Дзень Канстытуцыі 3 мая: Як адзначалі гэтае свята ў міжваенным Крэве

2 мая 2021
Дзецюкі пазіруюць ў аўтамабілі з фанеры, 1934 год (з архіву Станіславы Давідовіч).
На заднім плане здымка можна бачыць помнік, які не захаваўся ў Крэве да нашага часу – калону ў гонар польскай Канстытуцыі.

3 мая 2021 года Польшча і Літва адзначаюць 230-ю гадавіну прыняцця Канстытуцыі 3 мая – першай пісанай канстытуцыі ў Еўропе і другой у свеце пасля амерыканскай. Краязнавец Аляксандр Камінскі знайшоў звесткі, як святкавалі гэты дзень ў Крэве ў 20-ых гадах мінулага стагоддзя.

Цэнтральная плошча мястэчка (колішняя Рынкавая) у міжваенны час насіла назву Трэцяга мая. Пра гэты мікратапонім даведаўся, гартаючы старонкі польскамоўнай газеты той пары пад назвай “Głos Wileński” (навёў мяне на гэтае выданне мой калега са Смаргоні Уладзімір Прыхач).

З адной толькі публікацыі мне ўдалося выцягнуць інфармацыю не толькі пра ўзгаданы вышэй тапонім, але і тое-сёе пра тагачасную мясцовую эліту, такія-сякія падрабязнасці з жыцця ў мястэчку, некаторыя статыстычныя дадзеныя. Карацей, вось пераклад таго артыкула (дарэчы, аўтар допісу і адна з дзеючых асоб – сакратар крэўскай гміннай управы):

“Głos Wileński”, № 21 за 22 мая 1927 г.

Крэва, (пав. Ашмянскі).

Вечарам 2 мая ўсё мястэчка было ярка асветлена. У кожным акне быў выстаўлены белы арол на фоне пурпуровай паперы і запалена па некалькі, нават па некалькі дзясяткаў свечак. Мястэчка выглядала прыгожа і ўрачыста.

3 мая ад самога рання з усіх бакаў да Крэва прыбывалі групы вучняў на чале з кіраўнікамі школ, якіх у гміне налічваецца 17.

Роўна аб адзінаццатай у святынях пачаліся набажэнствы. Да касцёла прыбыла такая колькасць людзей, што ўсім было немагчыма ўціснуцца ўнутр. Пробашч Тэадор Рылла, які прыбыў у Крэва з Сялявічаў Слонімскага павета, радасна вітаў сваіх вернікаў, якія так шчыльна гарнуліся да касцёла.

“Głos Wileński”, № 21 за 22 мая 1927 г.

Пасля завяршэння набажэнстваў, а палове першай, быў назначаны збор усіх арганізацый на плошчы 3 мая. Адтуль на чале з войтам Кісялевічам, камендантам паліцыі Мендэлякам і іншымі афіцыйнымі асобамі працэсія рушыла на пляцоўку перад гміннай управай. Там развіваліся вялікія сцягі і размяшчалася ўпрыгожаная трыбуна. З яе па чарзе з урачыстымі словамі выступілі прамоўцы: кіраўнік Крэўскай школы Рабайчык, мясцовы ўчастковы лекар Наневіч і настаўнік Крэўскай яўрэйскай школы Рубіновіч.

Пасля прамоваў школьны хор пад кіраўніцтвам настаўніка Антаса праспяваў нацыянальны гімн.

Затым удзельнікі ўрачыстасцей зноў вярнуліся на плошчу 3 мая. Там старшыня школьнай апекі Генрык Шутовіч, уладальнік маёнтка Асаны, раздаў падарункі школьнікам, якіх было на свяце каля пяці соцень.

Зборшчыкі ахвяраванняў, а гэта былі жонка каменданта паліцыі Ганна Мендэляк, Бр. Вайткевіч, доктар Наневіч і пані К. Левіна, не шкадавалі сіл у зборы сродкаў для школьных патрэб, і пасля адкрыцця скарбонкі выявілася, што было сабрана 67 злотых, 59 грошаў і 2 сярэбраныя расійскія манеты па 20 капеек кожная.

А палове пятай школьнікі пачалі разыходзіцца, шчаслівыя і поўныя уражанняў ад падзеі так памятнага 3 мая.

Бр. Вайткевіч