“Калі я бачу казу, у мяне дзікае захапленне, калі бачу карову – таксама. У мяне зараз адбываецца другое дзяцінства.”

25 мая 2020
сям'я на самаізаляцыі

Пяць год таму сям’я Кацько з Мінска набыла ў Крэве хату непадалёк ад замка. Менавіта тут апошнія два месяцы Андрэй, яго жонка Яўгенія і пяцігадовы сын Янка перажываюць часы пандэміі на самаізаляцыі. “Новыя крэўскія” ўжо паспелі пасадзіць агарод, завялі трусоў, дабудоўваюць лазню, а ў вольны час лекуюць мясцовых катоў ды збіраюць смецце па мястэчку. 

– У Крэве апынуліся выпадкова. Я працую дырэктарам замежнай фірмы. Ехаў на Ашмяны і вырашыў паглядзець на рэшткі замка ў Крэве, – дзеліцца сваім першым знаёмствам з месцам Андрэй. – Вельмі спадабалася. Тады яшчэ да замка быў вольны праход. Паехаў да крамы, на дошцы аб’яў заўважыў абвестку аб продажы хаты. Я вазьмі ды патэлефануй, а пасля вазьмі ды набудзь! 

сям'я на самаізаляцыі

Я сам з-пад Кургана Славы, там мая вёска. Вельмі добрыя ўспаміны дзяцінства. Карова ў нас свая была, пахі раслін. І я хацеў, каб у майго сына таксама дзяцінства было добрае, каб не ў горадзе.

Яўгенія, якая ўсё жыццё правяла ў сталіцы, тут жа зазначае: 

– Калі пяць год таму Андрэй прывёз мяне сюды, гляджу: нейкае капец што, вясковая хата, туалет на вуліцы. Як я тут буду жыць?! Але муж паабяцаў зрабіць усе выгоды: прыбіральня, гарачая вада. Кожны раз прывозіў сюды і казаў “глядзі, што я зрабіў”. І кожны раз гэта было здзіўленне. “Глядзі, у нас хата павялічылася ў два разы, глядзі, у нас другі паверх з’явіўся”. Я рэальна здзіўлялася кожны раз. І ён не супыняецца. Заўжды сюрпрызы. Мы сядзелі тут ужо два тыдні. Прыязджае, а з ім два кралі ў клетках. Я такая “аааа, хто ж іх даглядаць будзе?!”.

Апошняя яго ініцыятыва – агарод! На градах перац, памідоры, зеляніна, морква, крыху бульбы. Але гэта ўсё муж. Я пасадзіла толькі ўкроп ды мяту, бо нічога не ўмею рабіць на зямлі. Ён усё паказвае. Для мяне гэта новы вопыт. І я яшчэ не зразумела, падабаецца мне гэта ці не.

сям'я на самаізаляцыі

“У Крэве я бачу як змяняюцца поры году”

Андрэй сыходзіць у краму за прадуктамі, а я працягваю гутарку з Яўгеніяй.

– А чаму не засталіся на каранціне ў горадзе?

– Калі я прасядзела два тыдні ў Мінску, зразумела, што ў мяне пад’язджае дах. Гэта вельмі складана. Калі ты ніколі нікуды не выходзіш, апынулася, што наша хата ў горадзе вельмі маленькая. 6 ці 7 гадзін наступае – трэба рабіць вячэру, ні пагуляць ужо, нічога. Усе дні аднолькавыя, а ты ў нейкай турме сядзіш. І калі мой муж сказаў, што ёсць магчымасць паехаць у Крэва, я адразу пагадзілася. Мы правялі добры інтэрнэт, ніякіх праблемаў.

сям'я на самаізаляцыі

Тут зусім іншыя ўмовы. Прачнуўся ў 8 гадзін, выйшаў – прырода перад вачыма. І нічога не патрэбна асаблівага апранаць, ці твар маляваць як у Мінску. Крыху стаміўся ад працы – выйшаў, гаспадарку сваю абыйшоў, кролікаў паціскаў, коціка пагладзіў – ужо адлягло, зноў ідзеш працаваць. А потым працу сваю скончыў – і ўжо сядзіш на арэлях, слухаеш птушак, атрымліваеш асалоду.

сям'я на самаізаляцыі

– Павінен жа быць нейкі асабісты назіральны орган? Бо калі навокал такія спакусы – як працаваць?

– Канечне, я з сабой змагаюся, мне вельмі хочацца на вуліцу, хочацца ўзяць адпачынак. Больш эфектыўна працуецца ў офісе. У дадзеных умовах працаваць не лягчэй. Я нават з псіхолагам нядаўна размаўляла. У мяне пасада такая (намеснік галоўнага бухгалтара ў буйной аўдытарскай кампаніі – рэд.), што я вялікую адказнасць нясу, і на працы ад мяне шмат патрабуюць. А тут я сумяшчаю чатыры прафесіі, як мне псіхолаг сказаў: “вы тут няня, повар, прыбіральшчыца і разам з тым яшчэ і бухгалтар. І вы хочаце ў гэтых чатырох прафесіях удзень быць эфектыўнай на сто адсоткаў? Гэта немагчыма. Вы ці павінны знайсці памочнікаў, каб глядзелі за малым, ці зменшыць ступень перфекцыянізму”. 

Да пандэміі я была вельмі стомленая, ступень напружанасці была такая, што адчувала сябе вавёрачкай у коле, якая скача і скача. Чакала, калі ж кола спыніцца. І вось такі выпадак! 

У Крэве я бачу як змяняюцца поры году. Заўжды шкадавала, што ў гэтых офісах правяла лепшыя гады свайго жыцця: была бухгалтарам, дзяржаўным служачым у казначэйстве, заўсёды працавала на нейкага гаспадара і бачыла толькі працу. А я яшчэ і безадказны чалавек: на мяне увесь час навешвалі задачы. Яшчэ дзіўлюся, як змагла знайсці сабе мужа! Ён мяне з гэтага казначэйства і забраў. 

У сярэдзіне сакавіка, калі сюды прыехалі, яшчэ было холадна, нават снег часам ішоў. У нас тут уся зімовая вопратка. І тут то вясна прыходзіць, то ізноў зіма. А сёння лета! І гэта так дзівосна! Пахі гэтыя. Я ніколі гэтага не адчувала. У маім жыцці ніколі не было вёскі. Вырасла ў Мінску. Як кажа мая маці – дзіця асфальту. Калі я бачу казу, у мяне дзікае захапленне, калі бачу карову – таксама. Усё, што тут адбываецца – нешта новае. У мяне зараз адбываецца другое дзяцінства. Мне вельмі пашчасціла, што мой муж такое арганізаваў. 

сям'я на самаізаляцыі

– А як сын ставіцца да гэтых зменаў?

– Вядома, дзіцё патрабуе ўвагі, хоча каб мама пагуляла з ім. Калі я працую, мне патрэбна быць сканцэнтраванай. А дзіцё патрэбна нечым заняць, таму ўключаю яму мульцікі. І гэта мой боль. На нашым падворку магу адпусціць, хаця хвалююся, бо тут і прудок невялікі. Калі дзіцё ў сям’і адно, яно прывыкае і само сябе забаўляе. 

сям'я на самаізаляцыі

Калі мы доўга не прыязджалі ў Крэва, ён пытаўся, калі ж паедзем. Яму тут вельмі падабаецца. А яшчэ каты з’явіліся. Нашу кошачку, якую лекуем, прэсуе белы кот. Ён шыпіць, б’ецца. Мы пачалі адганяць яго. А маё дзіцё прыходзіць і кажа, ну што ты робіш: вось ты яго прагнала, а хто ж яго пакорміць? У яго ж няма гаспадара, загіне. І падумала – праўда! Тады мы пачалі сардэлькі кідаць праз акно.

сям'я на самаізаляцыі

– Не сумуе без сяброў? 

– Ён пытаўся пра іх, але не моцна турбуецца. Хаця і вельмі сацыяльны хлопец. Ён тут з будаўнікамі нашымі кантактуе – з дзядзькамі Пецям, Сашам.

– Як табе філасофія жыцця мясцовых?

– Раней я думала, як гэта людзі тут жывуць: гэта ж так сумна. А зараз я сама, як кажуць модныя блогеры,  растварылася ў прасторы, злілася з космасам. Зразумела, што не ўсім людзям патрэбна кар’ера, вялізныя грошы. Вялізныя грошы для чаго? Каб купляць нешта дарагое. Калі ў чалавека невысокі парог запытаў, яму ўсё гэта без патрэбы. Дастаткова 400-500 рублёў, каб мінімальна нешта мець, каб нармальна тут жыць. Ён будзе насіць вопратку да дзірак, а у нас шопінг-мопінг – і нічога няма. Раней усё, што я набывала – прыгожыя кофтачкі. А зараз нікуды і не трэба. І я адкладваю сродкі. Праўда, раз на месяц у мяне тумблер спрацоўвае, што мне патрэбна штосьці набыць. Але зараз я набываю пераважна адукацыю – розныя анлайн курсы. 

Чым мінчукі займаюцца ў мястэчку

– Распавядзі пра свае актыўнасці ў Крэве. Акрамя таго, што ты маці, бухгалтар… 

– Я праходзіла тэставанне, якое паказала, што мой профіль нетыповы для бухгалтара. У мяне вялікая ступень матывацыі. У галаве куча ідэяў. Я адчуваю патрэбу нешта рабіць, і ў  мяне тады ўнутры нешта цёпленькае разліваецца. Аднойчы з дзіцём у мой абедзенны перапынак пайшлі гуляць, гляджу, што ўздоўж ракі, па дарозе да Еўраопта пад дрэвам валяецца смецце. І гэта так рэжа вока. Ты глядзіш на прыгожую прыроду, а там – пластык, пакеты, бутэлькі. Нават настрой псуецца. Падумала, калі мне непрыемна, што мне можа перашкодзіць узяць пакет і прыбраць? Нічога! Унутры ўсё гарэла, хацелася зрабіць гэта. Пайшла і сабрала 4-5 пакетаў смецця. Што змагла выцягнуць – выцягнула, а колькі яшчэ ў рацэ плавае ўсяго! І гэта мяне турбуе.

сям'я на самаізаляцыі

Зрабіла публікацыю ў інстаграме, паказала прыклад, заклікала рабіць такім жа чынам. 

– Якія мясціны ў Крэве асабліва палюбіліся?

– Мне вельмі падабаецца месца ля школы. Там вельмі добрая спартыўная пляцоўка. Усёй сям’ёй гулялі ў футбол, баскетбол. Наш сын нешта на турніках вырабляў. І там такое высокае месца, што ўсё Крэва можна бачыць. Калі ішлі да школы першы раз, сустрэлі авечак. Яны такія пацешныя! Цэлую гадзіну з імі час бавілі. Ян ім нешта казаў, яны бегалі туды-сюды. Глядзелі на яго, ён на іх. 

сям'я на самаізаляцыі
сям'я на самаізаляцыі

Нядаўна яшчэ адно месца адкрыла для сябе – каля ветракоў. Калі глядзець на захад, бачны дом наш, закінутае поле, Юрава гара. А неяк раз і дождж ішоў! Эфектна! Мне ж падабаецца не проста прамая веладарожка (прамая як “тоска”!). Мне патрэбна, каб трэсла! Камяні! І вось тады ты адчуваеш жыццё! А там яшчэ сонца садзілася, і вясёлка! Адно захапленне!

сям'я на самаізаляцыі
сям'я на самаізаляцыі
сям'я на самаізаляцыі

Мараць навучаць коннаму спорту мясцовых дзяцей

Андрэй вяртаецца з крамы, і я прыгадваю, што апошнія гады бачу гэтую сям’ю ў шляхецкіх строях падчас штогадовага фэсту ў Крэве.

– Гэта Андрэй мяне пазнаёміў з гэтай культурай. Была вельмі ўражана, што муж (тады яшчэ мой хлопец) – сапраўдны рыцар. Аднойчы апрануў на мяне кальчугу гэтую цяжкую! Я тым гістарычным перыядам не ўразілася (смяецца – рэд.). Таму што я ж такая краля, што трэба ўпрыгожыцца. А дзяўчаты ў сярэднявеччы ўсе натуральныя, у той час гэтага не было. Прайшоў час, муж пераключыўся на напалеоніку, і там ужо балі, шыкоўныя сукенкі, пяльчаткі, і вочкі можна падмаляваць. 

– У лютым едзілі ў Варшаву на баль. Сапраўдны цуд у палацы! – падтрымлівае жонку Андрэй. – Захапляюся рэканструкцыямі. У мяне ў Мінску стаіць конь. Збіраюся яго сюды перавезці. Планую стайню зрабіць, каля замка імпрэзы ладзіць з рыцарамі, са шляхтай, з крылатымі гусарамі.

сям'я на самаізаляцыі

Сваю гісторыю трэба ведаць і не рабіць тых памылак, якія зрабілі нашыя продкі і мы самі. Можна будзе і тутэйшых дзяцей навучаць коннаму спорту. Вучоба задарма, а летам хай дапамагаюць сена нарыхтаваць, каня пачысціць. Праз нейкі час пабудую і аграсядзібу, каб людзі мелі магчымасць прыехаць і на ноч застацца. Праект ужо зацверджаны.

сям'я на самаізаляцыі

Андрэй прызнаецца, што праца не дае мажлівасці заставацца з сям’ёй увесь час, нават зараз шмат вандровак па Беларусі.

– У мінулым годзе ў  мяне было 36 пералётаў, 8 новых краін, быў у Кёльне, Бруселі, Амстэрдаме, камандыроўкі ў Польшчу нават не ўлічваю. І па Расіі: Барнаул, Горна-Алтайск, Бійск,Томск, у Сібір лятаў па працы. Я такі чалавек, што на адным месцы цяжка сядзець. Крэва для мяне – як свая хата, куды варта вярнуцца пасля ўсіх вандровак. Быў адзін тыдзень, калі штодня раніцай ехаў на працу, а ўвечары вяртаўся.

– Дарога з Мінска ў Крэва не стамляе?

– Не, ведаеш, дарога добрая. Калі хату набываў, глядзеў на гэта. Адна гадзіна – не страшны час. Што гэта такое? У Мінску гадзіну людзі на працу едуць!

А сюды прыязджаеш увечары і толькі дзверы ў машыне адкрываеш – такі пах, такія птушыныя спевы! Усё інакш, жыццё больш павольна ідзе, спакойней.

сям'я на самаізаляцыі

– Але вось два месяцы прайшло, хочацца трохі большай двіжухі, – адразу ж заўважае Жэня. – З маці сутрэцца, пагутарыць з дзяўчатамі сваімі, з калегамі. Ужывую, а не праз тэлефон.

Падтрымайце Kreva.Travel!