Архітэктура і гісторыя Крэўскага замка

Як выглядаў замак, ад якога цяпер засталіся толькі руіны

Крэўскі замак дайшоў да нашых дзён у даволі патрапаным выглядзе. Але і будавалі яго не толькі для захаплення і любавання. Ён быў у першчую чаргу абарончым збудаваннем.

Калі з’явіўся Крэўскі замак?

Пра гэта няма дакладных звестак. Дакументы, па якіх можна было б вызначыць дакладную дату будаўніцтва замка, не захаваліся.

Прынята лічыць, што ён з’явіўся паміж другой паловай XIII стагоддзя і канцом XIV стагоддзя. У 1960-х Крэўскі замак вывучаў літоўскі архітэктар Стасіс Абрамаўскас. І ён прыйшоў да высновы, што пабудова адносіцца да XIII стагоддзя. Пра гэта кажуць некаторыя тэхнічныя асаблівасці, якія ўласцівыя архітэктуры балтыйскага рэгіёна гэтага перыяду.

Хто пабудаваў Крэўскі замак?

Навукоўцы прапануюць некалькі версій. У «Хроніцы Літоўскай і Жамойцкай» гаворыцца пра тое, як князь Гедымін дзяліў свае землі сярод сыноў. І аднаму з іх, Альгерду, ён вылучыў «Крэва замак». Праўда, гэта не вельмі дакладная крыніца. Літоўскія хронікі пісаліся не ўслед за падзеямі, а нашмат пазней. У іх маглі патрапіць недакладнасці.

«Крэва замак» сустракаецца ў шматлікіх летапісах. Але там не ўдакладняецца, гаворка ідзе пра каменны ці пра драўляны замак, размешчаны на гарадзішчы.

Сучасныя навукоўцы лічаць, што каменны замак пабудавалі па загадзе Альгерда пасля 1338 года. Хоць прамых доказаў гэтай версіі таксама няма.

Пра каменны Крэўскі замак упершыню напісана ў «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх». Гэта дакумент канца XIV – пачатку XV стагоддзяў. У ім сярод іншых літоўскіх гарадоў згадваецца «Крев камен». Гэта паведамленне не супярэчыць довадам тых, хто адносіць замак да часоў Альгерда.

У чым няма сумневаў – гэта ў тым, што ўсе далейшыя важныя падзеі адбываліся менавіта ў гэтым замку, руіны якога захаваліся да нашых дзён. Гэта забойства Кейстута, паланенне і ўцёкі Вітаўта, падпісанне Крэўскай уніі…

Якім быў Крэўскі замак?

Крэўскі замак стаіць ў даліне сярод высокіх узгоркаў, дзе рэчка Краўлянка зліваецца з ручаём. Чаму старажытныя дойліды абралі для яго будаўніцтва не ўзвышша, а балоцістую нізіну? Магчыма, у часы, калі яшчэ не было магутных гармат, яны лічылі балоты дадатковай перашкодай для патэнцыйных захопнікаў.

Сцены замка ў плане нагадвалі няправільную трапецыю. Па дыяганалі размяшчаліся дзве вежы. Тая, што больш – Княжая, знаходзілася ў паўночна-заходнім куце замка. Яна выступала за перыметр сцен. Вежу так паставілі нездарма: падчас штурму можна было трымаць пад абстрэлам адначасова паўночную і заходнюю сцены замка.

Княжая вежа была не менш трох паверхаў вышынёй. У падзямеллі знаходзілася турма, пакоі князя – на другім паверсе. Вокны тут былі шырэй і вышэй, а сцены ўпрыгожваў роспіс. Другая вежа была менш. Хутчэй за ўсё, яе пабудавалі пазней, чым першую.

Сцены замка збудаваны з каменя. Звонку яны выкладзены цэглай. Уваход у замак – з паўночнага боку. У замкавым двары размяшчаліся жылыя і гаспадарчыя пабудовы. У заходняй частцы знаходзілася сажалка з вадой. Ад адной вежы да другой вяла брукаваная дарога.

У замка вялікая плошча, тут падчас варожых набегаў маглі знайсці сховішча не толькі ваяры, але і мірнае насельніцтва.

Замак быў сведкам шматлікіх гістарычных падзей. Самая важная з іх – падпісанне ў 1385 годзе Крэўскай уніі, дамовы паміж Вялікім княствам Літоўскім і Польшчай.

Зведаў ён таксама і горыч разбурэнняў. Мацней усяго замак пацярпеў падчас Першай сусветнай вайны. У міжваенны перыяд урад Польшчы, у склад якой у той час уваходзіла і Крэва, вылучыла сродкі на кансервацыю помніка. Працы на руінах замка праводзяць і ў нашы дні.