Крэва на паштоўках

15 красавіка 2019

Самая першая паштоўка (адкрытае пісьмо) з’явілася 1 кастрычніка 1869 г. у Аўстрыі. У хуткім часе такі від паштовага адпраўлення (а разам з гэтым – і аб’ект калекцыяніравання) з малюнкам або фотаздымкам на галоўным баку зрабіўся вельмі папулярным ва ўсім свеце. Дзесьці ў 1910 годзе пабачыла свет і першая паштовая картка з выявай Крэва.

На галоўным баку гэтай паштоўкі мы бачым тры абрамленыя маляўнічымі віньеткамі фатаграфіі, на якіх прадстаўлена Княжацкая вежа Крэўскага замка з трох розных бакоў. Там жа прысутнічае надпіс “Руіны замка ў Крэве (Віленскай губ.)” на польскай і літоўскай мовах, а таксама паметка па-польску аб тым, што аўтарам здымкаў з’яўляецца М. Сухоцкі.

У нашы дні на еўрапейскіх інтэрнэт-аўкцыёнах час ад часу з’яўляюцца матэрыялы, што маюць дачыненне да Крэва часоў Першай сусветнай вайны. Сярод іх многа і паштовак, на якіх можна пабачыць спустошаныя крэўскія краявіды, прасачыць, як пакрысе разбураліся ў ходзе баёў замак і цэрквы.

Прадстаўлены на паштоўках і карцінкі з вайсковага побыту, і этнаграфічныя замалёўкі з крэўскіх ваколіц, якія не зведалі таго разбурэння, як само мястэчка.

Нягледзячы на тое, што ў міжвеннай Польшчы, у склад якой уваходзіў і наш край, таксама выпускалася мноства розных паштовак, Крэва па нейкай прычыне засталося па-за ўвагай іх выдаўцоў. Прынамсі, на мае вочы такія не трапляліся. Відаць гэта было з-за таго, што яшчэ доўгі час пасля Першай сусветнай вайны тут панавала разруха, і нават славуты замак з-за свайго вартага жалю выгляду не цешыў вока. Праўда, калі казаць пра гістарычных асоб, якія мелі дачыненне да Крэва, то іх партрэты на паштоўках з’яўляліся нярэдка. Тое ж назіралася і ў міжваеннай Літве, гістарычна звязанай з нашым краем.

У савецкія часы калі зрэдку і з’яўляліся паштоўкі са славутымі беларускімі помнікамі даўніны, крэўскіх сярод іх, па-мойму, не было. 

Сітуацыя крыху змянілася пасля таго, як Беларусь набыла незалежнасць. У маёй невялікай калекцыі ёсць некалькі крэўскіх паштовак, выпушчаных у канцы 90-ых – пач. 2000-ых. Аўтарамі іх былі фотамастакі С. Плыткевіч і А. Кляшчук.

Але хацелася большага…

Не ведаю, ці варта лічыць сапраўднымі паштоўкамі тыя, што былі спраектаваны і выпушчаны мною асабіста саматужным спосабам з дапамогай камп’ютара і прынтара недзе ў пачатку 2010-ых. Але той факт, што многія з іх, адпраўленыя па пошце, без праблем дасягнулі сваіх адрасатаў, дазваляе адносіць іх да такіх. Зробленыя ў першую чаргу для сябе і сяброў, мае самаробныя паштоўкі разам з гэтым паспяхова рэалізоўваліся за невялікія грошы ў якасці сувеніраў і для гасцей разнастайных фестываляў, якія амаль штогод праводзіліся ў Крэве. Пазней некаторыя з маіх вырабаў можна было пабачыць сярод лотаў аднаго беларускага інтэрнэт-аўкцыёна, і цана за іх там прапаноўвалася даволі высокая. Так што і калекцыянераў яны, відаць, задавальнялі.

Найпершыя мае паштоўкі ўяўлялі з сябе выявы найбольш вядомых крэўскіх помнікаў, вартых увагі турыстаў. Захапляючыся ў той час рознымі графічнымі рэдактарамі, я можа недзе залішне выкарыстоўваў іх магчымасці, каб упрыгожыць свае працы.

На зваротным баку паштоўкі з Лялівай, якую найчасцей набывалі турысты, я змясціў даволі разгорнутую інфармацыю пра крэўскі герб (займае палову поля). Можа гэта зусім нязручна для выкарыстання карткі па прамому прызначэнню. Але ж хто ў наш час адпраўляе паштоўкі па пошце? Адзінкі. А вось данесці пэўную інфармацыю пра наш край яго госцю – справа нялішняя.

Крыху пазней з’явілася задумка падрыхтаваць серыю паштовак з выявамі страчаных крэўскіх гістарычных аб’ектаў пад агульнай назвай “Крэва. Што было, чаго няма, чаго не будзе” (9 штук). Па праўдзе кажучы, серыя мне самому падабаецца. Яна дазваляе турысту ці іншаму нашаму госцю бачыць тое, пра што падчас экскурсіі з жалем прыходзіцца казаць у прошлым часе: “Тут стаяла… Тут некалі знаходзілася…”

Мы прывыклі, што паштоўка, прызначаная для турыстаў – гэта заўсёды відок ці помнік з самага выгоднага боку – таго, з якога яго пакажуць гасцям. Аб’ект найбольш правільна асветлены. Нічога лішняга. Наогул – здымак ці малюнак для гэтай справы выконваецца па пэўных канонах , што складаліся дзесяцігоддзямі.

Ад усяго гэтага адступіў малады, але ўжо вядомы фатограф з Крэва Сяргей Гапон, ствараючы серыю з 16 паштовак “Вітанні з Крэва”. “Кананічная”, магчыма, тут толькі назва. Ва ўсім астатнім – паштоўкі даволі наватарскія і незвычайныя. Калі гэта Юрава гара – то ў не ў звыклай самоце, а з наведвальнікамі, калі царква, то не з параднага боку, а з задворкаў (але як прыгожа!), касцёл – не пры дзённым асвятленні – а ноччу, гарадзішча і дарога на Крэва – зверху…

І ва ўсім астатнім – своеасаблівы пасыл гледачам: шукайце самі – і знойдзеце прыгажосць у ардынарным: у паўпустой вясковай вуліцы, ахутанай туманам, у абшарпанай местачковай хаце, у нікому не патрэбных яблыках, што плывуць па рацэ невядома куды, у маляўнічым узоры старых драўляных дзвярэй хлява і ў вясёлым рытме дроў, нарыхтаваных на зіму…