Праўдзівыя і прыдуманыя факты пра Крэва

28 красавіка 2019

Белых плямаў і блытаніны ў гісторыі Крэва і без таго хапае, дык яшчэ ўводзяць у зман некаторыя памылковыя факты, уведзеныя ў зварот тымі, хто паспяшаўся абнародаваць нейкія свае асабістыя думкі і вывады, паленаваўшыся пераправерыць іх. Гэтыя памылкі, здараецца, трапляюць нават на старонкі сур’ёзных энцыклапедычных выданняў і на сайты, якія унушаюць давер. Адтуль яны ідуць у іншыя працы, і распаўсюджванне памылковых звестак пра нашае мястэчка працягваецца.
Здараецца, што такая неразбярыха сыходзіць ад людзей мастацтва. 

Нічога дрэннага я не бачу ў тым, што мастакі і майстры прыгожага пісьменства выкарыстоўваюць плён сваіх фантазій, ствараючы гістарычныя мастацкія творы, у прыватнасці – пра Крэва. Дрэнна тое, што потым на гэтыя фантазіі пачынаюць абапірацца як на гістарычныя крыніцы. 

Можа гэта крыху не па тэме, але шматлікія “крэўскія” легенды, створаныя сучасным пісьменнікам Юрыем Татарынавым (адна з іх нават выдадзена як аповесць “Юрава гара”), не маюць нічога агульнага з мясцовым фальклорам. Аднак гэтыя гісторыі ў якасці аздобы трапілі ў публіцыстычныя тэксты іншых аўтараў, у некаторыя фільмы і радыёперадачы. Яны ўспрымаюцца многімі за сапраўдны фальклор. Гісторыі Татарынава можа і цікавыя, але Крэва багата на свае асабістыя паданні і легенды, што створаны тутэйшым людам і шчыльна сплецены з мясцовай рэчаіснасцю. 

Здараецца, што людзі мастацтва, кіруючыся нейкімі сваімі мастацкімі мэтамі, а магчыма – недастаткова валодаючы інфармацыяй, пры адлюстраванні ў сваіх творах помнікаў і падзей дапускаюць пэўныя памылкі. У выніку – самі таго не жадаючы, яны ўводзяць у зман іншых. Прывядзём некалькі прыкладаў такой відавочнай, але, магчыма, ненаўмыснай фальсіфікацыі, дапушчанай пры спробах адлюстравання знешнасці Крэўскага замка. 

Беларускі пісьменнік Аляксей Карпюк, відаць, у Крэве не бываў. Ва ўсялякім разе да таго, як напісаў раман-быль “Вершалінскі рай”. Бо ёсць у кнізе прыкметная для чалавека дасведчанага памылка, калі аўтар сцвярджае, што Крэўскі замак – “асіметрычны трохвугольнік замшэлых шчарбатых сценаў”. У сапраўднасці замак мае не трох-, а чатырохвугольную форму, і памылка аўтара можа ўвесці ў зман многіх чытачоў. Але такіх у наш час, па-мойму, будзе няшмат.


Павел Татарнікаў. Крэўскі замак на ілюстрацыі да кнігі Анатоля Бутэвіча “У гасцях у вечнасці” (2001 г.)

А вось наступную памылку, зробленую ўжо мастаком, заўважыць нават не кожны спецыяліст. Гутарка ідзе пра ілюстрацыю да кнігі Анатоля Бутэвіча “У гасцях у вечнасці” (2001 г.). Выдатны мастак-ілюстратар Павел Татарнікаў цудоўна аформіў кнігу, але памылкова перанёс адну дэталь Крэўскага замка з сучаснасці ў сярэднявечча: контрфорс, які падпірае сцяну непадалёк ад Княжацкай вежы, у сапраўднасці быў прымураваны ўсяго толькі ў 30-ыя гады ХХ стагоддзя. Больш таго, некалькімі такімі спецыяльнымі падпоркамі мастак “падмацаваў” і саму вежу. Сапраўды, многія сярэднявечныя замкі мелі контрфорсы ад самага пачатку будаўніцтва. Але толькі не Крэўскі. У разглядаемай ілюстрацыі пытанне выклікае таксама размяшчэнне і колькасць вокнаў у Княжацкай вежы. Трэба сказаць, што ў больш позніх творах Татарнікава наш замак адлюстраваны ўжо без памылак, з улікам усіх апошніх дадзеных яго навуковага вывучэння.

Крэўскі замак на ілюстрацыі ў часопісе “Przyjaciel ludu”, 1839 г.

Наступную недарэчнасць знаходзім у крыніцы 1839 года. У адным з нумароў польскага часопіса “Przyjaciel ludu” ў якасці ілюстрацыі да артыкула па гісторыі нашага краю быў тады змешчаны малюнак, падпісаны наступным чынам: “Руіны замка ў Крэве”. Не ведаю, як успрынялі гэтую ілюстрацыю тагачасныя чытачы, а вось некаторыя нашы сучаснікі, выключаючы самых дасведчаных, гатовы прыняць яе за дакумент. Яны будуць упэўнены, што і замак, і Крэва ў тыя часы менавіта так і выглядалі. І толькі маючы ў сваім распараджэнні іншыя матэрыялы для параўнання, можна засумнявацца ў гэтым. Пагоркі, што акружаюць замак, і сапраўды падобны на крэўскія. А вось дамы, што знаходзяцца побач, выклікаюць сумненне: гэта ўсё больш палацы, а не курныя хаціны, трапляюцца нават двухпавярховыя. Ну не верыцца, што наша мястэчка мела тады такі выгляд! Ды і сам замак нейкі нязвыклы: вежы сапраўды дзве, толькі тая, якая павінна быць меншай, на малюнку мае неверагодна агромністыя па плошчы памеры. Калі ж дапусціць, што мы іх пераблыталі месцамі, то ўсё адно атрымліваецца бязглуздзіца: у большай вежы, якую мы называем Княжацкай, павінна быць не менш трох паверхаў, а тут – толькі адзін. Карацей кажучы, адно з двух: альбо мастак ніколі не быў у Крэве і маляваў замак з нейчых слоў, альбо ў рэдакцыі часопіса малюнак пераблыталі з нейкім іншым. Хутчэй за ўсё – першае. 

Цяпер кінем погляд на рэканструкцыю нашага помніка, зробленую С. Абрамаўскасам. Ёсць падазрэнне, што колькасць вежаў тут завышана ўдвая. Хаця, калі абапірацца на меркаванні некаторых даследчыкаў ХІХ ст., усё магло быць. Але ўсё ж больш праўдападобна, што іх было толькі дзве.

Рэканструкцыя Крэўскага замка С. Абрамаўскаса

Трэба заўважыць, што мы закранулі толькі прыклады відавочных недарэчнасцей, дапушчаных творцамі пры адлюстраванні Крэўскага замка. Недакладнасцей магло б быць больш, каб цудоўным чынам знайшліся яго першапачатковыя чарцяжы ці падрабязныя апісанні. А калі іх няма, то і фантазію аўтараў часам няма чым утаймаваць.

У аповесці Тэадора Нарбута “Лука Пятровіч”, якая пабачыла свет у 1830 годзе, гаворка вядзецца пра падзеі, звязаныя з забойствам Кейстута ў Крэўскім замку і ўцёкамі адтуль Вітаўта. Хоць і заснавана яна, як піша пра тое аўтар, на нейкім старажытным рукапісе, мастацкая выдумка там яўна пераважае над дакументальнасцю і праўдай. Толькі нічога ганебнага ў гэтым няма – твор жа мастацкі. 

Але вось як быць з дзевяцітомнай “Гісторыяй літоўскага народа” таго ж аўтара, што публікавалася крыху пазней? Праца, здавалася б, не з разраду забаўляльнай белетрыстыкі, аднак мастацкая выдумка прысутнічае і там. 

На Нарбута-гісторыка спасылаюцца многія даследчыкі мінуўшчыны, хаця, як лічыцца, той для сваіх прац часта выкарыстоўваў сумнеўныя матэрыялы, часам ім самім сфабрыкаваныя, альбо указваў выдуманыя крыніцы. Відавочна, што і крэўскія падзеі ў “Гісторыі літоўскага народа” адлюстраваны ім не зусім добрасумленна. 

Возьмем тыя ж эпізоды з забойствам Кейстута і ўцёкамі Вітаўта. У працы Нарбута (дарэчы, як і ў аповесці “Лука Пятровіч”) задзейнічаны Рыгор Амуліч, Кейстутаў верны слуга, і яго жонка Алена. Першы, нібыта, аддаў сваё жыццё, баронячы гаспадара, якога прыйшлі пазбавіць жыцця Ягайлавы найміты. Другая, помсцячы за мужа і разумеючы, што сама будзе пакарана, вырашае дапамагчы ўратавацца Вітаўту, аддаўшы яму сваю вопратку і застаўшыся замест яго на месцы зняволення. 

Нягледзячы на тое, што ў старажытных летапісах і хроніках звесткі пра Рыгора Амуліча і Алену адсутнічаюць, многія папулярызатары нашай даўніны да сённяшніх дзён падаюць гэтых прыдуманых Нарбутам персанажаў як рэальных. 

Падтрымайце Kreva.Travel!