Млыны і млынары Крэва

2 сакавіка 2019
Млын ля Юравай гары ў пасляваенны час

Ва ўсе часы млынарства было запатрабаванай і даволі прыбытковай справай, таму народны погалас часта прыпісваў тым, хто гэтым займаўся, вялікія багацці, а часам – і сувязь з нячыстай сілай, якая дапамагала тыя багацці прымнажаць і ахоўваць недзе ў засакрэчаных месцах далей ад чалавечага вока. Чарадзейства ці сувязь з нячысцікамі прыпісваліся ім яшчэ і таму, што млыны з гаспадаркамі тых, хто іх абслугоўваў, найчасцей размяшчаліся адасоблена ад паселішча і нават падаваліся ў разнастайных статыстычных даведніках асобным радком.

Крэўская зямля захоўвае гісторыі, выдуманыя і рэальныя, звязаныя з млынамі і млынарамі. Я ўжо неяк расказваў, як Міхаіл Зошчанка ў сваім апавяданні “Вікторыя Казіміраўна” апісаў “паляванне” расійскага салдата Назара Сінябрухава за скарбам крэўскага млынара, які ў час І сусветнай вайны застаўся са сваёй дачкой на лініі фронту пры гаспадарцы і пры схаваным недзе ў вядомым толькі яму аднаму месцы скарбе. Пазнаёміліся мы і з легендай пра млынарову дачку, у якую закахаўся жудасны дух з падзямелляў Крэўскага замка (Спасылка). Вялі таксама гутарку – а гэта ўжо рэальная гісторыя – і пра дзейнасць прадпрымальнага крэўскага ўрача Мікалая Крачкоўскага, які, каб мець дадатковы прыбытак, трымаў у пачатку ХХ стагоддзя пад Крэвам вадзяны млын (Спасылка).

Трэба сказаць, што ў нашай мясцовасці здаўна былі распаўсюджаны вадзяныя млыны, механізмы якіх прыводзіліся ў рух сілай вады. Такі тып збудаванняў для абмалоту зерня з’явіўся на беларускіх землях яшчэ ў ХII-ХIII стагоддзях. Ветракі ж з’явіліся тут значна пазней, а ў нашай мясцовасці звестак пра іх наяўнасць наогул не ўдалося знайсці. Вадзяныя ж млыны ўсталёўваліся на берагах рэк. Каб павысіць іх вытворчасць, перад млынамі, як тое было ў Крэве, ствараліся штучныя ставы.

Вадзяны млын побач з замкам у Крэве, 1827 г.

З інвентара Крэўскага староства за 1780 год даведваемся, што за замкам над зарослым ставам знаходзіўся млын на адно кола, пабудаваны з часанага дрэва і пакрыты дранкай. Другі драўляны млын, таксама пакрыты дранкай і на адно кола, стаяў над ставам пры мілэйкаўскай дарозе. Звесткі пра першы, што быў размешчаны бліжэй да замка, знаходзім таксама ў дакуменце за 1827 год, які мае назву “Справа аб складанні планаў і фасадаў старажытных будынкаў па Віленскай губерні і г. Вільне”. Гэты млын са ставам адлюстраваны на малюнку і плане, што прыкладаліся да дакумента. У наш час на месцы, дзе ён стаяў, студэнты-валанцёры з Мінска ўсталявалі інфармацыйны стэнд.

З двух крэўскіх млыноў да ХХ стагоддзя дайшоў толькі адзін, калі не лічыць таго, што быў пабудаваны у недалёкіх ад мястэчка Чаркасах. Належаў ён Барунскаму аддзяленню Віленскага Свята-Духава манастыра і знаходзіўся ў паўднёвай частцы Крэва, ва ўрочышчы, якое мела назву Лукі (у трохкутніку, які ўтвараюць сучасныя вуліцы Дзяржынскага і Багданаўская з трасай Мінск – Вільнюс).

Рэшткі млына ў Чаркасах пад Крэвам

Дзякуючы даведніку “Віленская губерня. Поўны спіс населеных месцаў са статыстычнымі дадзенымі аб кожным паселішчы”, выдадзенаму ў 1905 годзе, мы маем інфармацыю пра тое, у якой мясцовасці ў той час меліся млыны, хто быў іх гаспадарамі і колькі чалавек жыло пры іх. Як я ўжо казаў, гэтая інфармацыя падавалася асобна ад дадзеных пра паселішчы, да якіх млыны належалі. Такім чынам, па млынах у Крэўскай воласці статыстыка была наступнай (у дужках – колькасць жыхароў і прозвішча гаспадара (калі пададзена):

  • Багданаўка (3, Дабжынскі);
  • Крэва (2, Свята-Духаў манастыр);
  • Круглянка (3, Філіповіч);
  • Ластаі (3, Талькоўскі);
  • Ластаі (3, Крычынскі);
  • Мілэйкава , 2 млыны (9);
  • Пераходы (4);
  • Сакавічы(3, Валчанскі);
  • Чаркасы (4, Крачкоўскі).

У час І сусветнай вайны, калі Крэўская воласць была раздзёрта лініяй фронту, многія млыны былі пашкоджаны, а некаторыя – ўшчэнт разбураны. З дакумента, які захоўваецца ў Маладзечанскім занальным дзяржаўным архіве і мае назву “Спіс водных млыноў, якія былі знішчаны ў час сусветнай вайны ў Ашмянскім павеце” даведваемся, што ў Крэўскай гміне былі разбураны тры млыны: у Крэве, Чаркасах і Багданаўцы. Ад першага застаўся толькі стаў, ад двух іншых – падмуркі.

У пасляваенны час млын у Чаркасах быў адбудаваны гаспадаром наноў. Крэва ж набыло зусім іншае збудаванне для абмалоту зерня, нашмат большае па памерах, з больш сучасным абсталяваннем і ў новым месцы – ля падножжа Юравай гары . Прынцып яго працы быў ужо зусім не такім, як раней.

У 3-м томе “Гісторыі беларускага мастацтва”(1989 г.) падаецца наступная інфармацыя: “З канца ХІХ – пачатку ХХ ст. вядомы і так званыя паравыя млыны, дзе паставы праз адпаведныя перадачы рухала паравая машына, размешчаная ў асобнай прыбудове. Млын такога тыпу збярогся ў в. Крэва Смаргонскага раёна. Яго цікавым элементам з’яўляецца кансольна-бэлечны балкон у верхняй частцы галоўнага аб’ёма з пад’ёмным блокам. Сюды падавалі мяхі са збожжам, якія паступалі ў асноўнае загрузачнае памяшканне. Потым збожжа высыпалася ў “кашы”, адкуль яно паступала на жорнавыя паставы”.

Паравы млын непадалёк ад Крэўскага замка, 1930 г.

Гаворка тут вядзецца якраз пра той млын, што быў пабудаваны пасля І сусветнай вайны ля Юравай гары. Гаспадаром яго з’яўляўся яўрэй Гурвіч. Млын быў аснашчаны швейцарскім паравым рухавіком, і за год тут выпускалася больш за шэсць тысяч цэнтнераў мукі. Магутнасць рухавіка дазваляла не толькі малоць муку і вырабляць крупы, але і пілаваць дошкі, валіць шэрсць, выпрацоўваць электраэнергію. Паток жадаючых пакарыстацца паслугамі крэўскага млына ніколі не спыняўся.

Крэўскі млын, гэтак як і некаторыя іншыя, працаваў яшчэ некалькі пасляваенных гадоў. Пасля яго зачынілі. Апусцелы будынак прастаяў да 70-ых гадоў, пакуль яго не разабралі.

Былі зачынены, а пасля і разбураны млыны ў Чаркасах і Мілэйкаве. Рэшткі першага і па сёння захапляюць сваім маляўнічым выглядам.

Ад крэўскага млына да нашых дзён захавалася толькі задняя мураваная частка, ужо таксама даволі занядбаная.

Сучасны выгляд млына ля Юравай гары

Але і яна прыцягвае ўвагу турыстаў, якія прыходзяць да Юравай гары. А магло ж быць, каб ішлі менавіта да млына. Але ён, як і многія іншыя каштоўныя крэўскія помнікі, застаўся ў мінулым.