Крэва падчас нямецкай акупацыі

Паляванне на людзей і помста партызан

1941 – 1944 гг.

Прыбыццё нямецкай паліцыі ў Крэва

Другая сусветная вайна крывавым ураганам прайшлася і па Крэве. Бегчы было няма куды. Надышло жыццё ў акупацыі, поўнае цяжкасцяў, страху і трывог.

З першых дзён захопнікі ўсталявалі свае парадкі. Пачалі з ліквідацыі савецкіх актывістаў – старшыняў сельсаветаў, дэпутатаў, міліцыянераў. Васьмярых жыхароў Крэва 25 ліпеня 1941 вывезлі ў лес побач з вёскай Вайневічы і расстралялі.

Нейкі час у Крэве размяшчаўся лагер для савецкіх ваеннапалонных. Ён знаходзіўся ў паўднёвай частцы мястэчка, на пляцоўцы паміж вуліцамі Багданаўскай і Татарскай. Палонных трымалі ў цяжкіх умовах. Мясцовыя рызыкавалі, але перадавалі няшчасным прадукты харчавання.

У верасні 1941 гады нямецкае ваеннае кіраўніцтва перадало нашы землі ў распараджэнне грамадзянскай адміністрацыі. Крэва апынулася ў складзе Вілейскай акругі генеральнага камісарыята Беларусь. З мясцовага насельніцтва стварылі паліцыю. Аднак яна не апраўдала надзей. Паліцаі не дапамагалі ворагам. Яны рабавалі аднавяскоўцаў і зводзілі з імі асабістыя рахункі. Немцы вымушаны былі арыштаваць сваіх памагатых, але тым атрымалася бегчы.

Крэўскае гета

Падчас нямецкай акупацыі асабліва прыгняталі габрэяў. У Крэве іх жыло некалькі сотняў. Фашысты загадалі ўсім нашыць на вопратку спецыяльныя жоўтыя апазнавальныя знакі. Габрэям забаранялася мець зносіны з прадстаўнікамі іншых нацыянальнасцяў, хадзіць на рынак, з’яжджаць без дазволу.

Акрамя гэтага, на габрэяў усклалі і працоўную павіннасць. Мужчын, пачынаючы з дванаццацігадовых хлопчыкаў, штодня адпраўлялі на лесанарыхтоўку і рамонт дарог. Жанчыны павінны былі займацца мыццём салдацкай бялізны і ўборкай памяшканняў, занятых немцамі.

Увосень усіх габрэяў сагналі ў гета. Яно знаходзілася ў цэнтры мястэчка паміж Рынкавым пляцам і замкам. Гета было абгароджана калючым дротам. Пакідаць яго без дазволу таксама было нельга. Пазней крэўскіх габрэяў пераправілі ў Ашмяны. Побач з вёскай Талмінава 21 кастрычніка 1941 года большасць з іх расстралялі. Пазбегнуць смерці атрымалася нямногім. Яны да канца вайны хаваліся на хутарах і ў глухіх вёсках. Лепшыя габрэйскія хаты былі заняты немцамі.

Няпрошаныя госці і чужая мова

Ў 1942 годзе нашы землі ўвайшлі ў склад генеральнай акругі Літва. У якасці нямецкіх памагатых тут абгрунтаваліся літоўцы.

Крэўскі гарнізон літоўскай паліцыі налічваў каля 50 чалавек. Паліцэйскі ўчастак знаходзіўся ў цэнтры мястэчка як раз насупраць касцёла. Яго будынак абклалі камянямі і ўзмацнілі бетоннымі бункерамі. Памяшканне былой карчмы літоўцы таксама прыстасавалі для сваіх патрэб. Яно знаходзілася побач з паліцэйскім участкам.

Крэва ў гады Другой сусветнай вайны

З прыходам літоўцаў жыццё пад акупацыяй стала яшчэ цяжэй. Новыя гаспадары пачуваліся як дома. Дакументы вяліся на аднолькава чужых мовах: нямецкай і літоўскай.

Паліцаі дапамагалі акупантам змагацца з партызанамі. Яны сачылі за паслухмянствам мясцовых жыхароў і спаганялі з іх павіннасці і падаткі. А ў навакольных вёсках шукалі савецкіх вайскоўцаў, якія адсталі ад фронта і аселі ў сялянскіх гаспадарках. Такіх салдатаў адпраўлялі ў лагер для ваеннапалонных у Жупранах. З дапамогай паліцаяў немцы палявалі на крэўскую моладзь. Людзей хапалі проста на вуліцы, каб потым адправіць у Нямеччыну на прымусовую працу.

Бліжэй да канца вайны на былых польскіх землях актывізаваліся партызаны польскага Арміі Краёвай. Яны змагаліся і супраць фашыстаў, і супраць іх памагатых. Ва ўспамінах ветэранаў Арміі Краёвай згадваюцца партызанскія брыгады «Тур» і «Нетопэж». Яны захапілі літоўскі гарнізон паліцыі ў Крэве.

Польскія партызаны і дапамаглі, і адпомсцілі

Ў ноч з 14 на 15 сакавіка 1944 года да мястэчка падышлі 8-я і 13-я брыгады Арміі Краёвай. Падпольшчыкі папрасілі мясцовага жыхара перадаць у паліцэйскі ўчастак ультыматум. Яны прапанавалі паліцаям здацца без бою. У паведамленні было сказана, што Крэва акружана пяццю сотнямі партызан, і супраціў не мае сэнсу.

У выніку «акаўцы» ўзялі ў палон 47 літоўцаў, захапілі 1 станкавы і 2 ручных кулямёта, 50 карабінаў, 5 пісталетаў, 100 гранат, вялікую колькасць вайсковай амуніцыі і вопраткі. У народнага войска атрымалася адваяваць аптэкі, збожжавы элеватар і склады кааператыўнай арцелі.

Аперацыя не абыйшлася без ахвяр. З боку палякаў і літоўцаў загінулых не было. Пацярпелі беларусы. У тую ноч салдаты АК жорстка расправіліся з крэўскім праваслаўным святаром Міхасём Ляванчуком, яго дачкой Ларысай і пляменніцай Валянцінай Шкуцько.

Так палякі адпомсцілі за тое, што да вайны святар выступаў супраць апалячвання. Падчас вайны ён адкрыў у Крэве беларускую школу. Яго дачка і пляменніца працавалі там настаўніцамі.

Святар Міхаіл Леванчук з прыхаджанамі

На світанні 7 ліпеня 1944 года жыхары Крэва прачнуліся ад стрэлаў і выбухаў. Чырвоная Армія пачала бой за мястэчка. Наступ быў рашучым. Ужо ў 7 гадзін раніцы Крэва было вызвалена ад нямецкай акупацыі. Чырвонаармейцы ўпэўнена прасоўваліся наперад. Пазней у франтавых зводках паведамілі, што савецкія салдаты завалодалі яшчэ некалькімі населенымі пунктамі. У 11 гадзін 45 хвілін яны выйшлі на безназоўныя вышыні на ўсход ад мястэчка Баруны.

Адразу пасля вызвалення Крэва ад захопнікаў тут размяшчаўся 556-ы палявы рухомы шпіталь 11-й гвардзейскай арміі. Мясцовыя жыхары аказвалі пасільную дапамогу параненым і медперсаналу.

Пасля вызвалення шматлікія крэўскія хлопцы апранулі вайсковую форму і адправіліся адваёўваць Еўропу. Жывымі вярнуліся не ўсе.