«Крэўскі замак засланіў сабой усё Крэва – трэба займацца самім мястэчкам больш шырока»

28 чэрвеня 2019

У Мінску прэзентавалі другі нумар альманаха Kreva Incognita.

– Тут ёсць і публіцыстычныя матэрыялы, і забаўляльныя. У апошнім нумары мы маем шыкоўную этнаграфічную падборку. З 2011 года мы капаем у Крэве розныя аб’екты – вельмі важныя фенаменальныя аб’екты. Мы маем і навуковыя, і культурныя амбіцыі ў гэтым слаўным населеным пункце. З’яўленне такога выдання падвышае значнасць нашых праектаў, – робіць анонс нумара гісторык Алег Дзярновіч, які даследуе Крэва з 1990 года.

Другі нумар альманаха Kreva Incognita прадставілі публіцы напярэдадні адкрыцця новага археалагічнага сезону 2019-2020 у Крэве. Археалагічны летнік, які ладзіцца фондам «Крэўскі замак» сумесна з Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, адбудзецца сёлета з 15 па 28 ліпеня.

Галоўнай тэмай у альманаху гэтым разам стала гісторыя Першай сусветнай вайны ў Крэве.

– Самая моцная фартыфікацыйная лінія, якая захавалася ў Беларусі ад XX стагоддзя – нямецкая, часоў Першай сусветнай вайны. Большую частку вайны немцы абараняліся на тэрыторыі Беларусі. У іх не хапала ні людзей, ні матэрыяльных рэсурсаў, каб ісці далей. Крэўскі замак – адзін з знакавых аб’ектаў у лініі абарончых збудаванняў. Зараз пачаліся сур’ёзныя працы па яго аднаўленні. Хацелася б, каб засталіся напаміны пра гэты перыяд, – кажа даследчык Першай сусветнай вайны, калекцыянер Уладзімір Багданаў. – Асабіста для мяне найбольш цікавы помнік, які амаль нідзе не захаваўся – гэта сляды варонак пасля артылерыйскіх абстрэлаў на двары Крэўскага замка. Гэта унікальны ландшафт Першай сусветнай вайны, і яго варта захаваць.

Артыкулы пра Першую сусветную базуюцца на даследваннях збудаванняў тых часоў і ўспамінах сведкаў. Тэма знайшла водгук у чытачоў альманаха, якія прысутнічалі на прэзентацыі.

– Мы пыталіся ў бабулі, як там і што. Казала: «Дзеткі, не дай Бог, вайна – гэта вельмі страшна». Усіх маладых дзяўчат кідалі на Крэва падчас наступлення 1917 года, усіх, хто ўмеў трымаць бінт у руках. Было столькі параненых, што яны цягалі днямі і начамі гэтых бітых. Каля нашай хаты за агародам цягалі на могілкі. Усё, што пішацца тут – вельмі блізкае і вельмі дакладнае. Тое, што мне расказвалі бацькі і дзяды. Яны дзесьці тут, на старонках альманаха, – выступіў Іван Магер, мясцовы жыхар.

Таксама ў нумары заслугоўваюць увагі матэрыялы па выніках экспедыцый Студэнцкага этнаграфічнага таварыства, а таксама апошнія навіны наконт кансервацыі Крэўскага замка і звесткі пра археалагічныя даследванні Юравай гары.

Галоўная мэта альманаха – паказаць разнастайнасць крэўскіх цікавостак і вызначыць перспектывы для стварэння новых музейных аб’ектаў, якія б маглі прыцягнуць турыстаў.

– Крэўскі замак засланіў сабой усё Крэва. Нам зразумела, што трэба займацца самім мястэчкам больш шырока – яго гістарычным цэнтрам. Мы хочам зрабіць запаведнік. А гэта не проста нейкі аб’ект. Гэта і духоўныя ўспаміны, і прыродная спадчына. Неабходны музей. У нас ужо ёсць экспанаты. Усё, што мы знаходзім падчас раскопаў, будзе перададзена ў Крэва. У будучым запаведная тэрыторыя можа стаць лакаматывам развіцця мястэчка, – мяркуе архітэктар Андрэй Шулаеў.

Навукова-папулярны альманах Kreva Incognita выдае мясцовы дабрачынны фонд «Крэўскі замак». Першы нумар штогодніка пабачыў свет у 2018 годзе.

Падтрымайце Kreva.Travel!