавы. Ягайла ён абвінаваціў у сувязі з крыжакамі і саслаў у Крэва. Аднак той не скарыўся лёсу. Ягайла заручыўся падтрымкай крыжакоў і заціснуў Кейстута ў Троках пад Вільняй. Дзядзька вымушаны быў пайсці на мірнае пагадненне.

Ягайла абяцаў пачаць перамовы, але ў выніку захапіў Кейстута і яго сына Вітаўта ў палон. Кейстута ён загадаў даставіць у Крэва і кінуць у замкавую вязніцу. Вітаўта пад вартай адправіў у Вільню. Так Ягайла зноў стаў поўнаўладным гаспадаром Вялікага княства Літоўскага.

У падзямеллі Крэўскага замка Кейстут правёў чатыры дні. На пятыя суткі зняволення да старога князя ўварваліся слугі Ягайла. Яны задушылі яго шнурком ад вопраткі.

Такі ж лёс, верагодна, чакаў і Вітаўта. Яго таксама прывезлі ў Крэва і пакінулі ў адным з замкавых пакояў. Аднак у Вітаўта атрымалася збегчы. Адбылося гэта незвычайным чынам. Палоннага магла наведваць жонка Вітаўта Ганна. Аднойчы ўвечары жонка прыйшла да яго са сваёй пакаёўкай. Вітаўт пераапрануўся ў сукенку служанкі – і без перашкод пакінуў месца зняволення. Варта не заўважыла падмены.

Як Крэва стала славутым на ўсю Еўропу

Знакавай падзеяй для мястэчка стала Крэўская унія. Гэта быў дынастычны звяз паміж Вялікім княствам Літоўскім і Каралеўствам Польскім. Акт быў падпісаны 14 жніўня 1385 года. Паводле дакумента, вялікі князь Ягайла браўся шлюбам з польскай каралевай Ядзвігай, і так станавіўся польскім каралём. Пры гэтым Ягайла даў шэраг абяцанняў. Напрыклад, прыняць каталіцтва і ахрысціць па каталіцкім абрадзе ўсіх літоўцаў-язычнікаў.

Гэта быў выгодны для абедзвюх дзяржаў звяз. Ён дазволіў аб’яднаць сілы для сумеснай барацьбы з крыжакамі. Вынікам Крэўскай уніі стала перамога ў Грунвальдскай бітве ў 1410 годзе. Адначасова з гэтым унія стала прычынай шматлікіх спрэчак і канфліктаў.

Ягайла выканаў умовы Крэўскай уніі. Ён заснаваў у Вялікім княстве Літоўскім сем каталіцкіх храмаў. Сярод іх і касцёл святога Яна Хрысціцеля ў Крэве.

Акт Крэўскай уніі

Хто разбурыў старажытны замак у Крэве?

У канцы ХІV стагоддзя землі крэўскага надзела перайшлі ва ўласнасць Вялікага княства Літоўскага. Крэва стала цэнтрам стараства.

Крэўскі замак доўгі час заставаўся важным стратэгічным умацаваннем. Ён часта падвяргаўся нападам і разбурэнню. Першыя значныя раны яму нанеслі падчас бунта 1433 года. Яго падняў незадаволены палітыкай Ягайла яго родны брат Свідрыгайла. «И приде да Креиву, и стояша два дни, взяша Креиво мурованны и сожже, a людеи шмат посекоша и в полон поведоша» – так апісана гэта падзея ў Супрасльскім летапісе.

На працягу 1503-1506 гадоў Крэўскі замак пакутаваў ад набегаў крымскіх татараў. А ў жніўні 1519 года Крэва закранула руска-літоўская вайна. На шляху ў Вільню праз крэўскія землі прайшлі дружыны рускіх ваяводаў Шуйскага, Гарбатага і Курбскага. Пад Крэвам стаяла вялікая літоўская раць, але яна вымушана была пакінуць мястэчка і адысці ў непраходныя месцы за Лоск. Заваёўнікі тады спустошылі і разрабавалі замак. Хоць нямецкі дыпламат Сігізмунд Герберштэйн засведчыў, што ўжо за год да гэтых падзей у замку ніхто не жыў. У яго «Нататках пра Масковію» так і напісана: «Crevua oppidum cum castro deserto» («Горад Крэва з апусцелым замкам»). Магчыма, замак у той час выкарыстоўвалі толькі для ваенных патрэб як баявую крэпасць.